Лён пачаў адлік

Общество

Кіраўніцтвам вобласці пастаўлена задача ўбраць лён-даўгунец да 25 жніўня. А гэта значыць, што калектыву ААТ “Валожынскі льнокамбінат” неабходна справіцца з плошчай у 950 гектараў.

Асноўныя палеткі даўгунцу сёлета размешчаны на тэрыторыі гаспадаркі “Тарасава”. Туды зараз і камандзіраваны 15 адзінак спецтэхнікі для ўборкі паўночнага шоўку. Механізатары строга прытрымліваюцца зададзенага графіка, вызначыліся і лідары. Тон задае вопытны трактарыст прадпрыемства Уладзімір Карповіч, ад яго не адстае Сяргей Гірлоўскі, для якога ўборка лёну – справа новая.

У цэх па церабленні ўжо паступілі першыя 100 тон саломкі. Аналізуючы вырашчаны ўраджай, спецыялісты прадпрыемства адзначаюць: сёлета лён радуе лепшай урадлівасцю і якасцю. Плануецца, што асноўная яго маса будзе мець адзнаку пад нумарам 1,1. Такая сыравіна прыдатная для вырабу лепшых тканін і, зразумела, дазволіць ільнаводам мець высокую рэнтабельнасць і добры прыбытак.

Склады камбіната цалкам гатовыя да прыёму лёну. Тут разлічваюць, што нарыхтуюць яго не менш чым 3600 тон.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий