Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

З 1 жніўня прызначаны новы дырэктар у Чэхаўшчынскую дапаможную школу-інтэрнат. Павел Леанідавіч ХІЛЬКЕВІЧ да гэтага часу працаваў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 1 г. Валожына.

Новы дырэктар скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя М. Танка па спецыяльнасці “Геаграфія і біялогія”. Пачынаў сваю працоўную дзейнасць у Яршэвіцкім ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа, у гімназіі працаваў з 2015 года.

6-7 верасня ў Валожыне пройдзе ХХХI абласны конкурс повараў, афіцыянтаў і кандытараў, у якім, па папярэдніх заяўках, прымуць удзел больш за сорак прафесіяналаў з раённых спажывецкіх таварыстваў Міншчыны.

Конкурсныя выпрабаванні разгорнуцца на базе рэстарана “Іслач” і сталовай, кандытарскага цэха кулінарнага камбіната. 6 верасня ўсіх наведвальнікаў рэстарана, якія прыйдуць туды ўвечары, будуць абслугоўваць канкурсанты – повары і афіцыянты. Любы жыхар райцэнтра можа ў гэтыя дні азнаёміцца з сервіроўкай сталоў удзельнікамі, іх кулінарнымі вырабамі. Будзе арганізавана выстаўка вясельных тартоў, што было дамашнім заданнем для кандытараў. Да такой значнай падзеі зроблены касметычны рамонт у сталовай, пераабсталявана пасудамыйка, змяніўся інтэр’ер абедзеннай залы: набыты новыя шторы, вітрына для халодных страў і закусак, устаноўлена новая прыгожая рашотка, якая аддзяляе залу ад месца раздачы ежы.

Працягваецца ўсебеларуская дабрачынная акцыя “У школу разам!” па лініі Таварыства Чырвонага Крыжа.

На яе адгукнуліся і жыхары горада, і індывідуальныя прадпрымальнікі, гаспадары прыватных магазінаў. Ніхто не застаўся ўбаку, ахвяравалі грошы, новыя рэчы, прыносілі і ўжыванае школьнае адзенне і абутак. Больш чым на 100 рублёў рэчаў перадала для трох юнакоў-сірот з прафесіянальнага сельскагаспадарчага ліцэя С. І. Бычкоўская – гаспадыня магазіна “Люстэрка”. Гэта былі кашулі, джынсы, красоўкі, бялізна. Шчодра прынялі ўдзел у акцыі ўладальнікі магазінаў “Аўтазапчасткі” па вуліцы Савецкай, “Вясёлка”, “Максім”, а таксама Сяргей Бразінскі, Сяргей Макоўскі, Анастасія Казакевіч і іншыя. Адзін з наведвальнікаў крамы ў С. Макоўскага Яўген Іода, даведаўшыся пра акцыю, дастаў з кішэні 20 рублёў і перадаў іх у скарбонку. Такім чынам сабраны 120 рублёў для выхаванцаў аддзялення сацыяльнага прытулку. Знойдуць сваіх уладальнікаў 18 адзінак новага аддзення, 240 адзінак канцтавараў. Адзенне і канцтавары прынесла жыхарка райцэнтра А. Фейгіна. Увогуле, валожынцы сабралі больш за 300 рэчаў школьнага асартыменту для хлопчыкаў і дзяўчынак.

    Не першы год ладзяць паломніцкія туры “Дарога да святыняў” удзельнікі аб’яднання “Бацькаўшчына” пры Дубінскім сельскім Цэнтры культуры. 27 жніўня яны наведаліся ў Свята-Ксеніеўскі жаночы манастыр у вёсцы Барань Барысаўскага раёна. На гэты раз сярод іх былі і маладыя дзяўчаты-спецыялісты.

Жадаючыя схадзілі да споведзі, затым пабывалі на літургіі, акунуліся ў купелі. Усе разам пакланіліся памяці ігуменні Васілісы, якая пахавана на тэрыторыі манастыра. Паломнікам арганізавалі экскурсію па тэрыторыі святыні, пазнаёмілі з жыццём яе насельнікаў, а там на дадзены момант пражываюць 25 сясцёр і больш за 10 манахінь. Потым іх запрасілі на трапезу.

Жыхарка сталіцы Іна Казіміраўна Раўко перадала Івянецкаму музею традыцыйнай культуры два чамаданы рэчаў з бацькоўскага дома ў вёсцы Літва Стаўбцоўскага раёна.

Сярод новых экспанатаў рэчы ХХ стагоддзя: паштоўкі, альбомы з фатаграфіямі, вясельная сукенка маці, бытавыя прадметы. Сёння ўсе яны прадстаўляюць музейную каштоўнасць, і жанчына гэта зразумела. Пасля апрацоўкі дарункі зоймуць сваё месца ў абсталяванай на вуліцы Прамысловай беларускай хаце.

У Маладзечне адбылася штогадовая абласная спартакіяда работнікаў спажывецкай кааперацыі, у якой прынялі ўдзел каманды 22 раённых спажывецкіх таварыстваў.

У праграме спартакіяды былі шматбор’е “Здароўе”, настольны тэніс, шахматы, шашкі, дартс, гіравы спорт, валейбол. У нашай камандзе лепшы вынік паказаў рабочы па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў Максім Башаркевіч, які заняў трэцяе месца ў дартсе. У падарунак яму дастаўся электрачайнік.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars