Уславілі друкаванае слова

18

Паўтысячы гадоў…

А колькі змен-вятроў

Прамчала-праплыло над Палатою…

Паўтысячы гадоў…

Мы ж сёння ўспомнім зноў

І ўславім Слова нашае святое.

Не рвецца часу ніць,

Што, бы струна, звініць

І звязвае падзеі ўсіх стагоддзяў.

Не рвецца часу ніць,

І Слова не гарыць,

Не тоне – праз вякі да нас даходзіць.

 

І ўжо сягоння нам,

Нашчадкам іх, – сынам

Зямелькі беларускае найлюбай

Захоўваць гэты скарб

І прымнажаці, каб

Іх, наша Слова, не аддаць на згубу.

 

Таму за годам год,

Каб зберагчы яго,

Ідзе па Беларусі свята Слова.

І ўслаўляем іх,

Асветнікаў усіх

І першадрукароў, і нашу мову!

Валянціна ГІРУЦЬ-РУСАКЕВІЧ

 

У трэці раз старажытны, але малады Полацк адзначыў Дзень беларускага пісьменства і друку. Адначасова жыхары і шматлікія госці горада святкавалі яго 1155-годдзе.

Згадванні пра Полацк датуюцца 862 годам у “Аповесці мінулых гадоў”. Гэта адзін з найстаражытнейшых гарадоў не толькі Беларусі, але і ва ўсім усходнеславянскім рэгіёне. Тут нарадзіўся беларускі першадрукар і асветнік Францыск Скарына. Дзякуючы яму, мы, беларусы, апярэдзілі нашых суседзяў: палякаў, рускіх, чэхаў, украінцаў і раней за іх атрымалі друкаванае слова. Полацк – радзіма Ефрасінні Полацкай, першай жанчыны Беларусі, прылічанай да ліку святых. Выхадзец з гэтых краёў Сімяон Полацкі быў прыдворным паэтам і настаўнікам дзяцей расійскага цара Аляксея Міхайлавіча, бацькі будучага імператара Пятра I.

У нядзелю невялікая дэлегацыя з нашага раёна змагла пабываць на гэтым агульнарэспубліканскім мерапрыемстве, акунуцца ў яго атмасферу, а таксама прадэманстраваць уклад сучасных валожынцаў у агульную літаратурную скарбонку.

3 верасня трохдзённы святочны марафон падыходзіў да завяршэння, але не было адчування, што арганізатары, удзельнікі ці тыя, хто проста прыйшоў паглядзець на ўрачыстасць, стаміліся. У паветры лунаў водар цукровай ваты, папкорну, смажанага мяса. Дзеці прасілі ў бацькоў дазволу пакатацца на шматлікіх атракцыёнах, бойка ішоў гандаль самабытнымі сувенірамі, вырабамі айчынных прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, на імправізаваных канцэртных пляцоўках выступалі самадзейныя калектывы. На кожным кроку сустракаліся  сімвалы свята: пячатка Францыска Скарыны, мастацкія выявы першадрукара. Нават выцінанкі на вокнах гімназіі былі зроблены па-майстэрску і  адлюстроўвалі помнік славутаму земляку на фоне ўзораў нацыянальнай вышыўкі. Але вочы раз-пораз натыкаліся на шыльды, указальнікі і інфармацыю на рускай мове, што падалося нелагічным на мерапрыемстве, прысвечаным нашай культуры і спадчыне. А вось у прыкладной творчасці недахопу беларускага каларыту не заўважалася: вышыванкі на любы густ і кашалёк, паясы, гліняны посуд, вырабы з саломкі.

Беларускія выдавецтвы арганізавалі шырокі продаж самай разнастайнай літаратуры. Можна было папоўніць асабістую бібліятэку выдатнымі фаліянтамі “Новай зямлі” Якуба Коласа ці паэмамі Янкі Купалы, шыкоўнымі фотаальбомамі пра прыроду і людзей нашай Айчыны, перакладамі на беларускую мову твораў сусветна вядомых замежных аўтараў, кнігамі па кулінарыі са стравамі старабеларускай кухні.

Самым прадстаўнічым аказалася “крыло”, падрыхтаванае Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь. У палатках знайшлося месца для друкаваных СМІ і забаўляльных праграм для дзяцей, кніжных выставак і дыскусійных клубаў. У супрацьлеглым баку бульвара ладзіліся канцэрты, але па колькасці гледачоў журналісцкая пляцоўка не ўступала відовішчнай. Гэта выдатна даказвае: шматвекавая гісторыя друкаванага слова працягваецца, і спісваць кнігу, як аджыўшы сродак падачы інфармацыі і ведаў, яшчэ ранавата…

Велічная Полацкая Сафія белым караблём узвышаецца над горадам і глядзіцца ў воды Дзвіны. Будаўніцтва храма пачалося ў ХI стагоддзі. За тысячу гадоў ён стаў хрысціянскім сімвалам не толькі старажытнага Полацка, але і ўсёй Беларусі. 

Член ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Марыя ШАКУН была запрошана ў якасці ганаровага госця. На Дні беларускага пісьменства і друку гучаў голас нашай зямлячкі – яна прачытала некалькі сваіх вершаў, якія прыйшліся даспадобы аматарам беларускай паэзіі. 

13

Творчая праца, паэтычнае майстэрства кіраўніка раённай “Руні” Валянціны ГІРУЦЬ-РУСАКЕВІЧ вядомыя ў колах знаўцаў беларускай літаратуры. За вернасць нацыянальным традыцыям, а таксама за актыўны ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Лета з добрай кнігай” наша зямлячка ўзнагароджана Ганаровай граматай за подпісам старшыні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Мікалая Чаргінца. Валянціна Францаўна затрымалася каля помніка літары “Ў”, якая існуе толькі ў нашай мове. 

14

Ці ведаеце вы, што ў Міёрскім раёне існуе самы маленькі горад у Беларусі і называецца ён Дзісна? Пра гэта нам расказала яго жыхарка Людміла ГАНЕБНАЯ. Разам з калегамі па Клубе рамёстваў яна прывезла ў Полацк арыгінальныя вырабы: вопратку ў старабеларускім стылі, саматканыя посцілкі, тканыя ручнікі, сурвэткі. 

15

Удзельнік літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр ГРЫНКІН і вершы піша, і паспяхова займаецца сельскай гаспадаркай: вырошчвае пладовыя дрэвы, вінаград, ягады. Першы месяц восені для яго асаблівы, бо ў ім адзначаюцца два важныя святы – “Дажынкі” і Дзень беларускага пісьменства і друку. І ўсё ж перавагу Аляксандр Пятровіч аддае апошняму. Лічыць, што без культуры чалавек – проста жывая істота…

16

 У адным з павільёнаў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь можна было пабачыць станок першадрукара і нават пад кіраўніцтвам майстра паспрабаваць на ім “адціснуць” некалькі старонак.

17

Моладзь Полацка (школьнікі, студэнты) да 1155-годдзя роднага горада збудавала макеты яго архітэктурных помнікаў. На адной пляцоўцы, якая размяшчалася акурат насупраць галоўнай сцэны, сышліся разам Сафійскі сабор у першапачатковым выглядзе, корпус былога езуіцкага калегіума, Лютэранская кірха, брацкая школа, домік Пятра і іншыя.

18

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтар

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars