Тэхналогія “хPON”

i

На Валожынскім вузле электрасувязі праводзяць мадэрнізацыю існуючай тэлефоннай сеткі па тэхналогіі xPON.

У выніку больш чым у тысячы абанентаў горада Валожына змяніліся нумары дамашніх тэлефонаў – звыклыя дзве пяцёркі пачынаюцца лічбамі 65 і 66.

Новая тэхналогія – гэта пасіўная аптычная сетка, якая не мае актыўных энергаспажывальных кампанентаў. Раёну для яе ўкаранення выдаткаваны рэсурс нумарацыі: 5 тысяч нумароў ад 65-0-00 да 69-9-99. Адбываецца перавод медных ліній электрасувязі на валаконна-аптычныя. Пачалі з новабудоўляў па вуліцы Савецкай у райцэнтры, дзе адразу пракладвалі “валакно”. Далей замянілі кабель у некаторых шматпавярхоўках па вуліцы Партызанскай, цяпер праводзяцца работы ў мікрараёне Папоўка: тут налічваецца больш за 1000 абанентаў стацыянарнай тэлефоннай сувязі. На сённяшні дзень 700 нумароў заменены.

Ужо ідзе будаўніцтва дадзеных ліній сувязі ў шматкватэрных дамах па вуліцы Чапаева, у дамах №№ 2а, 3, 4, 6, 6а, 8, 9 па вуліцы Партызанскай, № 16 па Камсамольскай, № 26 па Пушкіна і № 4 па Савецкай – іх здача вызначана на канец жніўня. Гэтай справай займаюцца пабочныя арганізацыі з іншых раёнаў, якія выйгралі тэндар на вядзенне будаўнічых работ. Нашы ж сувязісты толькі пераключаюць нумары. Дарэчы, пры замене нумара для большай зручнасці і запамінання стараюцца захаваць тры апошнія лічбы тэлефона, а бывае, што і чатыры. Паколькі аўтаінфарматара няма, даведацца пра новы нумар абанента можна па тэлефоне 109: дастаткова назваць прозвішча і адрас.

На чарзе – раён індывідуальнай забудовы ў вёсцы Кучкуны Ракаўскага сельсавета. У планах 2018 года – шматпавярхоўкі ад 4 кватэр і больш па вуліцы Беларускай, Набярэжнай, імя М. Горкага ў Валожыне, аграгарадку Ракаў і гарпасёлку Івянец. З-за вялікіх затрат у прыватным сектары пакуль не будуць весці замену тэлефонных нумароў, аднак у перспектыве новаўвядзенне адбудзецца і там.

Як адзначылі на раённым вузле электрасувязі, асноўная перавага валаконна-аптычных ліній – забеспячэнне высокай хуткасці Інтэрнэту (да 100 Мбіт/с і вышэй), стабільная якасць лічбавай тэлефоннай сувязі і дадатковых паслуг, адсутнасць абмежавання, што, напрыклад, дазваляе падключаць да інтэрактыўнага тэлебачання ZALA па адной лініі адразу некалькі тэлевізараў з адначасовым праглядам тэлеканалаў у фармаце высокай якасці HD.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars