Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

Звыш 30-і тон зерня пшаніцы і ячменю рэалізаваў насельніцтву раённы вузел паштовай сувязі. І яшчэ не ўсе папярэднія заяўкі выкананы. Каб хоць як спагнаць даўгі за падпісную кампанію, кіраўніцтва вузла паштовай сувязі прапанавала гаспадаркам раёна такую форму разлікаў. Праўда, зерне выдзяляюць толькі пасля выканання дзяржзаказу, пакідаючы таксама і на ўласныя патрэбы…

КСУП “Падбярэззе” перадало для рэалізацыі праз аддзяленні паштовай сувязі 13 тон зерня ячменю, ААТ “Багданаўскае” – больш за 7 тон пшаніцы, ААТ “Лоск” – 9 тон зерня пшаніцы. Крыху разлічыліся з паштавікамі такія гаспадаркі, як ААТ “Суднікаўскі”, КСУП “Сакаўшчына-агра”. Павінны ж грошы ўсе сельгаспрадпрыемствы, але аддаваць даўгі не спяшаюцца нават такім чынам. Дарэчы, дастаўку зерня да канкрэтных спажыўцоў паштавікі здзяйсняюць на сваёй машыне.

 

    З 4 па 9 верасня праходзіць Рэспубліканскі тыдзень устаноў дадатковай адукацыі. У школах развешаны абвесткі пра яго і запрашэнні прыходзіць у цэнтр творчасці дзяцей і моладзі класамі, з бацькамі, сябрамі.

У гэтыя дні ў Валожынскім цэнтры педагогі дадатковай адукацыі праводзяць майстар-класы па лепцы з пластыліну, выцінанцы, квілінгу, бісеры, танцам і іншыя. Усім наведвальнікам прапануюць экскурсію па кабінетах, дзе не толькі пазнаёмяць з умовамі заняткаў, але і раскажуць, якія гурткі, аб’яднанні па інтарэсах будуць працаваць у новым навучальным годзе. Завершыцца Тыдзень вялікай гульнявой праграмай “Цэнтр рыхтуе сюрпрыз” з абавязковым флэшмобам.

    2017 год абвешчаны ў нашай краіне Годам навукі. З гэтай нагоды аддзел бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі выпусціў серыю інфармацыйных буклетаў “Землякоў славутыя імёны”. У буклетах змешчаны біяграфічныя звесткі, спісы асноўных публікацый і літаратура аб дадзеных навукоўцах. Шэсць буклетаў ужо раздадзены па ўсіх бібліятэчных установах раёна, два – рыхтуюцца да выхаду.

Гэтыя людзі – гонар не толькі школ, якія скончылі, мясцін, дзе нарадзіліся. Яны ўнеслі значны ўклад у развіццё навукі, праслаўляюць нашу краіну далёка за межамі. Сярод тых знакамітых землякоў-навукоўцаў – заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі, вучоны ў галіне фізікі-хіміі торфу Іван Іванавіч Ліштван; доктар філалагічных навук, дырэктар філіяла Інстытута мовы і літаратуры імя Коласа і Купалы Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец; былы рэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, доктар гістарычных навук, прафесар Аркадзь Уладзіміравіч Русецкі; беларускі гісторык, дыпламат, доктар гістарычных навук Мечыслаў Эдвардавіч Часноўскі; археолаг, кандыдат гістарычных навук Эдвард Міхайлавіч Зайкоўскі. Рыхтуюцца да выхаду буклеты, прысвечаныя двум ракаўчанам – доктару філалагічных навук, прафесару, загадчыку кафедры філфака БДУ Вячаславу Пятровічу Рагойшу і літаратуразнаўцу, пісьменніку Язэпу Язэпавічу Янушкевічу.

 

    Валанцёры раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа напярэдадні 1 верасня правялі дабрачынны рэйд па валожынскім рынку.

Індывідуальныя прадпрымальнікі з разуменнем аднесліся да дабрачыннай акцыі “У школу разам!” і паклалі ў скарбонку 51 рубель (грошы будуць перададзены цэнтру карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі). Таксама ахвяравалі для школьнікаў 59 пар абутку і 69 адзінак адзення, 8 рукзакоў, канцтавары. Усе рэчы будуць размеркаваны паміж выхаванцамі прытулку, сіротамі-ліцэістамі, малазабяспечанымі сем’ямі. Вельмі шчодрыя ахвяраванні зрабілі прадпрымальнікі Максім Бень, Сяргей Скубіеў, Людміла Скляповіч, Зоя Данько, Эльвіра Рабая, Юлія Пісарык і многія іншыя. Адзення было сабрана больш, чым заўсёды.

 

6 верасня ў Маладзечне ў музычным каледжы імя М. Агінскага адбудзецца першая прэзентацыя новай кнігі даўняга сябра нашай газеты, гаспадара аграсядзібы “Марцінава Гусь” Алеся Белага (Кухмістра Верашчакі), якая носіць паэтычную назву “Сакатала бочачка”.

Пісалася яна на працягу 18 гадоў у Мінску і ў Люцінцы, мае наклад 2000 асобнікаў. Шыкоўнае мастацкае афармленне і досыць вялікі наклад падтрымаў “Бульбаш”. У хуткім часе аўтар абяцае правесці прэзентацыю і ў Валожыне. Гэта кніга пра гісторыю самых важных і знакавых алкагольных напіткаў Беларусі. Аповед пра іх пададзены праз займальныя, але гістарычна праўдзівыя нарысы. Крупнік і старка, пітны мёд, пшанічнае піва, самагонка, розныя наліўкі ды настойкі – ад зуброўкі і рабінаўкі да многіх іншых, зусім забытых… Аўтар праз дакладнае вывучэнне пісьмовых і візуальных крыніц імкнецца вярнуць забытыя традыцыі.

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars