Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Общество

Да новага навучальнага года са сродкаў раённага бюджэту будзе выплачана матэрыяльная дапамога на кожнага вучня сем’ям, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей.

У нашым раёне такую гарантаваную дзяржаўную дапамогу атрымаюць 467 сем’яў на 965 школьнікаў (папярэднія лічбы могуць крыху вагацца). Агульная сума складае 31845 рублёў: па 33 рублі на адно дзіця. Да 20 жніўня выплаты павінны былі завяршыцца.

КУП “Валожынскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання” падало заяўку ў сваю вышэй- стаячую арганізацыю – упраўленне бытавых паслуг – на ўдзел у абласным свяце “Дажынкі”, якое сёлета адбудзецца ў Смалявічах.

На свяце валожынскія бытавікі будуць прадстаўляць сваю новую калекцыю адзення – асеннія і зімовыя ўцепленыя курткі. Да гэтай падзеі ўласнымі сіламі вырабляюць прыгожую і зручную палатку.

З 1 верасня ў раёне пачне рэалізоўвацца праект “Даступныя прафесіі для моладзі ў сельскай мясцовасці”. Міжнародны грант выйграла Валожынская пярвічная арганізацыя “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам”.

Праект будзе ўвасабляцца ў жыццё на базе аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Партнёрамі па яго рэалізацыі сталі Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці, тэрытарыяльны цэнтр і ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Будуць створаны ўсе ўмовы для вырошчвання экалагічна чыстага прадукту – грыбоў вешанак. Вырашчаныя грыбы пачнуць выкарыстоўвацца для разнастайнасці абедзеннага меню саміх наведвальнікаў аддзялення, а лішкі – рэалізоўвацца.

Аддзел нарыхтовак райспажыўтаварыства поўным ходам вядзе нарыхтоўку ягад, грыбоў, гародніны. Для гэтага даводзіцца калясіць далёка за межы вобласці. Як гаворыцца, хочаш жыць – умей круціцца.

Нарыхтавалі 1 тону чарніц, хаця прагнозы сёлета былі  несуцяшальныя. Да плана, праўда, далёка. Ён быў вызначаны зусім нерэальны – 15 тон. Летась, калі ягад у лесе было дастаткова, назапасілі ўсяго 700 кілаграмаў. Сёлета гэты рубеж пераўзышлі. 800 кілаграмаў адправілі на Клецкае прадпрыемства “Гама смаку”, дзе вырабляюць дзіцячае харчаванне. Астатнія 200 кілаграмаў рэалізавалі насельніцтву. Чарніцы прадавалі ў Валожыне і на Камароўскім рынку ў Мінску. Таксама нарыхтавалі 500 кілаграмаў лісічак. Грыбы добра разыходзіліся ў райцэнтры і на Камароўцы. Бойка ідзе закуп бульбы, цана яе надзвычай задавольвае пакупнікоў. Заўсёды маюцца ў продажы агуркі, таматы, морква, буракі, капуста, цыбуля. Праўда, пакуль што большасць гародніны закупляецца ў Столінскім раёне.

Праз салон “Міласэрнасць” тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў гэтыя дні размяркоўваецца гуманітарная дапамога, дастаўленая з нямецкага горада Оберхаўзэна. Права на дапамогу маюць інваліды I і II груп, малазабяспечаныя пенсіянеры, мнагадзетныя і няпоўныя сем’і.

За ліпень і палову жніўня дапамогу атрымалі ўжо 170 мнагадзетных і 50 няпоўных сем’яў, 56 інвалідаў I групы і 68 – II групы, 64 адзінокія і адзінока пражывачыя малазабяспечаныя пенсіянеры. Прыёмныя дні ў салоне – аўторак, серада і чацвер.

На мінулым тыдні ў райцэнтры адкрыліся адразу тры новыя гандлёвыя кропкі.

Прыватны прадуктовы магазін прапісаўся на вуліцы Гагарына, у памяшканні, дзе раней месціўся філіял “Беларусбанка”. Зроблены добры рамонт, устаноўлена сучаснае абсталяванне. Магазін гандлюе мяснымі вырабамі і малочнай прадукцыяй, цыгарэтамі і хлебам, іншымі прадуктамі. Заключаны дагаворы з рознымі пастаўшчыкамі. Пасля доўгага перапынку адкрыўся нарэшце магазін у былой калгаснай канторы па вуліцы Беларускай. У аддаленым ад цэнтра мікрараёне ён надзвычай патрэбны, і патэнцыяльныя пакупнікі яго вельмі чакалі. Цяпер усё залежыць ад напаўняльнасці паліц, асартыменту тавараў. А вось “кіёск” ля ўнівермага, дзе пакуль што рэалізуецца толькі кава некалькіх сартоў і малочны кактэйль, асабіста мяне, напрыклад, не ўразіў. Гаспадар, які адкрыў гэту гандлёвую кропку, напэўна, не мясцовы. Не ўпэўнена, што напіткі будуць добра разыходзіцца. Некаторы час на першым паверсе ўнівермага працаваў аўтамат па продажы кофе і гарачага шакаладу. Мяркуючы па тым, што ён ужо не працуе, вялікай выручкі гаспадарам не прыносіў. Аднак не магу не агучыць меркаванні гараджан: сам па сабе кіёск у цэнтры Валожына не з’явіўся ўпрыгажэннем – пафарбаваны ён у надта змрочны колер…



Добавить комментарий