Сказалі эбале – не!

сказалі-эбале2

Серада, 12 гадзін дня. У аддзяленні хуткай дапамогі ЦРБ дзяжурны дыспетчар прымае званок з гасцініцы “Карона”: пастаяльцу дрэнна.

 І вось ужо машына хуткай дапамогі імчыць хворага ў кірунку інфекцыйнага аддзялення. Вадзіцель і медперсанал апрануты ў касцюмы, якія робяць іх падобнымі на іншапланецян… Медыкі, эпідэміёлагі, службы МНС і РАУС падняты на ногі – у хворага падазрэнне на вірусную гемарагічную ліхаманку…

Не, гэта не сцэнарый трылера. Але, на шчасце, і не зусім рэальнасць. Нядаўна спецыялістамі ЦРБ сумесна з РЦГіЭ праведзены вучэнні па барацьбе з асабліва небяспечнымі інфекцыямі, у тым ліку з вірусам Эбала.

Вірус Эбала вызывае вострае цяжкае захворванне, вынік якога можа аказацца лятальным. Упершыню хвароба заявіла пра сябе ў 1976 годзе ў Судане і Конга. Другі раз успыхнула ў 2014-2016 гг. у паселішчы на беразе ракі Эбала. Лічыцца, што носьбітамі віруса з’яўляюцца фруктовыя лятучыя мышы сямейства Pteropodidae. Заражэнне чалавека адбываецца ў выніку цеснага кантакту з інфіцыраванымі жывёламі, напрыклад, шымпанзэ (хворымі ці мёртвымі). Далей Эбала распаўсюджваецца ад чалавека да чалавека, калі яны кантактуюць (праз пашкоджаную скуру ці слізістую) з крывёй ці іншымі выдзяленнямі інфіцыраваных людзей, а таксама з паверхнямі і матэрыяламі (пасцельныя прыналежнасці, адзенне), якія забруджаны гэтымі вадкасцямі.

Як адзначыла ўрач-эпідэміёлаг ЦРБ Таццяна Генадзьеўна Турпакова, медыкі часта заражаюцца пры аказанні першай дапамогі пацыентам, таму заняткі для ўрачоў і фельчараў мелі дзве галоўныя мэты: па-першае, навучыцца аказваць дапамогу чалавеку з падазрэннем на небяспечную хваробу; па-другое, засяродзіць увагу на недапушчэнні заражэння і распаўсюджвання інфекцыі.

Падзеі, што разгортваліся спачатку ў гасцінічным нумары, а затым у інфекцыйным аддзяленні, былі максімальна набліжаны да сапраўдных. Галоўнага героя, што па легендзе толькі-толькі вярнуўся з Паўночнай Уганды, сыграў урач Андрэй Аляксандравіч Якіменка. Быццам бы адчуўшы першыя прыкметы заражэння (млоснасць, боль галавы, ліхаманка, высыпанне, высокая тэмпература цела, дыярэя, зніжаны артэрыяльны ціск, тахікардыя), ён звярнуўся да парцье, якая выклікала ўрача. На вызаў прыбыў загадчык аддзялення хуткай дапамогі Ілля Алегавіч Дэмбіцкі. Агляд хворага суправаджаўся неабходнымі каментарыямі, з якіх было зразумела – урач западозрыў небяспечнае захворванне, таму перш-наперш прыняў неабходныя меры перасцярогі: сабе і хвораму на твар надзеў рэспіратары, вымыў рукі пасля агляду і адразу ж вызваў спецыяльную брыгаду. Пры гэтым, паважаючы прафесійную этыку, хворага не палохаў, дыягназ пры ім не называў. Пакуль чакаў падмогу, стараўся не дапусціць абязводжвання арганізма пацыента – даваў яму піць, паставіў кропельніцу з фізрастворам (важны момант пры падазрэнні на ліхаманку Эбала). У гэты час інфармацыя па зацверджанай Міністэрствам аховы здароўя схеме перадавалася ў належныя службы і інстанцыі, уключаючы райвыканкам, галоўнае ўпраўленне аховы здароўя Мінаблвыканкама і абласны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Дарэчы, у выпадку, калі ўзнікае пагроза небяспечных інфекцый (чума, сібірская язва, халера), службамі МНС і РАУС выстаўляюцца спецыяльныя пасты з мэтай недапушчэння кантакту здаровых людзей з інфекцыяй і масавага заражэння.

Спецбрыгада прыбыла хутка. Апранутыя ў супрацьчумныя касцюмы першага тыпу, яны па ўсіх правілах праводзілі дэзынфекцыю (апрацоўваліся адзенне, рукі хворага і ўрача, асабістыя рэчы, памяшканне нумара, фае гасцініцы, аўтамабілі), транспартавалі хворага ў спецыяльны ізаляваны бокс інфекцыйнага аддзялення, дзе яго чакалі ўрач-інфекцыяніст Віталь Францавіч Сіняўскі з памочнікамі. Усе яны таксама былі апрануты ў касцюмы першага тыпу. Забор крыві праходзіў з усімі неабходнымі перасцярогамі. Узяты біяматэрыял у спецыяльным апламбаваным біксе з нарачным адпраўлены ў рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр эпідэміялогіі і мікрабіялогіі.

Кожнае дзеянне медыкаў паясняла Т. Г. Турпакова. У тым ліку папярэдзіла: хвораму з падазрэннем на падобную інфекцыю медыцынская дапамога аказваецца толькі ва ўмовах інфекцыйнага аддзялення, ні ў якім разе яго не дастаўляюць у рэанімацыю. Аддзяленне перакрываецца, бярэцца пад ахову, персанал працуе ў кругласутачным рэжыме.

Вынік праведзенай работы падведзены на нарадзе пры намесніку галоўнага ўрача ЦРБ. Альфрэд Зянонавіч Нехвядовіч з калегамі грунтоўна абмеркавалі кожны нюанс інсцэніраваных падзей. Была дадзена ацэнка дзеянням кожнай службы.

Як паведаміла выконваючая абавязкі галоўнага ўрача РЦГіЭ Ірына Юр’еўна Грыка, такія вучэнні неабходны. Падчас іх як вопытныя медыкі, так і маладое пакаленне ўрачоў і фельчараў (а гэта людзі, якія першымі ўступаюць у кантакт з носьбітам інфекцыі) маюць магчымасць абнавіць свае веды і навыкі. Карысна перыядычна трэніравацца і супрацоўнікам эпідэміялагічнай службы, ад якіх у такіх выпадках залежыць лакалізацыя інфекцыйнага ачага.

сказалі-эбале2

сказалі-эбале1

сказалі-эбале3

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars