Выдатнік, футбаліст, саксафаніст…

5

Ён скончыў 5 класаў гімназіі № 1 у райцэнтры з сярэднім балам 9,6, адначасова скончыў 4 класы дзіцячай школы мастацтваў па класе саксафона, іграе ва ўзорным духавым аркестры пад кіраўніцтвам У. М. Грука. А яшчэ апантана займаецца футболам, можна сказаць, з першага класа.

Каманда, дзе ён нязменны капітан, неаднаразова займала прызавыя месцы ў турнірах абласнога і рэспубліканскага маштабаў. Пачынаючы з трэцяга класа, юныя валожынскія футбалісты сталі актыўна ездзіць на розныя спаборніцтвы і паказваць выдатныя вынікі. Завуць гэтага ўнікальнага хлопчыка Ягор КАЗЛОЎ. Я б сказала, што гэта ўжо не імя – гэта брэнд паспяховасці. У сваёй футбольнай камандзе ён цяпер цэнтральны паўабаронца, а быў і варатаром, нават на некаторых гульнях прызнаваўся лепшым…

Не менш напружаным выдалася для Ягора і гэта лета. У чэрвені адпачываў у раённым лагеры “Алімпіец” і ў “Ветразі” ў Ратамцы. А ў ліпені бацькі за выдатную вучобу падарылі сыну тыдзень трэніровак у трэнераў “Міланакадэміі”. Гэта было зусім нечакана, гэта было фантастычна!

Пра тое, што ўпершыню ў нашай краіне “Міланакадэмія” будзе праводзіць юніёрскі лагер, бацьку падказалі сябры, астатнюю інфармацыю пацвердзіў Інтэрнэт, як і тое, што набор абмежаваны: не больш за 50 чалавек ад 8 да 16 гадоў. Іх заяўку-рэзюмэ прынялі. Трэніроўкі на стадыёне БДАТУ праводзілі трэнеры сусветнавядомага італьянскага клуба “Мілан” на чале з самім Себасцьяна Росі, пяцікратным чэмпіёнам Італіі. Разам з памочнікамі іх было каля дзесяці чалавек. З кожнай групай працаваў перакладчык.

Трэніроўкі праходзілі 2 гадзіны да абеду, потым быў непасрэдна сам абед, які гатавалі кухары, прывезеныя з Італіі, адпачынак і зноў 2 гадзіны трэніровак. Рабяты адпрацоўвалі тэхніку валодання мячом, практыкаванні на каардынацыю руху, затым пачыналіся тактычныя заняткі. І так з дня ў дзень на працягу тыдня. Гэта былі не жартоўныя паказальныя заняткі за бацькоўскія грошы (і немалыя, я вам скажу!), а трэніроўкі, якія патрабавалі выкладвацца цалкам. Дарэчы, Ягор быў адзіным прадстаўніком з перыферыі, так бы мовіць. Астатнія юныя футбалісты прадстаўлялі Мінск, Гомель, Віцебск, Гродна, былі хлопцы з Масквы і Краснадарскага краю. Была таксама адна дзяўчынка, дачка беларускага футбаліста.

Ягор Казлоў некалькі дзён пазаймаўся ў групе з рабятамі 2005-2007 гадоў нараджэння, сваімі равеснікамі, потым яго перавялі ў старэйшую. Наш юны зямляк на трэніроўках выглядаў дастойна, чым можа ганарыцца яго трэнер А. П. Кавяза. Калі спачатку хлопчык быў крыху скаваны, то потым яго байцоўскі характар, апантанасць гульнёй, набытыя ранейшыя навыкі раскрыліся цалкам, што заўважылі і замежныя трэнеры. А трэніроўкі патрабавалі немалых сіл… Тата Алег адзначае: калі пасля першага дня ў хлопчыка яшчэ былі жаданне і сілы, каб наведаць атракцыёны ў парку Чалюскінцаў і паесці марожанага, то на другі дзень ён абмежаваўся толькі марожаным, а пасля гаварыў: “Хутчэй дадому, хачу проста паляжаць”…

На памяць пра гэтыя незвычайна цікавыя дні ў хлопчыка засталіся сертыфікат аб праходжанні курса навучання, які ўручаў пасол Італіі ў нашай краіне, і два камплекты формы – белая і чырвоная, у якой праводзіліся трэніроўкі. А яшчэ – незабыўны смак сапраўдных італьянскіх пасты, піцы.

На наступны год італьянскі бок абяцаў зноў арганізаваць такі лагер. Дарэчы, яны іх практыкуюць па ўсім свеце ў пошуках новых талентаў для свайго “Мілана”. У першых удзельнікаў будзе перавага пры адборы. Ягор глянуў на бацьку і спытаўся: “Паеду зноў?” Алег адказаў так: “Усё будзе залежаць ад адзнак у дзённіку, якія ты прынясеш 30 мая…” У хлопчыка ёсць стымул, але мне здаецца, што па-іншаму Ягор ужо проста не можа. Ён лідар па натуры, прывык усё рабіць на выдатна.

…У дзяцінстве за свайго сына ці дачку ўсё рашаюць бацькі. Часцей за ўсё яны рэалізуюць уласныя амбіцыі, свае мары, жаданні, магчымасці, якія па розных прычынах не збыліся. І часта не зважаюць на тое, ці падабаюцца навязаныя зняткі іх нашчадкам. Хлопчыкаў найчасцей аддаюць у спартыўныя секцыі, каб не было часу на дрэнныя кампаніі. З Ягорам таксама было падобнае. Бацька сам з дзяцінства гуляе ў футбол, мае энцыклапедычныя веды пра гэты від спорту. Аднак хлопчык першапачаткова займаўся баскетболам, дзе ў яго таксама ўсё атрымлівалася. Спыніўся на футболе, які, вырашыў, яму падабаецца больш. А ў футбольнай камандзе да таго ж гуляюць яшчэ чацвёра яго аднакласнікаў-сяброў. Зараз хварэюць гэтай гульнёй разам з бацькам.

У музычную школу сына адвяла маці. Не надта хацеў. Але цяпер не шкадуе, бо і там у яго ўсё атрымліваецца на выдатна. Падабаецца сам інструмент, падабаюцца мелодыі, якія выконвае, падабаецца “зрываць” шквал апладысментаў на канцэртах. Трэба сказаць, што педагог у школе мастацтваў Н. В. Усцюжаніна добра прымае ўсе захапленні свайго вучня, іншы раз нават падпарадкоўвае расклад заняткаў пад яго футбольны графік, што немалаважна. А яшчэ хлопчыку вельмі падабаецца іграць у аркестры… На ўсё хапае сіл, калі правільна арганізаваць свой дзень. Дысцыпліне, адказнасці Ягор вучыцца з маленства.

Наталля ШТЭЙНЕР

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars