Дапамога лішняй не бывае

5

Аднак атрымаюць яе тыя, хто сапраўды мае на гэта не толькі патрэбу, але і аргументаванае законам права. У гэтым упэўніліся наведвальнікі, якія завіталі на чарговы выязны прыём старшыні раённага выканаўчага камітэта Мікалая Анатольевіча Астрэйкі. Афіцыйнае мерапрыемства прайшло ў адміністрацыйным корпусе цэнтральнай раённай бальніцы.

Папярэдне на персанальную сустрэчу з кіраўніком раённай вертыкалі ўлады запісаліся пяць чалавек, аднак два з іх – з Сакаўшчыны (па замене газавых балонаў) і Зафільцаў (пытанне, звязанае з рамонтам дарогі) – паспелі вырашыць свае праблемы загадзя.

Першай звярнулася да старшыні райвыканкама жыхарка вёскі Гародзькі, члены сям’і якой працуюць у ААТ “Лоск”. Яна прасіла пасадзейнічаць у тым, каб кіраўнік названай гаспадаркі аказаў дапамогу дзецям да школы. Пры высвятленні абставін стала вядома, што па лініі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама людзі ўжо атрымалі прызначаныя на гэтыя мэты матэрыяльныя сродкі. Мікалай Анатольевіч указанае пытанне адрасаваў для разгляду дырэктару сельгаспрадпрыемства. Аднак папярэдзіў, што для выдзялення дадатковага фінансавання ў гаспадарцы павінна быць адпаведная юрыдычна замацаваная норма (напрыклад, у палажэннях калектыўнага дагавора).

А вось зварот дзвюх жыхарак дома № 4 па вуліцы Міру райцэнтра быў задаволены без ніякіх ваганняў. Сутнасць іх праблемы заключалася ў тым, што з-за паломкі водасцёкавай сістэмы (адарваўся кавалак жолаба) на балконы трапляе лішняя вільгаць. Паколькі гэты дом з’яўляецца жыллёва-будаўнічым кааператывам, ён не стаіць на балансе РУП “Валожынскі жылкамунгас”. Жыхары пацярпелых кватэр звярталіся за дапамогай да прафесіянала. Той сказаў, што работы магчыма выканаць толькі праз дах, а значыць, патрабуюцца паслугі альпініста. А вось такога спецыяліста можна наняць з дазволу ЖКГ. Па тлумачэнні начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама і кіраўніка гэтай структуры, пакуль праводзіцца тэндар на заключэнне кантракта з альпінісцкай арганізацыяй. Хутка яго вынікі стануць вядомыя, і насельнікі дома № 4 па вуліцы Міру нарэшце атрымаюць магчымасць скарыстацца паслугамі кваліфікаванага спецыяліста.

Трэцяй да кіраўніка Валожыншчыны зайшла дэлегацыя – 5 прадстаўнікоў вёскі Петрусоўшчына, на базе якой развіваецца экапасяленне “Росы”. Гутарка цягнулася доўга, яе змест наступны: у прыхільнікаў здаровага ладу жыцця і экалагічнага харчавання ўзніклі спрэчкі з уладальнікамі аграсядзібы, якая месціцца побач з пасяленнем. Супярэчнасці тычацца розных аспектаў жыццядзейнасці абодвух бакоў, а нармальнага дыялогу ніяк не ўдаецца дасягнуць. Вяскоўцы прывялі дакументальныя доказы парушэнняў дамоўленасцяў і папрасілі дапамогі ў вырашэнні канфлікту. М. А. Астрэйка даручыў выехаць на месца кіраўнікам землеўпарадкавальнай і геадэзічнай, лясной і санітарнай службаў, высветліць абставіны і расставіць кропкі над “і”…

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars