Пазітыўны прыклад

4

    У першую нядзелю верасня прафесіянальнае свята адзначаюць работнікі нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці. Да гэтай прадукцыйнай галіны ў нашым раёне мае дачыненне філіял ДП “Мінаблпаліва”, якім 16 гадоў кіруе Міхаіл Ігнацьевіч Радына.

Прадпрыемства было створана ў 1972 годзе, каб цэнтралізавана забяспечваць аб’екты народнай гаспадаркі, арганізацыі, а таксама прыватны сектар дровамі, вугалем, торфабрыкетам. Пасля газіфікацыі населеных пунктаў патрэба ў цвёрдым паліве значна зменшылася, але калектыў узяўся выконваць новыя вытворчыя задачы. Усе віды дзейнасці прыносяць філіялу прыбытак, паспяхова развіваецца экспартны кірунак эканомікі. Так, лінію па вырабе пялетаў з саломы запусцілі яшчэ тады, калі выхад на замежны рынак многія іх калегі нават і не планавалі. Затое зараз валожынцы задаюць тон і служаць прыкладам. Сёлета пялетаў рэалізавалі амаль на 20000 долараў ЗША.

Забяспечваюць валожынцы пастаўку дроў і торфу некаторым воінскім часцям: у Смаргоні, Красным, Гіравічах. З набліжэннем ацяпляльнага сезона ўсё часцей паступаюць заяўкі ад арганізацый, фізічных асоб. Выканаць усё аператыўна дапамагае арганізаванасць, якой славіцца гэта прадпрыемства. Нядаўна да філіяла далучылі калег са Стаўбцоўскага раёна. Справы там працяглы час ішлі няважна. Міхаіл Ігнацьевіч ведае, што без дысцыпліны і парадку на поспех разлічваць няма чаго. Таму рэарганізацыю новага ўчастка з гэтага і пачаў, паралельна займаўся ўмацаваннем іх матэрыяльна-тэхнічнай базы: набылі прэс-падборшчык, аўтамабіль “Ніва”. Зрухі наперад ужо ёсць, а работнікі вераць, што для іх пачаўся новы, паспяховы перыяд.

Даць людзям работу, а значыць, гарантаваць ім заробак, заўсёды ўдавалася кіраўніцтву філіяла. У гарачую пару жніва трактары, пагрузчыкі, аўтамабілі аказваюць дапамогу сельгасвытворцам. Сёлета асабліва пастараліся на адвозцы саломы вадзіцелі Канстанцін Бобрык, Мікалай Гутар. Добра папрацавалі дрывасек Юрый Рай, трактарыст Віктар Саевіч. Іх старанне будзе адзначана Ганаровай граматай райвыканкама. Такая ж узнагарода чакае эканаміста Ганну Рубацкую за паспяховае планаванне. Варта адзначыць, што ўсе эканамічныя паказчыкі прадпрыемства адлюстроўваюць станоўчую дынаміку і сведчаць пра стабільнасць. Таму і не дзіва, што з нагоды прафесіянальнага свята кожны, хто вызначыўся стараннем, атрымае нядрэнную прэмію.

Калектыў Валожынскага філіяла “Мінаблпаліва” невялікі – усяго 50 чалавек. Кожны з іх ганарыцца родным прадпрыемствам, любіць сваю работу і стараецца выконваць яе як мага лепш. Прынамсі іх дырэктар М. І. Радына так і сказаў: “Дрэнных работнікаў у нас няма…”

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

4Дырэктар філіяла Міхаіл РАДЫНА, галоўны бухгалтар Таццяна Ляшкевіч, вядучы эканаміст Ганна РУБАЦКАЯ, галоўны інжынер Анатоль РАДЫНА”. 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars