Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

У бягучым годзе ў гасцініцы “Карона” спыняліся на адпачынак жыхары не толькі нашай рэспублікі, але і іншых краін, якія праязджалі праз Валожын ці наведвалі раён па службовых справах. Сярод іх былі грамадзяне Расіі (больш за ўсё), Аўстраліі, Польшчы, Украіны, Балгарыі, Германіі, Славакіі, Латвіі, Літвы, Эстоніі.

Для турыстычных груп звыш 10 чалавек адміністрацыя гасцініцы ўстанавіла скідкі 10 працэнтаў. Таксама са жніўня прадугледжаны скідкі ў памеры 50 працэнтаў для ваеннаслужачых тэрміновай службы пры прадастаўленні пасведчання аб звальненні на гэты дзень. У гасцініцы абсталяваны два нумары люкс для маладажонаў. Скідкай у 20 працэнтаў у шлюбную ноч ужо скарысталіся 10 маладых пар.

 

З дапамогай дабрачыннай нямецкай арганізацыі, якую ўзначальвае добра вядомы ў раёне чалавек Герхард Крамер, да новага навучальнага года дашкольныя ўстановы Валожыншчыны ўмацавалі матэрыяльна-тэхнічную базу. Каля 4 тысяч рублёў ахвяравалі немцы на патрэбы дзіцячых садоў.

У дзіцячых садах № 6 “Вясёлы вулей” і № 3 “Пралеска” з’явіліся гульнявыя дапаможнікі і абсталяванне, у яслях-садзе “Сонейка” Ракава – новы халадзільнік, у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці “Расінка” – некалькі новых міжпакаёвых дзвярэй. Дзіцячыя сады № 2 “Вясёлка” Валожына і “Лесавічок” Івянца набылі за выдзеленыя грошы наўтбукі з праграмным забеспячэннем і прасы.

     З 23 жніўня прыступіла да работы новы начальнік аддзялення паштовай сувязі “Вішнева” Таццяна Мікалаеўна Варабей. Таксама ў жніўні новы чалавек – Лідзія Антонаўна Журавец – узначаліў аддзяленне сувязі “Сакаўшчына”.

Сёння пад іх кіраўніцтвам працуе ўсяго па адным паштальёне. На астатнія ўчасткі, у аддаленыя вёскі, арганізавана мотадастаўка паштовай карэспандэнцыі і тавараў. Аднак хапае работы ў начальніка непасрэдна ў аддзяленні, куды прыходзяць людзі. Асабліва адказны час – падпісная кампанія.

У спякотныя жнівеньскія дні на плошчы райцэнтра, побач з кіёскам, дзе таргуюць піражкамі, аддзел грамадскага харчавання райспажыўтаварыства арганізаваў продаж квасу, які дастаўляюць у 30-літровых кегах з Маладзечанскага піўзавода “Крыніца”.

Літаральна за некалькі дзён былі рэалізаваны 4 кегі. Завезены новыя. Прадаваць прахаладжальны напітак будуць да таго часу, пакуль трымаецца спрыяльнае надвор’е. Квас адпускаецца пакупнікам у шклянкі ёмістасцю 0,2 і 0,5 л, а таксама ў пластыкавыя бутэлькі.

    У другой палове жніўня ў вёсцы Сівіца, у наваколлях Івянца, вёсцы Вуглы, ва ўрочышчы Вялае, дзе знаходзяцца рэшткі рэзідэнцыі графа Тышкевіча, у зоне адпачынку возера Пагарэлка праходзілі здымкі кліпа на новую беларускамоўную песню групы “Дразды” – “Вёска”.

Сацыяльны кірунак кліпа быў на вясковую моладзь, будучае вёскі. Мясцовыя школьнікі і студэнты, працаўнікі гаспадаркі з задавальненнем сталі героямі роліка, дапамагалі ўвасобіць песню свайго земляка Віталія Карпанава. Прыгожа глядзяцца кадры з дзецьмі на возе, з кастром, калі там смажыцца галоўны прысмак – сала на прутках, маляўнічымі мясцінамі, мілымі сэрцу музыканта. Хутка адбудзецца прэм’ера.

 

З 15 мая праходзяць гульні першынства Мінскай вобласці па футболе сярод юнакоў 2005 года нараджэння, у якім удзельнічаюць 9 каманд. Пасля дзесяці гульняў каманда Валожына займае шостае месца.

Трэба адзначыць, што сярод нашых землякоў усяго некалькі ігракоў 2005 года нараджэння, астатнія маладзейшыя. Аднак такая “абкатка” юным футбалістам таксама неабходна. 22 жніўня на стадыёне “Сельгастэхніка” выхаванцы А. П. Кавязы ўнічыю сыгралі з ФШ “Дарміна” (Смалявіцкі раён). Тры галы ў нашай камандзе забіў капітан Ягор Казлоў, адзін – Алег Сташкевіч з Багданаўскай СШ. Наступная гульня ў нашай каманды – з равеснікамі з Крупскага раёна.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars