“Хуткая дапамога” для сасны

Общество

Гэта лета выдалася асабліва складаным для работнікаў лясной прамысловасці: на Любаншчыне нашэсце жукоў-караедаў, якія знішчаюць хваёвыя дрэвы. На барацьбу з імі выкліканы і нашы лясгасаўцы.

ДЛГУ “Валожынскі лясгас” камандзіруе ў Любанскі раён штотыдзень па 60 чалавек. Туды ж, амаль за 300 кіламетраў ад дому, накіроўваецца і тэхніка – харвестары, харвартары, лесавозы, пажарныя машыны. З пачатку ліпеня і да сярэдзіны жніўня валожынскі дэсант высек амаль 60 гектараў пашкоджанага лесу. Частка драўніны захавала свае дзелавыя якасці і адпраўляецца на цэлюлозна-папяровыя камбінаты рэспублікі, рэалізуецца за мяжу. Для змяншэння расходаў кіраўніцтва прадпрыемства адшукала шляхі паставак сыравіны партнёрам прама з месца вырубак. Сухастой жа даводзіцца спальваць, што патрабуе павышанай пільнасці і асцярожнасці.

Графік работы выязной брыгады лесарубаў складаны: працуюць па дванаццаць гадзін у суткі. Не паддаюцца спёцы і стоме аператары харвестараў Дзмітрый Паўловіч, Міхаіл Шышкін, Анатоль Найдзён, Ігар Іода. Заслугоўваюць слоў пахвалы калектывы Румскага (ляснічы М. Ю. Рудовіч), Каменскага (ляснічы Р. А. Казлоўскі), Пяршайскага лясніцтваў (ляснічы І. П. Лебядзевіч). Самаадданасць і старанне праяўляюць памочнікі ляснічых Артур Нуры, Аляксандр Крымоўскі. Павялічылася нагрузка і на начальніка бюро па ахове працы Яўгенію Сцяпанаўну Пятровіч.

Вядома, нельга лясгасаўцам пакідаць без нагляду і ўласныя абсягі лесу. Хваёвыя культуры з прыкметамі засялення караедаў з’яўляюцца і на Валожыншчыне. Крона пачынае губляць пышнасць, бляск, мяняе колер. Лячэнне, на жаль, толькі адно – высечка. Сасна ўбіраецца ў поўную сілу 80 гадоў, а даводзіцца знішчаць саракагадовыя і маладзейшыя дрэвы.

Зберагчы зялёнае багацце ў такіх умовах – справа клапатлівая і затратная. Але прафесіянальны падыход і зладжаная работа ўсяго калектыву лясгаса даюць падставу спадзявацца, што нашы патомкі не застануцца без цяністых, густых, шчодрых на дары лясоў.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий