Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

З 21 па 25 жніўня ў нямецкім горадзе Брэмен у рамках праекта “Валожын без бар’ераў” знаходзілася прадстаўнічая арганізацыя на чале з намеснікам старшыні райвыканкама П. І. Бібікам.

У складзе дэлегацыі былі таксама галоўны архітэктар раёна Д. А. Сярэдзіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Л. В. Садоўскі, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Г. Ф. Рай, намеснік начальніка па спорце аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Башаркевіч і партнёры па праекце. Мэты візіту – навучальная і адукацыйная, знаёмства з умовамі, створанымі для інвалідаў, безбар’ерным асяроддзем Брэмена. Заўсёды лепш адзін раз убачыць на свае вочы, чым сто разоў пачуць…

З 24 па 30 жніўня ва ўнівермагу райцэнтра праходзіць сацыяльная акцыя “Скрынка дабрыні”.

Збор рэчаў і школьна-пісьмовых прылад прызначаны для вучняў Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната. Скрынка ўстаноўлена на другім паверсе магазіна ў аддзеле “Дзіцячыя тавары” (былым аддзеле “Кнігі”). Кожны пакупнік можа праявіць дабрыню і спагаду і набыць на любую суму рэчы, патрэбныя школьнікам на працягу навучальнага года.

 

Не толькі куранят па восені лічаць. У гэтыя дні свой ураджай збіраюць таксама і пчаляры. Вядзецца адпампоўванне духмянай прадукцыі ў Валожынскім лясгасе, дзе налічваецца 131 пчоласям’я.

Лясгасаўскі пчальнік шмат гадоў размешчаны ва ўрочышчы Клім на тэрыторыі Вішнеўскага лясніцтва. Даглядаюць за вялікай пчалінай сям’ёй пчаляры Галіна Мечыславаўна Стасяловіч і Вітольд Уладзіміравіч Завадскі. Працаўніцы-пчолкі прапісаны там не пастаянна. Некалькі апошніх гадоў яны вандруюць на колах у пошуках меданосаў. І гэта ў прамым сэнсе слова. Для качавання набыты 4 прычэпы (летась было 3). Мёд з рапсу пчолы збіралі ў Іўеўскім раёне, а з грэчкі – ля вёскі Дубіна ў нашым. Ужо адкачалі 1 тону 100 кілаграмаў мёду. Аднак гэта яшчэ не канчатковая лічба. Прадукцыя адразу фасуецца ў літровыя пластыкавыя вядзерцы. У першую чаргу мёд рэалізуецца сваім работнікам. Будуць прадаваць яго і жыхарам раёна, гандляваць на шматлікіх асенніх кірмашах за межамі Валожыншчыны.

З 32-х членаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК практычна ў паловы ўжо маюцца ўласныя зборнікі твораў, не ўлічваючы калектыўныя.

У сталічнае выдавецтва “Чатыры чвэрці”, з якім “Рунь” супрацоўнічае на працягу многіх гадоў, перададзены рукапісы кніг яшчэ двух нашых землякоў. Першая кніга Сяргея Сяргеевіча Маляўскага будзе называцца “Дума аб Бацькаўшчыне”. У яе ўвойдуць паэма, вершы аўтара, а таксама яго шматлікія пераклады твораў С. Ясеніна. Людміла Краснадубская свайму першаму паэтычнаму зборніку дала назву “Шляхам жыцця”. Новыя выданні павінны ўбачыць свет да канца бягучага года.

На мінулым тыдні ў Навагрудку ў парафіі пры касцёле Святога Міхала Арханёла прайшла музычная майстэрня для дзяцей, моладзі і дарослых.

Да ўдзелу запрашалася моладзь і з іншых парафій. Сустрэчы праводзілі ўдзельнікі музычнай супольнасці UbiCaritas з Івянца на чале з духоўным кіраўніком айцом Яўгенам Голубам, а таксама мясцовыя навагрудскія музыкі. Трэба адзначыць, што ў Івянцы набыты вялікі вопыт па правядзенні такіх музычных майстэрняў. У суботу 26 жніўня ў парафіяльным касцёле адбыўся заключны канцэрт, а ў нядзелю – святая імша з музычна-літургічным суправаджэннем удзельнікаў і арганізатараў.

Работнікі Дубінскога сельскага Цэнтра культуры 19 жніўня арганізавалі для жыхароў раёна паездку ў Гродна на Аўгустоўскі канал.

Аўтобус для падарожжа выдзеліў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Прагулка на цеплаходзе “Нёман” на працягу гадзіны па канале, наведванне музея на яго тэрыторыі, катанне на катамаранах і адпачынак ля воднай гладзі пакінулі незабыўнае ўражанне.

Па турыстычным маршруце “З гісторыяй, з культурай, з намі”, распрацаваным нашымі работнікамі культуры, у суботу вандравалі члены прафсаюза раённага вузла электрасувязі.

Многія з іх адкрылі для сябе прыгажосць навакольных мясцін і цікавыя факты з багатай гісторыі асобных населеных пунктаў Валожыншчыны.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars