Бяспека дзяцей на дарозе – клопат дарослых!

Пад такім дэвізам 25 жніўня на тэрыторыі Мінскай вобласці прайшоў адзіны Дзень бяспекі дарожнага руху.

З 25 жніўня па 5 верасня Дзяржаўтаінспекцыя Рэспублікі Беларусь праводзіць спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Увага – дзеці!».

Паважаныя бацькі! Вам неабходна прыняць усе меры, каб не дапусціць няшчасных выпадкаў з дзецьмі! Будзьце ім прыкладам на дарозе! Не пакідайце іх без нагляду. Святлоадбівальныя элементы на вопратцы, абутку дапамогуць вадзіцелю загадзя звярнуць на дзіця ўвагу, а значыць, вадзіцель будзе мець магчымасць прыняць меры для тармажэння або экстраннага спынення.

Асобная тэма – мабільныя тэлефоны і навушнікі. Дабіцеся таго, каб дзіця, знаходзячыся паблізу або на праезнай частцы, не размаўляла па тэлефоне і не слухала музыку ў навушніках, бо гэта адцягвае яго ўвагу. Часцей нагадвайце дзецям, як паводзіць сябе на дарозе і ў транспарце!

    Паважаныя вадзіцелі! Згодна з п. 166.9 ПДР, у перыяд правядзення спецыяльнага комплекснага мерапрыемства неабходна ўключыць блізкае святло фар падчас руху ў светлы час сутак. У абавязковым парадку перавозьце дзяцей толькі прышпіленымі рамянямі бяспекі, а для дзяцей малодшага ўзросту выкарыстоўвайце спецыяльныя ўтрымліваючыя прылады!

 

Праблема дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму на сённяшні дзень застаецца актуальнай. З пачатку года зарэгістраваны 32 ДТЗ (2016 – 55) з удзелам непаўналетніх, у выніку якіх 2 дзяцей загінулі (2016 – 4) і 34 (2016 – 54) траўмаваныя. 12 ДТЗ (2016 – 24) адбыліся з удзелам дзяцей-пасажыраў, 11 (2016 – 23) – з удзелам дзяцей-пешаходаў, з удзелам дзяцей-веласіпедыстаў – 8 ДТЗ (2016 – 7), 1 ДТЗ з удзелам вадзіцеля (2016 – 1). 12 ДТЗ (2016 – 17) адбыліся па віне саміх дзяцей.

З удзелам дзяцей-пешаходаў зарэгістравана 11 ДТЗ, у выніку якіх 2 дзяцей загінулі, 10 – атрымалі траўмы. 7 ДТЗ учынены па віне дзяцей. Памылкі непаўналетніх пешаходаў, што сталі прычынамі ДТЗ:

пераход праз праезную частку па-за пешаходным пераходам;

нечаканы выхад з-за транспартнага сродку або іншых перашкод, якія абмяжоўваюць агляд вадзіцелю;

знаходжанне на праезнай частцы без суправаджэння дарослых.

Акрамя таго, праблемай застаюцца наезды на пешаходаў на пешаходных пераходах.

Памятаць пра Правілы дарожнага руху і быць уважлівымі павінны не толькі дзеці, але і іх бацькі. Бо менавіта дарослыя часцей ствараюць небяспечныя сітуацыі для сябе і сваіх дзяцей. У гэтых выпадках пакутуюць дзеці-пасажыры. З пачатку года на тэрыторыі вобласці адбыліся 12 ДТЗ з удзелам дзяцей-пасажыраў, у якіх 16 дзяцей атрымалі траўмы. У 6 здарэннях пацярпелыя дзеці не былі прышпілены рамянямі бяспекі, а малалетнія пасажыры знаходзіліся ў салоне аўтамабіля без спецыяльных аўтакрэслаў.

    Згодна з п. 178 ПДР, перавозка дзяцей у легкавым аўтамабілі, абсталяваным рамянямі бяспекі, павінна ажыццяўляцца з выкарыстаннем:

дзіцячых утрымліваючых прылад, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці, – ва ўзросце да пяці гадоў;

дзіцячых утрымліваючых прылад, што адпавядаюць вазе і росту дзіцяці, іншых сродкаў (бустараў, спецыяльных падушак для сядзення, дадатковых сядзенняў), якія дазваляюць бяспечна прышпіліць дзіця з дапамогай рамянёў бяспекі, прадугледжаных канструкцыяй транспартнага сродку, – ва ўзросце ад пяці да дванаццаці гадоў.

Дапускаецца перавозіць дзяцей ва ўзросце да дванаццаці гадоў без выкарыстання названых у частцы першай гэтага пункта прылад у выпадку, калі рост дзіцяці перавышае 150 сантыметраў, а таксама ў аўтамабілі-таксі.

Забараняецца перавозка дзяцей на пярэднім сядзенні легкавога аўтамабіля з выкарыстаннем дзіцячых утрымліваючых прылад, што адпавядаюць вазе і росту дзіцяці, спінка якіх развернута да лабавога шкла транспартнага сродку, калі пярэдняе сядзенне мае падушку бяспекі, за выключэннем выпадку, калі механізм франтальнай падушкі бяспекі адключаны.

Варта адзначыць, што заканадаўствам прадугледжаны абавязак выкарыстання не толькі так званых «дзіцячых крэслаў», але і іншых прылад, якія дазваляюць бяспечна прышпіліць дзіця з дапамогай штатных рамянёў бяспекі.

Паважаныя вадзіцелі! Ад сітуацыі, якая раптам можа ўзнікнуць на дарозе, не застрахаваны ніхто. Паклапаціцеся загадзя аб сваіх пасажырах. Перавозьце дзяцей толькі ў спецыяльных утрымліваючых прыладах, прасачыце за тым, каб і ўсе дарослыя былі прышпілены рамянямі бяспекі. За парушэнне правіл перавозкі дзяцей у адпаведнасці з ч. 5 арт. 18.14 КоАП Рэспублікі Беларусь у дачыненні да вадзіцеля накладаецца адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе папярэджання або штрафу ў памеры да 4 БВ.

З пачатку года зарэгістраваны 8 ДТЗ з удзелам дзяцей-веласіпедыстаў, прычым 6(!) ДТЗ адбыліся па віне саміх жа веласіпедыстаў. Няведанне Правіл і няўважлівасць дзяцей, а таксама знаходжанне дзяцей-веласіпедыстаў да 14-гадовага ўзросту на дарогах агульнага карыстання без суправаджэння дарослых прыводзяць да непрыемных выпадкаў на дарозе.

У гэтым годзе зарэгістравана 1 ДТЗ з удзелам непаўналетняга вадзіцеля мотатранспарту.

У выпадку выяўлення супрацоўнікамі міліцыі фактаў парушэння ПДР непаўналетнімі ў дачыненні да бацькоў могуць быць складзены адміністрацыйныя пратаколы па арт. 9.4 КоАП Рэспублікі Беларусь.

Сяргей ЛАТЫШАЎ,

намеснік начальніка РАУС

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars