Вырвацца з заганнага кола…

Общество

    Каля двух дзясяткаў мужчын з ліку тых, хто мае схільнасць да парушэння грамадскага правапарадку, наведалі РАУС для выхаваўча-прафілактычнай работы.

Сустрэчу правялі падпалкоўнік міліцыі С. В. Латышаў і маёр міліцыі В. В. Жук. Яны добра ведаюць індывідуальныя шляхі ўздзеяння ў адносінах да кожнага запрошанага. Псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Жданюк дала агульныя рэкамендацыі наконт таго, як пазбегнуць канфліктных сітуацый, а таксама раздала лісткі з нумарамі тэлефонаў псіхалагічнай і юрыдычнай падтрымкі. Потым прысутным прадэманстравалі дакументальную кінастужку, у якой акцэнт зроблены на прафілактыку крымінальных учынкаў, рэцыдыву злачынстваў і барацьбу з п’янствам і алкагалізмам.

Валожынская міліцыя не выпускае з поля зроку тых, хто ўжо адзін раз аступіўся ці мае схільнасці да супрацьзаконных дзеянняў. У зоне пільнай увагі грамадзяне, якія ўчынілі і былі асуджаны за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы. З кожным годам такі кантынгент змяншаецца, што не можа не радаваць праваахоўнікаў і ўсё грамадства. Так, летась на ўліку крымінальнай папраўчай інспекцыі знаходзіліся 78 чалавек, сёлета – 58. Амаль удвая зменшылася колькасць асуджаных па цяжкіх і асабліва цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса. Сярод нас зараз пражываюць 7 чалавек, якія адбылі пакаранне за разбойнае нападзенне, забойствы, нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў са смяротным зыходам, гандаль наркотыкамі, згвалтаванне. Для сацыяльнай адаптацыі пасля турмы ім патрабуюцца юрыдычная, матэрыяльная дапамогі, а таксама прэвентыўны нагляд і кантроль, каб чалавек зноў не ступіў на “крывую дарожку”.

Нямала клопатаў дастаўляюць навакольным і тыя людзі, што выпіваюць, ладзяць сямейныя скандалы, вырашаюць канфлікты пры дапамозе кулакоў. Управу на іх знайсці можна. І гэта не толькі прыцягненне да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці. Дэбашыраў дазваляецца нават высяляць з іх уласнага жылля і пасяляць у інтэрнаце на базе былой спецкамендатуры.

Калі гаварыць аб метадах прафілактычна-выхаваўчай работы нашай міліцыі, то яны разнастайныя. Але найперш – штодзённы кантроль за схільнымі да антыграмадскіх паводзін людзьмі.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий