Птушка ў аб’ектыве

4

У рамках праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” Валожынскім сельвыканкамам рэалізуецца ініцыятыва “Птушка ў аб’ектыве”, якая карыстаецца падтрымкай ПРААН і фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.

З цікавай ідэяй выступіў гаспадар аграсядзібы “За масточкам” Дзмітрый Віктаравіч Наканечны. Ён жа з’яўляецца адным з сацыяльных партнёраў праекта і мае паўнамоцтвы каардынатара. Актыўны ўдзел у ажыццяўленні цікавай задумы прымаюць ДУА “Сакаўшчынскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа імя В. А. Каваленкі” і ДУ “Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”. У свой час гэта ініцыятыва была выбрана першай са 126 на конкурснай аснове і атрымала грант у памеры 12418 еўра.

Нядаўна на базе аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН адбыўся семінар “Бёрдвотчынг – новы від экалагічнага турызму”. На сустрэчу запрасілі наведвальнікаў аддзяленняў дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і для маладых інвалідаў, супрацоўнікаў цэнтра. Была сфарміравана экспертная група, кожны прадстаўнік якой даводзіў да ўдзельнікаў інфармацыю па сваім профілі.

І. В. Кавяза – загадчык аддзялення дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту ТЦСАН – падрыхтавала для сваіх падапечных папулярную інфармацыю аб стане развіцця аграэкатурызму ў рэспубліцы і, у прыватнасці, на Валожыншчыне. Раён у азначаным кірунку займае лідзіруючую пазіцыю ў вобласці. Гаспадары аграсядзіб прапаноўваюць свае крэатыўныя прадукты. У бягучым годзе іх паслугамі скарысталіся больш за 15000 чалавек, з іх 2000 – госці з замежжа. Адметнасць валожынскіх сядзіб у тым, што кожная з іх можа задаволіць патрэбы турыстаў з розным узроўнем даходаў. Вялікая ўвага надаецца стварэнню безбар’ернага асяроддзя для адпачываючых з абмежаванымі магчымасцямі, пажылых людзей.

Дзмітрый Наканечны выступіў са справаздачай аб рэалізацыі запланаваных мерапрыемстваў. У належны тэрмін многія пункты, прапісаныя ў праекце, выкананы. Сумесна са школьнікамі, настаўнікамі, супрацоўнікамі і наведвальнікамі аддзяленняў ТЦСАН была падрыхтавана пляцоўка для будаўніцтва назіральнай альтанкі. Збудаванне ўзведзена па спецыяльным праекце, які прадугледжвае ўсё неабходнае для назірання за птушкамі. Рознаўзроўневы падаконнік дазволіць любавацца наваколлем людзям любога росту. Прадугледжаны таксама прыборы: біноклі, фота- і відэакамеры, камп’ютар.

Віталь Валер’евіч Сафон – кандыдат біялагічных навук, дацэнт (выконваючы абавязкі загадчыка) кафедры заалогіі біялагічнага факультэта БДУ – не першы раз выступае экспертам падчас рэалізацыі падобных ініцыятыў. Спецыяліст пазнаёміў зацікаўленых асоб з перавагамі новага даступнага для кожнага жадаючага віду экалагічнага турызму. Бёрдвотчынг – гэта модны, прыгожы і карысны занятак. Еўрапейскае грамадства даўно ацаніла такі спосаб яднання з прыродай. Найбольш папулярны ён у тых, хто сёння знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

Як адзначыў старшыня Валожынскага сельвыканкама Дзмітрый Казіміравіч Карачун, раённыя ўлады гатовыя аказваць усебаковую падтрымку любым сацыяльна значным праектам, асабліва тым, якія будуць спрыяць рэалізацыі творчых памкненняў людзей паважанага ўзросту і людзей з інваліднасцю.

У бліжэйшых планах суполкі аднадумцаў – цікавыя мерапрыемствы і далейшае ўдасканаленне сумесна ўзведзенай базы для назірання за птушкамі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars