Школа, вітаем цябе!

8

  У гэтым навучальным годзе ў сценах гімназіі № 1 будуць набываць веды 396 выхаванцаў. Першы раз за парты сядуць 40 хлопчыкаў і дзяўчынак. Павядуць іх у Краіну ведаў настаўніцы Н. В. Барахоўская і В. С. Данько. Калі для Наталлі Васільеўны сёлетні набор вучняў будзе сёмым па ліку, то Вольга Сцяпанаўна прыйдзе ў клас у якасці педагога ўпершыню.

Сярод устаноў адукацыі нашага раёна гімназія па большасці паказчыкаў трывала ўтрымлівае лідзіруючыя пазіцыі. Здабыткі і поспехі – гэта сумесная перамога ўсяго калектыву. Сёння тут працуе 51 педагог, укамплектаванасць кадрамі складае 100 працэнтаў. На свяце 1 верасня Ганаровымі граматамі райвыканкама былі адзначаны настаўніца пачатковых класаў Ганна Канстанцінаўна Паўлава і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Мікалаеўна Віршыч. Падзяку райвыканкама атрымала тэхнічны работнік Марыя Альбінаўна Радына.

Кожны год у гімназіі імкнуцца пакарыць новыя рубяжы, павысіць эфектыўнасць навучальна-выхаваўчага працэсу. Не будзе выключэннем і надышоўшы навучальны год. Для дзесяцікласнікаў адкрыюцца тры профільныя групы з паглыбленым вывучэннем англійскай і рускай моў, матэматыкі. Для вучняў 4-8 класаў захаваюцца факультатыўныя заняткі па кітайскай мове.

А для таго, каб нішто не перашкаджала вучобе, на летніх канікулах быў праведзены рамонт памяшканняў. Сучасны выгляд набылі другі і трэці паверхі, значна змяніліся спартыўныя аб’екты, для сталовай набыта высокатэхналагічнае абсталяванне. Вучні малодшых класаў, якія маюць праблемы з пазваночнікам, на занятках будуць сядзець за спецыяльнымі партамі-канторкамі.

Першы дзень заняткаў для гімназістаў пачаўся з класнай гадзіны. На лінейку дзеці строіліся ўжо ў дзелавым настроі. Старт урачыстасці далі адзінаццацікласнікі Карына Клачко, якая з’яўляецца стыпендыятам Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, і пераможца 2-га этапу рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове Аляксандр Бітэль. Эстафету ад старэйшых, па традыцыі, перанялі самыя малодшыя – першакласнікі. Выхаванцы Наталлі Васільеўны добра падрыхтаваліся і даказалі, што яны хочуць стаць стараннымі вучнямі і будуць з усіх сіл імкнуцца да ведаў.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

7

8

Раніца першага верасня ў СШ № 1 г. Валожына была шумнай і вясёлай: на святочную лінейку прыйшлі вучні, іх бацькі, бабулі і дзядулі, госці з адміністрацыі. Школьныя калідоры зноў напоўніліся дзіцячым смехам і размовамі. Так стартаваў новы навучальны год.

Лінейка пачалася з падняцця Дзяржаўнага флага. Потым дырэктар школы Ірына Вацлаваўна Чаховіч выступіла з прамовай: расказала пра дасягненні вучняў, работу, якую педкалектыў выканаў за лета, пажадала сіл і ўвасаблення мары. Алена Іванаўна Мілюткіна – намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Валожынскага райвыканкама – узнагародзіла падзякамі і граматамі настаўнікаў і тэхнічны персанал навучальнай установы.

Самыя маленькія вучні не засталіся ўбаку – выступілі з вершамі. Выпускнікі ўручылі ім падарункі – кнігі “Беларусь – наша Радзіма”. Першы ўрок у Дзень ведаў, прысвечаны Бацькаўшчыне, прайшоў разнастайна. Школьнікі з настаўнікамі адправіліся на экскурсіі па горадзе, у музей. У дзіцячай бібліятэцы вучняў чакалі цікавая лекцыя “Падарожжа да вытокаў. Гістарычны экскурс” з нагоды пяцісотгоддзя кнігадрукавання, медыявандроўка па самых незвычайных бібліятэках свету, віктарына “З гісторыі кнігадруку”, выстава “За старонкамі школьных праграм”.

Настасся ЛЯВІНСКАЯ,

 

Вучні, іх бацькі і настаўнікі сярэдняй школы № 2 горада Валожына сустрэлі новы навучальны год з добрым настроем. Яшчэ на падыходзе да ўстановы адукацыі адчуваецца: тут сваіх гадаванцаў і гасцей чакаюць са шчырай душой.

Прыгожы фасад, элегантнае добраўпарадкаванне школьнага двара, утульны ўнутраны дворык, дагледжаны стадыён радуюць вока. Аздабленне кабінетаў і іншых памяшканняў таксама выклікае добрае ўражанне. Пэўныя сродкі на гэту прыгажосць паступілі з раённага бюджэту, выкарыстоўваўся пры правядзенні рамонту і гаспадарчы спосаб. Не засталіся ўбаку папячыцельскі савет і спонсары. Адметнасцю новага года стане адкрыццё на базе школы Цэнтра па бяспецы, які будзе працаваць пры ўдзеле РАНС.

Падчас урачыстай лінейкі, прысвечанай Дню ведаў, дырэктар школы Ларыса Вікенцьеўна Петрашкевіч выказала словы шчырай удзячнасці ўсім, хто ўнёс свой уклад у агульную справу. Яна падкрэсліла: “Другая школа заўсёды славілася сваімі цудоўнымі традыцыямі. Мінулы год прынёс нам шмат радасных падзей. Настаўнікі і вучні паказалі выдатны вынік на рознага кшталту конкурсах, алімпіядах, навуковых канферэнцыях. На годным узроўні была і застаецца выхаваўчая работа. Спадзяюся, лета прынесла нам добры адпачынак, а верасень падштурхне да новых перамог”.

Кіраўнік спраў райвыканкама, былы дырэктар СШ № 2 Аляксандр Мікалаевіч Уланчык таксама павітаў дружны калектыў і запэўніў: “Падтрымка з боку ўлады нашым установам адукацыі забяспечана”. Марыя Мікалаеўна Камінская – старшыня Валожынскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі – выканала пачэсную місію – уручыла каштоўны падарунак ад федэрацыі прафсаюзаў настаўніку школы Сяргею Міхайлавічу Шаўлюку, які 30-ы сезон адпрацаваў у якасці камбайнера на ўборцы зерневых у ААТ “Лоск”. Аляксандр Ігаравіч Сівы як прадстаўнік РАНС пажадаў вучням надаваць вялікую ўвагу бяспецы і выказаў надзею на далейшае выніковае супрацоўніцтва. Ад імя бацькоў дала наказ заставацца здаровымі, паважаць настаўнікаў і старанна спасцігаць веды Алена Сцяпанаўна Далбаносава.

Пасля таго, як школьны званок паклікаў вучняў на першы ўрок па тэме “Беларусь – мая Айчына”, гасцей школы запрасілі вучні 9 “Б” класа. Разам з класным кіраўніком, настаўніцай гісторыі Аксанай Іванаўнай Пятровіч, яны прапанавалі шаноўным людзям далучыцца да цікавай гульні і выканаць ролю замежных наведвальнікаў, якіх дзяўчаты і юнакі пазнаёмілі з адметнасцямі Беларусі. Кожны ўдзельнік мог выказаць сваю думку і даць свой адказ на пытанне “Кім і чым славіцца наша краіна ў свеце?”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

9

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars