Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

4

11 верасня 60-гадовы юбілей адзначыць Івянецкі музей традыцыйнай культуры. Праўда, шэсць дзесяцігоддзяў таму адкрываўся ён як музей жалезнага рыцара рэвалюцыі Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага, асобе якога цяпер адведзена толькі невялікая экспазіцыя. А ў тыя гады Івянец звязвалі менавіта з імем Дзяржынскага…

Аднак прыемна, што такая ўстанова ў гарадскім пасёлку існуе і каля яе віруе культурнае жыццё яго жыхароў. У гонар юбілейнай даты плануюць адкрыць новую выставу, таксама збяруць былых супрацоўнікаў, якія ўносілі свой уклад у развіццё музея. Дарэчы, і пра Фелікса Эдмундавіча іншы раз людзі ўспамінаюць. Гэтым летам, напрыклад, прыйшло пісьмо з Гродна. Сям’я складае свой радавод і адшуквае стрыечную сястру Дзяржынскага Станіславу і звесткі пра яе. Звярнуліся за дапамогай у музей.

 

Не першы год, згодна з адпаведным указам, прымаюцца меры па скарачэнні колькасці пустуючых дамоў на тэрыторыі сельскай мясцовасці. У бягучым годзе па раёне ў рэестр унесены 74 пустуючыя дамы.

 

Толькі сёлета па рашэнні суда 26 з іх прызнаны ўласнасцю адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. На 1 жніўня знесены 42 пабудовы (многія чакалі свайго часу яшчэ з мінулага года). 37 тэрыторый добраўпарадкаваны. А якая карпатлівая і доўгая работа папярэднічае гэтаму, колькі патрабуецца часу на давядзенне справы да суда, які можа і адмовіць!.. Па Валожынскім сельсавеце ўнесены ў рэестр 10 дамоў, 5 прызнаны судом пустуючымі, перададзены ва ўласнасць сельвыканкама і ўжо знесены. Па Вішнеўскім сельсавеце ў рэестры значацца 17 пабудоў, судом прызнаны 5, знесены 2; па Гародзькаўскім – у рэестр унесены 11, 6 прызнаны судом сёлета, знесены 18, тэрыторыі добраўпарадкаваны; па Дорскім – 7 уключаны ў рэестр, 2 прызнаны судом, знесены 1; па Івянецкім сельсавеце – 17 значацца ў рэестры, 6 прызнаны судом, 9 знесены; па Пяршайскім – 12 унесены ў рэестр, 2 прызнаны судом, 4 знесены. Толькі ў Ракаўскім сельсавеце і на тэрыторыі Івянецкага пасялковага Савета не значыцца пустуючых дамоў.

 

Сёння прыгажун белы касцёл у Івянцы “ўбраны” ў будаўнічыя рыштаванні. Са жніўня на яго вежах вядуцца рэстаўрацыйныя работы.

 

Абнаўляецца тынкоўка. Працуюць не толькі прафесіянальныя будаўнікі, але і самі вернікі. Адначасова ўцяпляюцца будынкі, дзе месцяцца спартыўная зала і кафэ, на тэрыторыі касцёла кладзецца тратуарная плітка.

 

На тэрыторыі Гародзькаўскага сельсавета на сённяшні дзень знаходзяцца 2 пустуючыя будынкі школ, 2 адміністрацыйныя будынкі, 1 ФАП, 1 клуб-бібліятэка і 10 магазінаў. Практычна ўсе яны чакаюць новых гаспадароў.

 

У верасні будынак магазіна ў вёсцы Кашчэлічы выкупіў гаспадар аграсядзібы “Хата”, што знаходзіцца ў вёсцы Малое Запруддзе, таксама на тэрыторыі дадзенага сельсавета. Там ён мяркуе працаваць з глінай, магчыма, адкрые ганчарную вытворчасць.

 

Чатыры маладыя спецыялісты прыйшлі сёлета ў раённы Цэнтр культуры. Час пакажа, чаму іх навучылі ў спецыялізаваных установах. Пакуль што аб’яўлены набор дзяцей, моладзі і нават дарослых у гурткі і студыі пры РЦК. Напрыклад, у гурток эстраднай песні “Жывы гук” запрашаюцца жыхары Валожына ад 18 да 45 гадоў.

 

Уладзімір Ціханоўскі будзе весці тэатральны гурток “Ярус”. Новаму кіраўніку, маладому спецыялісту Карыне Кашырскай перададзена ўзорная студыя эстраднай песні “Праменьчыкі”. Яна ж будзе весці гурток-дэфіле “Какетка”. У гурток “Юны мастак” вядзе набор Святаслаў Хурматаў. Метадыстам у народнае аб’яднанне народных майстроў “Скарбніца” прызначана Кацярына Голуб.

 

Напрыканцы жніўня адзначала свята вёска Забрэззе, дзе пражываюць больш за 200 чалавек. Яно было прымеркавана да царкоўнага свята, якое ў народзе завуць Гаспажа. Таму і пачалося са службы ў храме. А потым перамясцілася на вуліцу, на пляцоўку ля адміністрацыйнага будынка былога сельгаспрадпрыемства.

 

Падарункі ад Гародзькаўскага сельвыканкама былі дастаўлены ўдзельніку Вялікай Айчыннай вайны, 100-гадоваму Івану Антонавічу Качынскаму і аднаму са старэйшых вяскоўцаў Васілію Іосіфавічу Пашкоўскаму. А вось самая юная жыхарка – двухмесячная Мілана Крэпская – завітала на свята разам з бацькамі. Усяго сёлета на тэрыторыі сельсавета з’явіліся на свет 5 немаўлят, з іх чатыры хлопчыкі. Сярод тых, у чый адрас гучалі словы падзякі, была стараста вёскі Марыя Францаўна Сярэдзіч, а таксама гаспадары 8 лепшых падворкаў. Падарунак атрымала Вера Сямёнаўна Самсонава, у якой быў дзень нараджэння. Святочны настрой дарылі вяскоўцам работнікі Гародзькаўскай дзіцячай школы мастацтваў і Сакаўшчынскага сельскага Цэнтра культуры.

Грамадскія арганізацыі

4

6 верасня ў Валожынскай гімназіі прайшла святочная лінейка, прысвечаная юбілею Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. На мерапрыемстве ў шэрагі БРСМ уступілі вучні восьмых і дзявятых класаў – усяго 21 чалавек. Ва ўрачыстай абстаноўцы хлопчыкам і дзяўчынкам уручылі значкі і членскія білеты. Цяпер яны змогуць прымаць удзел ва ўсіх маладзёжных акцыях і мерапрыемствах арганізацыі.

Настасся ЛЯВІНСКАЯ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars