Праца ацэнена станоўча

2

На мінулым тыдні на Валожыншчыне прайшоў рэгіянальны сход дэпутатаў. У мерапрыемстве ўдзельнічалі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Вячаслававіч Радаман, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Іван Эдуардавіч Ліпніцкі, старшыня райвыканкама Мікалай Анатольевіч Астрэйка, а таксама дэпутацкі корпус, начальнікі службаў і ведамстваў.

Сярод разгледжаных і абмеркаваных пытанняў значылася сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёну (аб гэтым прысутным далажыў кіраўнік раённай вертыкалі ўлады), а таксама была прааналізавана і абмеркавана работа раённага Савета дэпутатаў.

Старшыня гэтай структуры Сяргей Францавіч Глінскі праінфармаваў, што ў райсавет абраны 28, у Саветы дэпутатаў першаснага ўзроўню – 104 дэпутаты. Абраны і 153 старасты сельскіх населеных пунктаў.

З пачатку года праведзены 39 сесій, на якіх разгледжаны 125 пытанняў, звязаных з сацыяльна-эканамічным развіццём раёна, добраўпарадкаваннем яго тэрыторый, ходам рэалізацыі Дырэктыў і Указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, кантролем за выкананнем заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, вырашаны шэраг іншых пытанняў.

Адным з галоўных кірункаў дзейнасці з’яўляецца штодзённая праца са зваротамі грамадзян. Каб павысіць яе эфектыўнасць, складзены і зацверджаны штомесячныя графікі прыёму выбаршчыкаў народнымі абраннікамі. У раённы Савет дэпутатаў на працягу 2016 года паступілі тры пісьмовыя звароты, заяўнікам дадзены тлумачэнні. За бягучы перыяд паступіла шэсць пісьмовых зваротаў грамадзян: 2 пытанні па водазабеспячэнні, 2 – жыллёвага характару, 1 – аб упарадкаванні назвы населенага пункта, 1 – пра паляпшэнне экалагічнай абстаноўкі. Усе ўзнятыя праблемы вырашаны станоўча.

Падчас асабістага прыёму грамадзян і юрыдычных асоб да старшыні райсавета дэпутатаў паступіла 6 зваротаў, па ўсіх дадзены тлумачэнні і прыняты меры для станоўчага вырашэння. З пачатку года С. Ф. Глінскі правёў 6 «прамых тэлефонных ліній», прыняў 18 зваротаў. Большасць з іх тычыліся дзейнасці жыллёва-камунальнай гаспадаркі і дарожных службаў. Многія пытанні вырашаны здавальняюча.

Летась з мэтай чарговасці рамонту дарог Валожыншчыны райвыканкам стварыў камісію па правядзенні іх абследавання. У склад яе ўвайшоў і дэпутацкі корпус. Сёлета на рамонт асфальтабетонных і асфальтаванне гравійных участкаў неабходна затраціць каля 2,5 млн рублёў. Сёння выдзеленыя сродкі асвоены амаль на 85 працэнтаў. Такая інфармацыя другі год запар абмяркоўваецца і даводзіцца да жыхароў раёна праз газету.

Прэзідыум раённага Савета дэпутатаў штогод падводзіць вынікі конкурсу сярод Саветаў дэпутатаў першаснага ўзроўню па вырашэнні пытанняў забеспячэння жыцця насельніцтва. Створана і пастаянная маніторынгавая група для аператыўнага разгляду актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. Варта сказаць, што перад рэгіянальным сходам прайшла чарговая сесія, падчас якой было прынята рашэнне аб стварэнні свабоднай ад курэння зоны ў райцэнтры. Яна замацавана за тэрыторыяй гарадскога возера, за выключэннем прылеглай да кафэ «Мара» пляцоўкі.

На Валожыншчыне разам з мясцовымі Саветамі паспяхова працуе сістэма органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. У іх задзейнічаны 150 старастаў. Сярод лепшых – стараста вёскі Макрычаўшчына Іван Іванавіч Грышчук, аграгарадка Сівіца Марына Феліксаўна Маляўская і Марыя Міхайлаўна Астаповіч, якая прадстаўляе населеныя пункты Юзафова, Казельшчына, Кібуці, Бурмакі. Напрыканцы мерапрыемства гэтыя людзі, а таксама самыя актыўныя дэпутаты і кіраўнікі прадпрыемстваў атрымалі за сваю працу Падзячныя лісты раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.

З пачатку года праведзены 200 сходаў грамадзян. Самыя актуальныя пытанні – добраўпарадкаванне дарог і вуліц, іх падсыпка і грэйдзіраванне, адлоў бадзяжных сабак, спілоўванне старых аварыйных дрэў, рэгуляванне вулічнага асвятлення, захаванне графіка руху аўтамагазінаў райспажыўтаварыства і пытанні, звязаныя з утрыманнем асабістых падсобных гаспадарак.

Кантралююцца і арганізоўваюцца мерапрыемствы па добраўпарадкаванні і падтрыманні санітарнага парадку на тэрыторыі раёна. На працягу мінулага года і за бягучы час прайшоў шэраг суботнікаў. Дэпутаты пярвічнага ўзроўню паклапаціліся пра азеляненне сваіх сельсаветаў, разам з дзецьмі паўдзельнічалі ў пасадцы лесу ў Валожынскім лясніцтве.

Летась знесены 37 старых хат і 1 дом у горадзе Валожыне, затрачана 11149 рублёў бюджэтных сродкаў. З пачатку 2017 года ў раёне знесены 45 старых дамоў, з іх 18 – у Гародзькаўскім сельсавеце, 9 – у Івянецкім, па 5 – у Валожынскім і Пяршайскім, 4 – у Дорскім, па 2 – у Ракаўскім і Вішнеўскім. 8 дамоў у сельскай мясцовасці знесены за кошт бюджэтных сродкаў (затрачана 6738 рублёў), 37 старых хацін знесены за сродкі грамадзян. 30 участкаў пасля зносу добраўпарадкаваны, на 3-х распачата новае будаўніцтва. Яшчэ 12 уцягнуты ў севазварот. Сістэматычна праводзіцца работа па абкошванні тэрыторый 424 сельскіх населеных пунктаў і 75 грамадзянскіх могілак.

У сельскіх населеных пунктах у мінулым годзе прайшло 27 “свят вёсак”. За бягучы прамежак часу такія святы ўжо адбыліся для жыхароў 24-х сельскіх населеных пунктаў.

Адным з прыярытэтных напрамкаў у навядзенні парадку на зямлі з’яўляюцца мерапрыемствы па рэгуляванні распаўсюджвання колькасці баршчэўніку Сасноўскага. Яго агульная плошча складае 34 гектары – у асноўным Ракаўскі і Івянецкі сельсаветы. Са сродкаў мясцовага бюджэту выдзелена 14389,79 рубля на барацьбу са шкоднай раслінай, але гэтых грошай аказалася недастаткова. Таму, як адзначыў С. Ф. Глінскі, пры фарміраванні бюджэту 2018 года трэба будзе ўлічыць такі факт і зрабіць адпаведныя высновы.

Землеўпарадкавальнай службе райвыканкама сумесна з органамі кіравання першаснага ўзроўню пастаўлена задача забяспечыць жадаючых участкамі для будаўніцтва з ліку свабодных, пустуючых надзелаў у вёсках. На сённяшні дзень налічваецца 336 такіх участкаў. Па стане на 1 жніўня перададзены ў прыватную ўласнасць 70 зямельных участкаў на суму 88080 рублёў, 38 прададзены праз аўкцыёны. Выручка склала 335744 рублі. Лідар продажаў – Ракаўскі сельсавет. Заробленыя сродкі накіроўваюцца на добраўпарадкаванне адміністрацыйных тэрыторый і развіццё інфраструктуры.

Старшыні сельскіх Саветаў сумесна з кіраўнікамі гаспадарак аказваюць дапамогу насельніцтву ў вядзенні асабістай падсобнай гаспадаркі. З раённай сцэны агучылі імёны кіраўнікоў ААТ «Агра-Дубінское» Г. В. Каспяровіча, СГУ «Бабровічы» УП «Мінскаблгаз» Г. В. Бычкоўскага, КСУП «Пяршаі-2014» Я. Я. Скрундзя, КСУП «Сугвазды-агра» Н. І. Мацкевіч. Гэтыя людзі ніколі не адмаўляюць на просьбы ў апрацоўцы прысядзібных участкаў, аказваюць усе віды паслуг, пачынаючы ад унясення арганічных угнаенняў і заканчваючы ўборкай зерневых, бульбы і нарыхтоўкай кармоў, дапамагаюць набываць буйную рагатую жывёлу і яе маладняк.

З пачатку года Валожынскім філіялам Маладзечанскага малочнага камбіната закуплена 1073 тоны малака ад кароў у насельніцтва. Гэта на 73 тоны менш, чым летась. Пагалоўе кароў у насельніцтва штогод зніжаецца, на сёння вяскоўцы трымаюць 929 галоў буйной рагатай жывёлы (у тым ліку 783 каровы). За апошнія пяць гадоў гэта колькасць зменшылася на 950 жывёл.

Па выніках выступлення, з улікам прадастаўленых дакументальных мультымедыйных пацвярджэнняў, работа раённага Савета дэпутатаў ацэнена станоўча. Былі і акрэслены задачы на перспектыву. У прыватнасці, для павышэння эфектыўнасці дзейнасці дэпутатаў Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў у далейшай працы неабходна прадоўжыць практыку выязных сесій, семінараў і вучоб, заслухоўванне справаздач аб рабоце ў выбарчых акругах. Мэта райсавета дэпутатаў – зрабіць так, каб грамадзяне добрасумленнай працай, актыўным удзелам у грамадскім жыцці жадалі і мелі магчымасць прыносіць карысць дзяржаве.

Асобным словам варта адзначыць багаты асартымент харчовай прадукцыі, выстаўлены на дэгустацыю прадпрыемствамі райспажыўтаварыства, філіяла Маладзечанскага малочнага камбіната і КСУП “Пяршаі-2014”, а таксама прадуманую тэматычную канцэртную праграму, якую падарылі прысутным творчыя калектывы і артысты раённага Цэнтра культуры.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара

2

 (Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання Мікалай Вячаслававіч РАДАМАН у час мерапрыемства падзяліўся з прысутнымі пытаннямі, якія разглядае апошнім часам верхняя палата Парламента)

3

(У ліку ўзнагароджаных – дэпутаты А. С. ПЕТРАШКЕВІЧ і С. М. БУБНЕВІЧ)

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars