“Бізнес” высокага градуса

Узмоцненая барацьба з самагонаварэннем у нашым раёне вядзецца ўжо не адзін год. Вынік ёсць. Напрыклад, мінулі часы, калі ледзь не ў кожным доме гналася гарэлка, у лясах чадзілі шматлікія “гажэльні”, працвітаў як оптавы, так і рознічны самагонны гандаль, а Валожыншчына мела славу гарэлачнай сталіцы. Цяпер гаварыць аб самагонаварэнні як масавай з’яве нельга. Аднак цалкам вытравіць гэту бяду ўсё яшчэ не ўдаецца.

За апошнія месяцы да адміністрацыйнай адказнасці за незаконны абарот алкагольнай прадукцыі прыцягнуты 68 чалавек, некаторыя з іх – паўторна. Заканадаўства дазваляе прымяняць да такіх правапарушальнікаў жорсткія меры: штраф у памеры да 30 базавых велічынь. Супрацоўнікамі міліцыі сёлета выяўлены 9 самагонных апаратаў, канфіскаваны і знішчаны 3460 літраў брагі і 556 літраў высакаградуснай прадукцыі.

Пастаянна, згодна з распрацаваным графікам, участковыя інспектары міліцыі праводзяць праверкі на сваіх адміністрацыйных участках з мэтай выкаранення п’янства, незаконнага вырабу і збыту алкаголю. Не застаюцца ўбаку ад гэтай праблемы і супрацоўнікі іншых аддзелаў РАУС.

Нядаўна прадстаўнік службы ДАІ спыніў у вёсцы Доры легкавую машыну, якой кіраваў жыхар Маладзечна. Пры аглядзе аўтамабіля міліцыянер заўважыў ёмістасці з вадкасцю. З іх даносіўся характэрны пах. Як будзе ўстаноўлена пазней, мужчына ў той раз перавозіў 500 літраў брагі.

Затрыманы аказаўся вядомым на Маладзечаншчыне самагоншчыкам. Ён неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, але развітвацца з крымінальным “бізнесам” не жадаў. Паколькі ў сваім раёне ён знаходзіўся пад шчыльным “каўпаком” у міліцыі, то рашыў перавезці вытворчасць у іншае месца. Відаць, спадзяваўся, што пазбегне кантролю, і такім чынам яго справа не толькі раскруціцца, але і выйдзе на новы, больш магутны віток.

У Шараях жыла пажылая цётка самагоншчыка. На падворку ў сваячкі стаялі гаспадарчыя пабудовы, дзе якраз і можна размясціць “цэх” са змеявіком, прыхаваць бочкі з гатовай прадукцыяй. Доўга ўгаворваць пажылую жанчыну не прыйшлося: паабяцаў нядрэнную прыбаўку да пенсіі, яна і паквапілася. Але план па абагачэнні не спрацаваў. Нават наадварот адбылося. За выраб і захоўванне самагону ў адносінах да жанчыны склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні і пакаралі штрафам у памеры 230 рублёў.

Алена ЗБІРЭНКА

Фота прадастаўлена РАУС

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars