Арнітолагам і аматарам – падрыхтавацца!

1

На мінулым тыдні адбылося адкрыццё пляцоўкі па назіранні за вадаплаўнымі і каляводнымі птушкамі ў натуральным асяроддзі іх пражывання на беразе Сакаўшчынскага вадасховішча.

Гэта падзея стала часткай маштабнага праекта пад назвай “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН). Мерапрыемства прыпала на час правядзення штогадовай акцыі Bike4SDGs2017 (Mind over Matter) – велапрабегу прадстаўнікоў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і актывістаў-прыхільнікаў здаровага ладу жыцця.

На гэты раз маршрут пралягаў з Гродна ў Мінск з прыпынкамі на ноч у розных месцах, а ўзначаліў спартыўны заезд Пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха. Калі высокі чыноўнік прыбыў у маляўнічыя замасцянскія мясціны, ён з задавальненнем далучыўся да прыемнай місіі святкавання нараджэння новага аб’екта экалагічнага турызму Валожыншчыны…

У гэты час перад прысутнымі ўжо выступалі з вітальным словам і падзякай старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Глінскі, кіраўнік аддзела палітыкі, прэсы і інфармацыі Прадстаўніцтва ЕС у Рэспубліцы Беларусь Джым Казенс і старшыня Валожынскага сельвыканкама Дзмітрый Карачун – прадстаўнік арганізацыі-выканаўцы (мясцовая ініцыятыва “Птушка ў аб’ектыве”, накіраваная на павышэнне турыстычнага патэнцыялу раёна шляхам развіцця інфраструктуры экалагічнага турызму, рэалізуецца Валожынскім сельскім выканаўчым камітэтам). Яшчэ адзін выступовец, каардынатар і партнёр ініцыятывы, гаспадар аграсядзібы “За масточкам” Дзмітрый Наканечны, запэўніў, што выбар пляцоўкі вельмі ўдалы: наш вадаём ляжыць на шляху міграцыі пералётных птушак, таму недахопу ў аб’ектах назірання не будзе. З прамовай звярнуліся да грамадскасці і іншыя партнёры “Птушкі ў аб’ектыве”: дырэктар Сакаўшчынскай школы Галіна Гаспарэвіч і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна Рай. Трэба адначыць, што новы аб’ект аграэкатурызму з’яўляецца інклюзіўным, безбар’ерным – цікавым і для маладых, і для пажылых, а таксама людзей з інваліднасцю. Сама альтанка (дарэчы, пабудаваная сіламі прадпрыемства “Мэбля Леў”) абсталявана зручным пандусам, а доступ туды – свабодны.

Назіральная пляцоўка «Птушка ў аб’ектыве» абяцае стаць улюбёным месцам для аматараў і прафесійных арнітолагаў, якія пры дапамозе бінокляў і падзорных труб змогуць назіраць за вадаплаўнымі і каляводнымі птушкамі ў натуральным асяроддзі іх пражывання. Яна ўжо абсталявана ўсім неабходным “рыштункам”. У адкрытым доступе закупленыя біноклі, падзорныя трубы, фотаапараты і мультымедыйныя ўстаноўкі, зразумела, не з’явяцца: яны часткамі перададзены школе, ТЦСАН і аграсядзібе. Усе партнёры ў будучым змогуць рэалізаваць з іх дапамогай пэўныя камерцыйныя праекты. Аднак гаварылася пра тое, што раз-пораз плануецца ладзіць мерапрыемствы накшталт дня адчыненых дзвярэй, калі апаратурай змогуць скарыстацца ўсе жадаючыя.

Пляцоўка размешчана на зялёным турыстычным маршруце “Валожынскія гасцінцы”. Яго інфраструктура ўжо прадастаўляе турыстам магчымасць прайсці па экалагічных сцежках, праехаць на веласіпедах па некалькіх кірунках, сплавіцца па рацэ, спыніцца ў мясцовых аграсядзібах, якія прапануюць шырокі спектр паслуг ад начлегу і харчавання да інтэрактыўных адукацыйных праграм, сямейна-абрадавых свят, розных майстар-класаў, экамузеяў, прадстаўленняў тэатра «батлейка» і г. д. Цяпер мясцовыя жыхары і госці раёна змогуць займацца яшчэ адным відам экалагічнага турызму – бёрдвотчынгам. Ініцыятыва запатрабавана таксама сярод членаў клуба па вывучэнні птушак “Крылаты дазор”, арганізаванага на базе Сакаўшчынскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы імя В. Каваленкі. Выкарыстоўваючы шырокія магчымасці пляцоўкі, школьнікі змогуць прымяняць вынікі назіранняў на практыцы, выступаць у ролі экскурсаводаў і, вядома ж, атрымліваць выдатныя адзнакі падчас вучэбнага працэсу. І хто ведае, можа ўжо сярод іх растуць будучыя вучоныя-арнітолагі, чые даследаванні істотна ўзбагацяць міжнародную тэарэтычна-практычную скарбонку ведаў пра складаны, цудоўны і разнастайны свет птушак?..

Сяргей САДОЎСКІ

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars