Клапатлівыя рукі доктара

Общество

З першага дня жыцця немаўля трапляе ў клапатлівыя рукі доктара. Цэлая галіна медыцыны – педыятрыя – пільна сочыць за тым, каб дзеці раслі здаровымі і добра развіваліся.

У Валожынскай цэнтральнай раённай бальніцы другі год працуе малады спецыяліст – урач-педыятр Наталля Валер’еўна АЖАРЭЛЬЕВА. У 2016 годзе пачалася інтэрнатура, якую яна таксама адпрацавала ў Валожыне – трэба было пацвердзіць дыплом і атрымаць сертыфікат урача. З 2017 года пачалася адпрацоўка размеркавання.

Абрала прафесію яшчэ ў школе. З матэматыкай не ладзілася, але затое мела здольнасці да хіміі. Заўсёды падабалася праводзіць час з дзецьмі. Таму паступіла ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на спецыялізацыю «Педыятрыя» ў 2010 годзе.  Калі пытаюцца: «Чаму педыятрыя? Дзіцё ж не скажа, чым яно хварэе», Наталля смяецца і адказвае: «Я вучылася ва ўніверсітэце, каб ведаць і разумець».

Два курсы ў БДМУ выкладаліся агульныя дысцыпліны, з трэцяга – практыка з пацыентамі. У той час дзяўчына пачала спасцігаць асаблівасці прафесіі медыка, які прысвяціў сябе дзецям. Потым стала ўрачом-інтэрнам – важны і незаменны вопыт. Усё было ўпершыню: новыя знаёмствы, самастойныя клопаты, большы ўзровень адказнасці. Гэта непадобна на ўніверсітэцкія заняткі: тут ты адзін на адзін з пацыентам. Часам Наталля затрымлівалася на рабоце – трапляліся цікавыя выпадкі, і з імі трэба было добра папрацаваць. Але цяжка не было. Спагадлівы і добразычлівы калектыў валожынскага аддзялення педыятрыі ніколі не адмаўляў у дапамозе дзяўчыне.

Зараз Наталля выконвае абавязкі доктара і загадчыка аддзялення: адказвае за працаўнікоў, займаецца не толькі дзецьмі, але і мае справу з дарослымі –  бацькамі, сваякамі. Гэта нагрузка і вялікая адказнасць. У планах – расці прафесійна, унікаць у тонкасці справы і разбірацца ў тым, што важна.

Настасся ЛЯВІНСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий