Педагагічная канферэнцыя. Парады, задачы, паспяховы вынік

11

    Галоўны педагагічны форум раёна адбыўся на гэтым тыдні. Ён распачаў сваю работу на базе гімназіі № 1, школ № 1 і № 2, дзіцячага сада № 6 “Вясёлы вулей” горада Валожына. Там была арганізавана работа інтэрактыўных пляцовак, дзе настаўнікі дзяліліся вопытам у вырашэнні актуальных задач сваіх устаноў.

Калектывы школ і дашкольных устаноў вынеслі на абмеркаванне асаблівасці даследчай работы ва ўстановах адукацыі, сучасныя педагагічныя тэхналогіі.

Для педагагічнай грамадскасці гасцінна расчыніла дзверы зала кінатэатра “Юнацтва”. У склад дэлегацый калектываў устаноў адукацыі былі ўключаны: кіраўнікі, настаўнікі, выхавацелі, педагогі дадатковай адукацыі, маладыя спецыялісты і ветэраны педагагічнай працы. У фае працавала выстава, падрыхтаваная супрацоўнікамі аддзела адукацыі, спорту і турызму, падчас знаёмства з якой удзельнікі канферэнцыі абмяркоўвалі праблемы, актуальныя для кожнай установы напярэдадні новага навучальнага года, а таксама пытанні, што былі ўзняты кіраўніком дзяржавы на рэспубліканскай педагагічнай нарадзе.

І вось, па даўняй традыцыі, на сцэну выйшлі школьнікі і выхаванцы дзіцячых садоў горада. Хлопчыкі і дзяўчынкі шчыра і пранікнёна віталі педагогаў. Адметнасцю нарады 2017 года стала тое, што ў педкалектыве Валожыншчыны нядаўна змяніўся кіраўнік. Другі месяц аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ўзначальвае Таццяна Мікалаеўна Крыкала. У сваім дакладзе “Адукацыя як канструктыўны фактар фарміравання і развіцця патэнцыялу маладога пакалення” яна закранула важнейшыя галіны развіцця адукацыі і выхавання ў раёне. Былі агучаны асноўныя эканамічныя паказчыкі, многія кірункі дзейнасці ўстаноў аналізаваліся праз лічбавыя характарыстыкі.

Адзін з крытэрыяў паспяховасці работы сістэмы адукацыі – дасягненні вучняў і выпускнікоў. У гэтым плане валожынскім педагогам ёсць чым ганарыцца. Колькасць юнакоў і дзяўчат, якія завяршылі абучэнне на трэцяй ступені, уражвае. 24 выпускнікі ўзнагароджаны залатымі і сярэбранымі медалямі. 18 выпускнікоў з 4 устаноў адукацыі набралі на ЦТ больш за 90 балаў, а чатыры чалавекі маюць такія паказчыкі адразу па трох прадметах. Павялічыўся і працэнт выпускнікоў 9 класаў, якія здалі экзамены на дастатковым і высокім узроўні.

Паспяховым аказаўся ўдзел у алімпіядах, навуковых канферэнцыях, інтэлектуальных конкурсах выхаванцаў такіх настаўнікаў, як Аксана Бярнардаўна Маслоўская, Святлана Вітольдаўна Федарака, Таццяна Леанідаўна Барахоўская, Ірына Уладзіміраўна Уланчык, Надзея Анатольеўна Баркоўская (гімназія); Таццяна Вячаславаўна Халявінская (СШ № 2); Аліна Генадзьеўна Ярмак (Івянецкая школа).

Канферэнцыя падвяла вынікі сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы, што грунтуецца на праграме непарыўнага выхавання дзяцей і моладзі.

Побач з названымі дасягненнямі начальнік аддзела дэталёва прааналізавала моманты няўдач і азначыла шляхі пошуку рашэння праблемных пытанняў. Кіраўнік запэўніла: “Шырокае кола задач, што паставіў перад педагогамі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка, з’яўляецца магутным стымулам развіцця ўсёй адукацыі. Нам неабходна засяродзіць увагу на болевых кропках сістэмы”. Для рэалізацыі кадравай палітыкі ў новым навучальным годзе плануецца працягваць работу па рацыянальным выкарыстанні і развіцці кадравага патэнцыялу, замацаванні маладых спецыялістаў на месцы, прафесійнай арыентацыі выпускнікоў школ на педагагічныя спецыяльнасці, арганізацыі сістэмнай дзейнасці па павышэнні ІТ-кампетэнтнасці настаўнікаў. Неабходна таксама актывізаваць работу па прыцягненні сродкаў знешнебюджэтнай дзейнасці, зрабіць больш эфектыўнай работу папячыцельскіх саветаў, жывей уключацца ў інавацыйныя праекты, павышаць інклюзіўную культуру ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Кожны год падчас канферэнцыі педагогі раёна ўрачыста прымаюць у свае рады маладое папаўненне калектываў. Юнакі і дзяўчаты, што стаяць у самым пачатку настаўніцкай кар’еры, атрымалі ад вопытнага прафесіянала – Аліны Генадзьеўны Ярмак – слынны наказ: ніколі і ні ў якіх абставінах не здраджваць свайму прызванню, любіць і паважаць вучняў, будаваць партнёрскія адносіны з іх бацькамі, калегамі. Запамінальным момантам стала ўручэнне ўзрушанай такой увагай моладзі Памятных адрасоў. Слова ў адказ трымала Вікторыя Андрэеўна Мандрык – настаўнік пачатковых класаў гімназіі № 1.

Педагагічную грамадскасць раёна вітаў намеснік старшыні райвыканкама Пётр Іосіфавіч Бібік. “Сённяшнія намаганні педагогаў – гэта інвестыцыі ў будучыню краіны. Ад таго, наколькі правільна мы выхаваем падрастаючае пакаленне, залежыць лёс Беларусі і кожнага з нас”, – падкрэсліў прадстаўнік улады. Ён запэўніў: “Пытанні адукацыі, ініцыятыва педагогаў заўсёды знойдуць разуменне і падтрымку з боку кіраўніцтва раёна”. Як пацвярджэнне гэтых слоў за выдатную падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года і за аздараўленне вучняў былі ўручаны Падзякі старшыні райвыканкама.

Метадыст Цэнтра выхаваўчай работы Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Анатольеўна Ярашэнка таксама далучылася да працэдуры ўзнагароджвання. Грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь атрымала Таццяна Іосіфаўна Чабай – дырэктар Гародзькаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа.

Таксама былі ўручаны ганаровыя граматы і падзякі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. Многія педагогі за сваю працу і дасягненне стабільна высокіх паказчыкаў атрымалі ганаровыя граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Старшыня раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Марыя Мікалаеўна Камінская са словамі ўдзячнасці і пашаны звярнулася да ветэранаў педагагічнай працы, а таксама ўручыла Ганаровыя граматы Мінскага абласнога і Валожынскага раённага камітэтаў лепшым прадстаўнікам прафесіі. Увогуле за заслужанымі ўзнагародамі ў гэты дзень на сцэну падняліся больш за 50 педагогаў і іншых работнікаў устаноў адукацыі.

Фінальным акордам канферэнцыі стаў канцэрт, падчас якога хлопчыкі і дзяўчынкі дарылі песні, танцы, гумарэскі і, самае галоўнае, свае шчырыя ўсмешкі людзям, што за руку вядуць іх у Краіну ведаў.

Рэзалюцыя канферэнцыі да ўчарашняга дня была размешчана на сайце аддзела адукацыі, спорту і турызму. Кожнаму педагогу прадастаўлялася магчымасць унесці свае прапановы па ўдасканаленні сістэмнай работы ўстаноў адукацыі ў новым навучальным годзе.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

10

Таццяна Мікалаеўна КРЫКАЛА (трэцяя злева) з педагогамі Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната і новым дырэктарам установы Паўлам Леанідавічам ХІЛЬКЕВІЧАМ (трэці справа).

11

Аліна Генадзьеўна ЯРМАК падчас уручэння памятных адрасоў маладым настаўнікам.

12

Таццяна Іосіфаўна ЧАБАЙ, Ніна Уладзіміраўна ЖДАНЮК, Людміла Дзмітрыеўна ЛЫСЕНКА.

13

Таццяна Вячаславаўна ХАЛЯВІНСКАЯ і Святлана Вітольдаўна ФЕДАРАКА.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars