Жывуць Дубоўцы

i

Пасля рэарганізацыі Дорскі сельсавет павялічыўся, і зараз сюды ўваходзяць 44 населеныя пункты. Тут пражываюць паўтары тысячы чалавек, палова з іх – людзі працаздольнага ўзросту.

Жыхары пра чысціню і парадак у сваіх вёсках дбаюць. Сёлета з іх дапамогай былі знесены 12 старых будынкаў, пры ўездзе ў аграгарадок Доры ўстаноўлены праваслаўны крыж. У ажыццяўленні кожнай добрай задумкі садзейнічаюць мясцовыя ўлады. Старшыня сельвыканкама Р. Б. Іваноўская і кіраўнік спраў С. В. Жыдовіч у гэтай мясцовасці не чужакі і робяць усё магчымае, каб жыццё на Доршчыне не затухала, каб родная зямля багацела і прыгажэла.

Па ўсім відаць, што знікненне не пагражае такой невялічкай вёсачцы, як Дубоўцы. За апошні час тут з’явіліся некалькі новых дамоў, развіваецца прыватны бізнес: сельскагаспадарчы, станцыя тэхнічнага абслугоўвання.

Дзякуючы прыезджым навасёлам (а гэта ў асноўным былыя сталічныя жыхары), старыя падворкі і дамы набылі сучасны выгляд, ваколіцы таксама радуюць дагледжанасцю. Напрыклад, Раіса Мечыславаўна Шыбко шмат гадоў пражыла ў Мінску і была ўпэўнена, што назаўсёды застанецца гараджанкай. Да слоў маці, якая гаварыла: “Дачушка, вось пабачыш, вернешся на бацькаўшчыну…”, ставілася крытычна. Аднак выйшла менавіта так. Услед за Раісай Мечыславаўнай у Дубоўцы пераехаў і яе муж Святаслаў, мінчанін у 7-м пакаленні. Узяўшы з іх прыклад, перасяліліся з вялікага горада і іншыя сваякі. Жывуць зараз усе ва ўпарадкаваных уласнымі рукамі будынках, садзяць агароды, частуюць дзяцей і ўнукаў дарамі шчодрых садоў і прызнаюцца, што адчуваюць сябе і фізічна, і духоўна шмат лепш, чым у шумнай шматпавярхоўцы.

“Прызямліліся” ў Дубоўцах і выхадцы з іншых мясцовасцей. Прыжыліся, паспяхова асвоілі земляробства, а яшчэ знайшлі сваю нішу ў сферы прыватнага бізнесу. Так, двое пенсіянераў забяспечваюць прадпрыемствы лёгкай прамысловасці цвікамі, фурнітурай з каляровых металаў, іншымі дробнымі дэталямі, выпуск якіх не наладжаны ў прамысловых маштабах.

Не ўсялякая вёска ў раёне сёння можа пахваліцца такой насычанай рэчаіснасцю. У кожнага поспеху некалькі прычын. Дубоўцы ажываюць, дзякуючы блізкасці да сталіцы, да аўтамабільнай шашы рэспубліканскага значэння. А можа, людзей прыцягваюць векавыя дубы, ад якіх, відаць, і пайшла назва вёскі.

Тутэйшыя дубы вызначаюцца спрытам лавіць маланкі. Не было таго года, каб падчас навальніцы якая-небудзь бліскавіца не ўдарыла ў верхавіну волата. Вось і дуб, што расце насупраць двара сям’і Шыбко, “пазмагаўся” неяк з нябеснай электрычнасцю. Пакалечыўся, але выжыў.

Цікава, што ля падножжа магутных дрэў ляжаць старыя вялізныя валуны. Хацелася б, каб нават тады, калі на вясковай вуліцы з’явіцца новы асфальт, гэтыя рэліктавыя сведкі захаваліся як сімвалы адметнасці і даўніны.

Немагчыма не ўзгадаць яшчэ адну асаблівасць Дубоўцаў. У гады ваеннага ліхалецця вёска была спалена, многа мірных жыхароў загінула. Дзесяць гадоў было бацьку Раісы Мечыславаўны, калі фашысты пачалі карную аперацыю. Ён разам з маці не паспеў уцячы з дому. Калі ў хату ўвайшоў нямецкі салдат, думалі, што вось яна – смяротная часіна… Гітлеравец вывеў іх за парог, паказаў на жытняе поле, махнуў рукой і закамандаваў: “Шнэль! Шнэль!..” Маці з сынам паслухаліся, пабеглі хавацца ў збажыну, а немец выпусціў паверх іх галоў кулямётную чаргу. Так і ўратаваліся.

А вось сваячкам Ганне, Марылі і Юзі Токар не пашанцавала. Яны прытаіліся  ў хляве, але былі знойдзены фашыстамі і спалены. Костачкі гаротных жанчын суседзі пахавалі прама ў вёсцы, на пагорку, непадалёк ад месца іх гібелі. Да сённяшняга дня астанкі так і пакояцца. Сціплая брацкая магілка абгароджана, імёны бязвінных ахвяр высечаны на абеліску ў Дорах. А ў роднай вёсцы яны засталіся побач з жывымі назаўсёды…

Алена ЗБІРЭНКА

Фота Сяргея САДОЎСКАГА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars