Іх маленькі сусвет

4

На гэтых людзей немагчыма не звярнуць увагу. Прыгожая жанчына, больш падобная на фотамадэль, побач – спартыўнага выгляду малады чалавек. А з імі дзве чароўныя дзяўчынкі.

Яшчэ год назад заўважыла абаяльную кампанію падчас прагулкі па горадзе. Нават паспела пазнаёміцца. Але ж да артыкула справа не дайшла, як высветлілася – на шчасце. Нядаўна сустрэліся зноў. Склад сям’і за гэты час змяніўся ў бок павелічэння – у прагулачнай калясцы мірна пасапваў 2-месячны сынок.

Падпалкоўнік Павел КОБЗАРАЎ прыбыў служыць у валожынскую часць дзесяць гадоў таму пасля заканчэння Ваеннай акадэміі. Яго радзіма – Асіповічы. Школьнікам шмат часу аддаваў спорту – займаўся баскетболам. Сур’ёзна вывучаў англійскую мову. Таму выбар пры паступленні аказаўся няпростым. З аднаго боку – карані (бацька і брат у свой час былі звязаны з арміяй) клікалі ісці ваенным шляхам. З другога – замежная мова, якой было аддадзена шмат часу і сіл, звала паступаць у лінгвістычны ўніверсітэт. Герой фільма «Афіцэры» пра афіцэрскае жыццё казаў: “Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць!” Менавіта гэтыя словы дапамаглі маладому чалавеку вызначыцца з прызваннем. Радыёэлектронная разведка дае магчымасць ваеннаму інжынеру ў поўнай ступені скарыстоўваць свой інтэлектуальны патэнцыял. Дарэчы, замежная мова ў яго справе не на апошнім месцы.

З дзяўчынай, што мае знешнасць кінадзівы, малады афіцэр пазнаёміўся выпадкова. Як сапраўдны мужчына, звярнуў увагу і на бездакорную постаць, і на шыкоўныя валасы… Але ж не сакрэт, што на Валожыншчыне прывабных дзяўчат хапае. У Таццяне ж разгледзеў яшчэ і нешта іншае. Адкрыты, трошкі насмешлівы позірк, пачуццё гумару, адсутнасць фанабэрыі. Заўважыў: дзяўчына – экстраверт, чые душа і сэрца расчынены для людзей. Яе абранніка псіхолагі хутчэй ахарактарызавалі б як інтраверта. Характар Паўла больш стрыманы. Ды і на слова ён скупаваты. Затое, як гаворыць жонка, шчодры на ўчынкі. У мужа і рукі растуць, як трэба, і фантазіі хапае, каб арганізаваць для свайго любімага трыа прыгажунь адпачынак. Дачушкі ў захапленні ад сюрпрызаў, што рыхтуе напярэдадні свят тата. Каб атрымаць падарунак, даводзіцца стаць удзельнікам незвычайных квэстаў. Любячы муж і бацька не шкадуе часу на падрыхтоўку цікавай гульні: піша запіскі, малюе схемы. У выніку задавальненне становіцца двайным: і з заданнем справіліся, і падарунак займелі.

Таня да замужжа зрабіла спробу атрымаць адукацыю ў адным з прэстыжных ВНУ сталіцы. Хто ведае, магчыма, калісьці гэту справу яна давядзе да лагічнага завяршэння – дыплома інжынера-эканаміста. Пакуль жа яе больш прываблівае педагогіка. Яшчэ нядаўна працавала ў дзіцячым садку. Адзін з сацыяльных статусаў шматдзетнай маці – студэнтка. За плячамі – чатыры курсы педуніверсітэта.

Дачушцы Юлі дзевяць гадоў. У шмадзетных сем’ях першынец заўсёды рана становіцца дарослым. І ў іх выпадку гэта так. Дзяўчынку хутчэй прымеш за сястрычку Таццяны. Адказнасць, самастойнасць, разважанні – на ўзроўні дарослага. Пяць гадоў таму, сама дзяўчо, узяла “пад крыло” малодшую сястру. Што ж казаць пра браціка! Яго даглядае, як сапраўдная нянька. Кацюша таксама добра ўсведамляе, што стала старэйшай. А як жа: Паўлік і для яе – маленькі. Дзяўчынцы цікава быць адначасова і старэйшай, і малодшай.

Трое дзяцей – не менш! Такім свой будучы “маленькі сусвет” дзесяцігоддзе назад уяўлялі юныя жаніх і нявеста. Таму нельга сказаць, што ўсё ў іх лёсе – выпадкова. Няхай даруюць мне іншыя жанчыны і мужчыны, якія рашыліся на стварэнне вялікай сям’і, але Кобзаравы – асаблівыя. Яны сучасныя, цікавыя адзін аднаму, сваім дзецям, сябрам, знаёмым і нават незнаёмым людзям. Абое маюць выдатную фізічную форму, дарэчы, прыкладаюць для гэтага пэўныя намаганні. Шмат чытаюць, як вынік – шмат ведаюць. Маладая пара заклапочана, каб дзеці развіваліся гарманічна. Часта праводзяць тэматычныя сямейныя дні.

Ім справа – да ўсяго. Перажываюць нават за будучыню роднай мовы. Каб унесці свой уклад у яе захаванне, часцей стараюцца размаўляць з дзецьмі і між сабой па-беларуску. Паралельна тата займаецца з дочкамі англійскай мовай. Што тычыцца кухні, для іх яна не месца, дзе змучаная хатнімі клопатамі жанчына спачатку кожнага накорміць, а пасля, засынаючы на нагах, мые посуд. Яны ўсё робяць разам. Асаблівага размеркавання абавязкаў няма. Хто паспявае, той і бярэ на сябе тую ці іншую справу. Павел нават кухарыць спрабаваў. Але Таня, якая з дзяцінства прывыкла есці смачна (бабуля – повар), яго стравы забракавала. А вось Юля – на кухні сапраўдная памочніца, ды і Кацюша апошнім часам стала прасіць, каб і яе ўзялі ў кампанію “вясёлых кухараў”.

А што Павел Паўлавіч? Самы доўгачаканы член дружнай сям’і пакуль проста з задавальненнем прымае любоў і клопат, якімі атуляюць яго старэйшыя. Хлопчык прыйшоў у “сыграную каманду”, але ж з цягам часу абавязкова дабавіць у яе ўклад новыя правілы, узбагаціць сваёй адметнасцю.

Хацелася б пазбегнуць банальнасцей, аднак не магу ўтрымацца, каб не падзяліцца высновай, што сама сабой нарадзілася ў думках пасля таго, як правяла некалькі гадзін у кампаніі пецярых чалавек: “Сям’я шчаслівая тады, калі кожны ў ёй шчаслівы. Шчасце ж магчыма, калі ёсць узаемапавага. А для гэтага патрэбна, каб кожны ў першую чаргу паважаў сябе”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars