Сердце отдаёт детям

Общество

Прыгожая, далікатная жанчына з задумлівымі вачыма паэтэсы, з пальцамі тонкімі, як у піяністкі, якія аднолькава спрытна ўмеюць варыць абед і прыбіраць дом, вязаць пруткамі і вышываць гладдзю, працаваць на камп’ютары…

Усё гэта – пра Валянціну Аляксандраўну Залескую – галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі райвыканкама. А “гаспадарка” ў яе сапраўды вялікая – 23 установы, якія забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыі ў раёне. А яшчэ Валянціна Аляксандраўна ў якасці дэлегата ад нашага раёна  ўдзельнічала ў рабоце IV Усебеларускага народнага сходу. Менавіта з гэтага мне і хацелася б пачаць нашу размову, якая пройдзе, спадзяюся, на хвалях шчырасці і дабрыні.

— Валянціна Аляксандраўна, зараз Вы, як і ўсе астатнія дэлегаты сходу, папулярны ў раёне чалавек. Якія ўражанні перапаўняюць?

— Да гэтага часу з заміраннем сэрца ўспамінаю той стан, які панаваў у душы ўвесь час, пакуль праходзіў сход, і доўга пасля яго. Гэта такая радасць і адказнасць: усведамляць, што землякі менавіта табе даверылі стаць удзельнікам галоўнага народнага веча. Як педагога, мяне ў першую чаргу цікавілі пытанні адукацыі і выхавання. Аднак не пакінула раўнадушнай і ўсё іншае, пра што гаварылася на сходзе: расце дабрабыт людзей, павышаюцца заробкі і пенсіі, паляпшаецца ўзровень жыцця нашых суайчыннікаў. Тым больш разумела, што пасля сходу давядзецца выступаць у калектывах, а для гэтага ўсё ўбачанае і пачутае трэба было пераасэнсаваць, прапусціць праз сябе.

— У якіх калектывах, арганізацыях Вы пабывалі?

— Адразу ж пасля сходу папрасілі выступіць і падзяліцца ўражаннямі перад кіраўніцкім корпусам і ідэалагічным актывам раёна на Дні інфармавання насельніцтва, на метадычным аб’яднанні кіраўнікоў навучальных устаноў. Выступала ў ліцэі, РЦГіЭ.

— На новай пасадзе працуеце другі год. Шмат ужо зроблена. А якія накірункі ў развіцці дашкольнага выхавання раёна акрэслены на бліжэйшую перспектыву?

— Рэформа школы скончана, эксперыментаў больш не будзе. Аднак цяпер важна напоўніць наша жыццё якасцю выкладання. Пра тое, што зроблена ў раёне, ужо шмат гаварылася, у тым ліку і на старонках газеты. А планы на будучае грандыёзныя. І ў першую чаргу – узвядзенне новага дзіцячага сада ў Івянцы. Гэта будзе самы сучасны цэнтр дашкольнага развіцця. Неабходна пераўкамплектаваць і гарадскія сады.  У большасці з іх выкарыстоўваецца састарэлае медыцынскае абсталяванне, не хапае медработнікаў. Плануем замяніць вокны на шклопакеты, устанавіць прыгожае бяспечнае надворнае абсталяванне для гульняў. У Ракаве хацелася б адкрыць санаторную групу. Нядаўна ў сады раёна паступіла 555 камплектаў пасцельнай бялізны, закупленых за сродкі раённага бюджэту. Важнай праблемай застаецца і кадравае забеспячэнне, моладзь не жадае працаваць у дзіцячых садах, застаюцца толькі энтузіясты.

— Як здарылася, што настаўніца матэматыкі пайшла працаваць у дзіцячы сад? Не шкадуеце?

Ніколькі. 27 гадоў назад прыехалі ў Валожын з мужам. Тады дзіцячы сад № 5 лічыўся ведамаснай установай. Таму была перспектыва атрымаць жыллё. Меркавала, што папрацую часова, але нездарма кажуць, што няма ў жыцці нічога больш пастаяннага, чым часовае. Жыллёвае пытанне вырашылі толькі нядаўна, а працаваць засталася ў гэтай сферы на ўсё жыццё. Пачынала выхавальніцай, затым старшай выхавальніцай, метадыстам. А ў 2001 годзе ўзначаліла калектыў. Вялікае дзякуй сёння магу сказаць сваім настаўніцам у жыцці і ў прафесіі – былой загадчыцы Людміле Міхайлаўне Афанасьевай, Галіне Фёдараўне Салаўцовай і Ніне Іванаўне Лях. Урэшце, што б чалавек ні рабіў, жыццё само вырашыць, што яму больш трэба.

Усе мы родам з дзяцінства. Раскажыце, калі ласка, пра сваё?

У памяці кожнага гэта пара намалявана сваімі, адметнымі фарбамі. Маё дзяцінства асацыіруецца толькі з яркімі, радаснымі колерамі. Прайшло яно на Гомельшчыне, у вёсцы Лясковічы, што непадалёк г. п. Акцябрскі. Хоць цяпер дакладна ўжо і не ведаю, дзе больш мая малая радзіма: той пасёлак на Гомельшчыне ці райцэнтр Валожын на Міншчыне, дзе пражыла большую частку свядомага жыцця.

Тыя мясціны яшчэ называлі Рудабельскай рэспублікай – славуты партызанскі край, куды амаль не ступала нага ворагаў у час Вялікай Айчыннай вайны. І сёння, праз гады, мне часта сняцца нашы лес, рэчка, сцежкі, па якіх бегалі дзецьмі. Адчуваю вялікую настальгію па былым, а паехаць туды не заўсёды ёсць магчымасць. Ды і бацькоў ужо некалькі гадоў як не стала. Мой знакаміты аднакласнік Віктар Аслюк, лаўрэат Канскага кінафестывалю, зняў дакументальны фільм пра нашы мясціны “Я живу на краю”. Мы сапраўды жылі быццам бы на мяжы трох абласцей: Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай. Выйдзеш вечарам на вуліцу, з аднаго боку свецяцца агні Мінскай, з другога – Магілёўскай.

— Чаму Вас навучылі бацькі?

— Іх жыццё было складаным і незайздросным, перажылі вайну, перацярпелі многа гора. Маці страціла на вайне бацькоў і сама, на сваіх плячах, вынесла з агню брата. Лёс іх не надта песціў і потым: трое першых дзяцей памерлі. Аднак яны заўсёды вучылі не адчайвацца, горда трымаць галаву. А яшчэ ўкладвалі ў нас мудрасць, вернасць традыцыям, любоў да роднай зямлі. Яны ж былі простымі сялянамі, працаўнікамі. Маці ў асноўным займалася гаспадаркай, домам, добра шыла. Да таго ж ведала такую колькасць прыказак і прымавак, на кожны жыццёвы выпадак! Бацька працаваў механізатарам у мясцовым саўгасе-міліянеры “Арэса”, заўсёды быў перадавіком, меў узнагароды. Яны выгадавалі чацвярых дзяцей, дзве дачкі і двух сыноў, і сёння ўжо можна казаць пра тое, што кожны з нас знайшоў месца ў жыцці і выбраў сваю дарогу. І ўсё гэта – дзякуючы бацькам, якія прывучылі нас да працы, адказнасці, вучылі жыць дружна, чапляцца адзін за аднаго. Так мы зараз і робім.

Памятаю, што ў нас першых у вёсцы (а гэта каля тысячы двароў) з’явіўся тэлевізар, і аднавяскоўцы вялікім натоўпам заходзілі ў госці па вечарах. Бацька вельмі песціў нас, часта купляў салодкія пачастункі.

– Ці паўплывалі яны на выбар Вашай прафесіі?

– У школьныя гады вельмі любіла маляваць, чарціць, і рабіла гэта даволі нядрэнна. Ды і ад матулі ў спадчыну атрымала ўменне шыць, вязаць пруткамі і кручком, вышываць (у нашых краях была асабліва папулярная вышыўка гладдзю). Таму пасля восьмага класа хацела вучыцца на мадэльера. Аднак празмерна клапатлівыя бацькі не дазволілі мне, чатырнаццацігадовай дзяўчыне, пакінуць родную хату. Прыйшлося заканчваць дзесяць класаў. А на выбар прафесіі хутчэй паўплываў дырэктар школы. Прыехаў да бацькоў і прапанаваў паступаць у Мозырскі педінстытут на фізіка-матэматычны факультэт. Гэтыя прадметы таксама ведала на “выдатна”. Я хутчэй ад прыроды фізік, чым лірык, як гэта можа паказацца з першага погляду. Так я стала настаўніцай. У час чарговай паездкі ў сталіцу да сястры пазнаёмілася з будучым мужам. Такі паварот лёсу прымусіў перавесціся ў Мінскі педінстытут.

— ДЦРД “Расінка” ў нейкай ступені лічыцца эталонам для іншых. Вы ўзначальвалі гэту ўстанову амаль 10 гадоў. Перайшоўшы на новае месца працы, ці не сумуеце па сваім садку, па дзецях?

— Тут дазвольце не пагадзіцца. Нельга лічыць нейкі сад эталонам, прыкладам. Сёння кожны мае свой адметны твар, сваю “изюминку”, ганарыцца сваімі выхаванцамі. Ды і тэрыторыя ў кожнага адметная, непаўторная. Кіраўнікі дашкольных устаноў імкнуцца аб’яднаць вакол сябе таленавітых выхавацеляў, метадыстаў, псіхолагаў, медыцынскі персанал. А калі і адчуваецца нейкая розніца, то толькі з-за фінансаў. Але і гэта мы, работнікі аддзела адукацыі, стараемся выправіць. А што да былога месца працы, то канешне сумую, але не па сценах, а хутчэй па дзецях, калектыву. Ніякую, нават самую геніяльную ідэю не змагла б увасобіць у жыццё без сваіх калег-аднадумцаў. Той высокі статус, які “Расінка” атрымала ў апошнія гады, – агульная наша заслуга.

— Ці ўдалося так арганізаваць работу на новым месцы, каб людзі браліся за справу па закліку сэрца, па загаду душы? Якога тыпу кіравання прытрымліваецеся?

— Мне лягчэй папрасіць, чым загадаць. Працаваць камфортна і эфектыўна атрымліваецца тады, калі ўмееш дамовіцца – у такім выпадку ўсё будзе зроблена. А наогул стараюся адшукаць залатую сярэдзіну, хоць гэта і складана. Не хачу, каб людзі працавалі пад прымусам. Усе разам мы працуем у адной звязцы, дружным калектывам. Стараюся не караць – зноў жа, для мяне лепш пагаварыць, растлумачыць – і як правіла, мы знаходзім паразуменне. Упэўнена, што здароўе і жыццё дзяцей важней за інструкцыі і дакументы.

– Якімі якасцямі, на Вашу думку, павінен быць надзелены сучасны настаўнік, выхавацель?

— Сучасны настаўнік павінен добра ведаць псіхалогію дзяцей. Ды і валодаць камп’ютарам таксама трэба – без гэтага цяпер нельга. А яшчэ настаўніку неабходна быць прынцыповым і заўсёды паказваць добры прыклад сваім вучням.

— Вы працаголік?

— Сябры кажуць, што так. У мяне сапраўды на першым месцы работа. Ды і наогул, калі мы, жанчыны, збіраемся разам, спачатку размаўляем пра работу, потым пра дом, сям’ю. І ўсё радзей наадварот.

— Які від спорту, па-Вашаму, лепш за ўсё дапамагае аднаўляць сілы?

— Плаванне ў басейне. На жаль, такой магчымасці мы пазбаўлены.

— Як Вам удаецца заўсёды так прыгожа і элегантна выглядаць?

Ніякіх асаблівых намаганняў для гэтага не прыкладваю. З гадамі выпрацаваўся асабісты стыль. Стараюся быць самой сабой. Усе рэчы ў асноўным купляю ў магазінах, на рынку бываю рэдка. Падабаецца адзенне рэспубліканскага Цэнтра моды, яно якаснае і эксклюзіўнае. Асаблівую непаўторнасць вобразу надаюць і рэчы, зробленыя сваімі рукамі.

— Калі здараецца вольная хвіліна, якому віду адпачынку аддаеце перавагу?

— Добрай кнізе. Адзін знаёмы параіў прачытаць “Невидимую Хазарию” Таццяны Грачовай. Пакуль у захапленні. А яшчэ настройваюць на пазітыўны лад песні Алены Ваенгі.

— Ці любіце падарожнічаць? У якіх краінах пабывалі?

— На Каўказе, Крымскім паўвостраве, у Прыбалтыцы. З краін далёкага замежжа наведвала Польшчу і Германію. Прычым апошнюю – неаднаразова. З нямецкімі калегамі сустракаемся з мэтай абмену вопытам. Нам, на жаль, яшчэ ёсць чаму ў іх павучыцца: і культуры харчавання, і культуры адносін, у тым ліку да дзяцей, і ўзаемадзеянню паміж дзецьмі, бацькамі і педагогамі. Ды і такія іх якасці, як дакладнасць, пунктуальнасць, абавязковасць, нам не пашкодзілі б. Падабаецца нямецкая ўвага да дробязей, стылю афармлення. Да таго ж яны заўсёды гатовы здзіўляць. У час апошняга візіту, напрыклад, запрасілі на канцэрт італьянскага музыканта Роберта Цісо, які іграе на бакалах. Калі слухаеш запіс такой музыкі, нават не здагадваешся, на якім “музычным інструменце” яна выканана.

– Ваш дэвіз жыцця?

– Хто не хоча працаваць, шукае прычыны, а хто хоча, шукае сродкі. А яшчэ зусім нядаўна прачытала такое выказванне: “Гэта немагчыма!” – сказала Прычына. “Гэта безразважна!” – заўважыў Вопыт. “Гэта без карысці!” – сказаў Гонар. “Паспрабуй…” – шапнула Мара.

Жадаю, каб усе не толькі кіраваліся ведамі і вопытам, але і часцей прыслухоўваліся да сваёй мары.

Гутарыла Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота Сяргея БОБРЫКА.



Добавить комментарий