Першы званок паклікаў на ўрок

4

У рамках адной з выдатных традыцый Валожыншчыны старшыня райвыканкама Мікалай Анатольевіч АСТРЭЙКА завітаў на Дзень ведаў у Пяршайскую школу-сад. Падарункам стаў сертыфікат на 500 рублёў, які кіраўнік раённай вертыкалі ўлады на лінейцы ўручыў дырэктару Святлане Леанідаўне ЛАМАКА.

Першы званок выклікае нязменна хвалюючае пачуццё і ў саміх вучняў, і ў педагогаў, і ў бацькоў. Старшакласнікі сталі на крок бліжэй да самастойнага дарослага жыцця. Малышы, якія закончылі наведваць садок, вось-вось пачнуць адкрываць для сябе новыя веды пад трапяткім і чулым наглядам вопытных настаўнікаў. А таты і матулі рыхтуюць для сваіх любімых школьнікаў новыя ўборы і плануюць, як за паўсядзённымі клопатамі будуць выкройваць час на дапамогу ў выкананні дамашніх заданняў… У аграгарадку Пяршаі такіх сем’яў шмат. Сёлета ў навучальна-педагагічным комплексе будзе спасцігаць навуку 81 вучань, сярод іх – 13 першакласнікаў. Стае добрых клопатаў і ў выхавальнікаў, што раскрываюць таямніцы свету і ўзаемаадносін 29-і дзеткам дашкольнага ўзросту.

На ўрачыстай лінейцы гучалі не толькі адрасаваныя навучэнцам наказы на добрую вучобу і шматлікія пажаданні. Узнёслую атмасферу свята падтрымала і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Мікалаеўна Крыкала, якая асабіста ўзнагародзіла Ганаровай граматай настаўніка беларускай мовы і літаратуры Ядзвігу Зігмундаўну Калясінскую. Падзячны ліст за яе подпісам атрымала таксама повар Пяршайскай школы-сада Ірына Аляксандраўна Шарко. Несумненна, запомніўся Дзень ведаў і першакласнікам: дырэктар установы адукацыі перадала кожнаму з іх падарункі Прэзідэнта краіны – першыя кнігі пад назвай «Беларусь – наша Радзіма». А затым пасля вясёлага голаса званочка ўсе адправіліся на першы ў новым 2017/2018 навучальным годзе ўрок…

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА

1

2

3

4

Васьмікласнікі Пяршайскай школы-сада з класным кіраўніком Людмілай Казіміраўнай ХАРЛІНСКАЙ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars