1 верасня адразу пасля заканчэння святочных урачыстасцей у навучальных установах Валожына ў Цэнтры культуры адбылося мерапрыемства “Роднага слова вытокі”, прымеркаванае да Дня ведаў, Дня беларускага кнігадрукавання і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.
Прысутныя змаглі прыхінуцца душой да роднага слова і ўзгадаць пра слаўныя набыткі нашага пісьменства і кнігадрукавання ад сівой даўніны да цяперашняга часу. У першую чаргу вядучыя – кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Францаўна Гіруць-Русакевіч і работнік метадычнага аддзела бібліятэкі Вікторыя Такушэвіч – успомнілі нашых першаасветнікаў – Францыска Скарыну, Кірыла Тураўскага, Ефрасінню Полацкую, Сымона Буднага і інш., якія стварылі падмурак для сённяшняга пісьменства.
З вітальным словам з нагоды Дня ведаў да прысутных звярнулася член народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі М. А. Шакун. Яна пажадала ўсім поспехаў, здароўя і дабра ў новым навучальным годзе.
Вядучыя расказалі пра найбольш літаратурна-слаўныя мясціны і імёны Валожыншчыны. Яны назвалі сучасных таленавітых дзеячаў і творцаў мінулых гадоў. Затым узгадалі, што з 1994 года многія гарады Беларусі былі сталіцай Дня беларускага пісьменства. Сёлета ёй у трэці раз стаў Полацк. І гэта не выпадкова, бо мы адзначаем 1155-годдзе гэтага горада і 500-годдзе першай друкаванай кнігі Францыска Скарыны.
Расповед вядучых перамяжоўваўся з чытаннем тэматычных вершаў і суправаджаўся мультымедыйнай прэзентацыяй.
Закончылася мерапрыемства віктарынай па праслуханым, якую правяла загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі чытачоў раённай цэнтральнай бібліятэкі А. Ф. Сугака. Было многа жадаючых адказаць на пытанні і атрымаць заслужаны прыз. Юнае пакаленне добра ведае гісторыю беларускага пісьменства і кнігадрукавання.
Анжэла Радына,
фота аўтара