Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

РУП “Валожынскі жылкамунгас” належыць 37 кацельняў. За міжсезонны перыяд ва ўсіх праведзены іспыты і прафілактычны рамонт абсталявання. Кацельня “Брылькі” стала першай кацельняй у раёне, пераведзенай на аўтаматычнае газавае абсталяванне. Раней яна працавала на мясцовых відах паліва і яе абслугоўвалі 4 машыністы. Цяпер жа кіраванне кацельняй і ўся інфармацыя будзе падавацца праз мабільную сувязь.

Па даных на 5 верасня ўжо атрыманы 31 “Пашпарт гатоўнасці крыніцы цяпла”. Пры плане 7 тысяч кубічных метраў драўнянага паліва нарыхтавана яго 8,7 тысячы кубаметраў. 30 адзінак прыбораў уліку цеплавой энергіі ў шматпавярховых жылых дамах мелі патрэбу ў дзяржаўнай праверцы. Усе яны правераны, і прыборы ўстаноўлены на сваіх месцах. Таксама дзяржаўную праверку прайшлі 27 прыбораў уліку цеплавой энергіі на цеплакрыніцах (кацельнях).

Медыцынскую сям’ю сярэдніх медработнікаў раёна сёлета папоўнілі 10 маладых спецыялістаў, выпускнікоў Слуцкага, Маладзечанскага і Мінскага медыцынскіх каледжаў. Акрамя таго ў калектыў райбальніцы прыехалі на працу малады повар, выпускнік Ашмянскага каледжа, і інжынер-электронік з дыпломам Гродзенскага ўніверсітэта.

Сярод навічкоў-медыкаў – два фельчары, адзін з якіх накіраваны ў аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі. А вось Ліліі Грыбоўскай аказаны давер кіраўніцтва — яна ўзначаліла Дубінскі фельчарска-акушэрскі пункт. Фельчар-лабарант накіравана ў клініка-дыягнастычную лабараторыю. 7 медыцынскіх сясцёр размеркаваны па розных аддзяленнях райбальніцы.

У № 4 (ліпень-жнівень) інфармацыйна-метадычнага часопіса “Адукацыя Міншчыны” пад рубрыкай “Даты, юбілеі, імёны” змешчаны артыкул метадыста цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна Ірыны Ваньковіч “Песня рамонкаў на жыццёвым полі”. Ён прысвечаны настаўніцы з вялікай літары Марыі Антонаўне Шакун, якая сёлета адзначыла сваё 80-годдзе.

За плячамі ў нашай зямлячкі, жыхаркі Валожына, не толькі доўгі шлях на настаўніцкай ніве. У даволі сталыя гады яна выпусціла некалькі літаратурных зборнікаў, стала членам Саюза пісьменнікаў Беларусі і з’яўляецца адным з самых актыўных, лёгкіх на ўздым членаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”.

 

Музей гісторыі Касцёла і жыццядзейнасці ксяндза Уладзіслава Чарняўскага быў адкрыты 24 студзеня 2016 года. Прапісаўся ён у Доме культуры аграгарадка Вішнева. Крыху больш чым за год тут пабывалі з экскурсіямі не толькі жыхары нашага раёна, многія наведвальнікі пакінулі свае водгукі ў спецыяльнай кнізе запісаў.

Першыя экспанаты ў музей перадала арганістка касцёла Марыя Язэпаўна Трапашка. Гэта малітоўнік “Голас душы”, выдадзены ў 1949 годзе, друкарская машынка “Эрыка”, якой карыстаўся ксёндз, а таксама ўласны зборнік, падрыхтаваны да 100-гадовага юбілею святара. Многія беларускія пісьменнікі і паэты перадалі сюды свае кнігі, рукапісы вершаў, прысвечаных знакамітаму святару. Толькі сёлета музей наведалі дзве групы экскурсантаў з Магілёва, дзве – з Польшчы, малады чалавек з Канады. А напрыканцы жніўня ў Вішнева наведаліся бацька і сын Кароль з Віцебска. Некалі тут працаваў міліцыянерам іх блізкі сваяк. У дарунак музею госці прывезлі малітоўнік “Божым шляхам”, выдадзены на беларускай мове ў 1946 годзе, і фаліянт “Скарбы Беларусі”.

 

6 маладых спецыялістаў прыехалі па размеркаванні ў дзіцячыя школы мастацтваў раёна. У Івянецкай школе мастацтваў стала магчымым адкрыць клас харэаграфіі, які даўно планавалі. Выпускніца Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Вікторыя Аляксандраўна Курдун набірае сваіх першых выхаванцаў.

Значны прыток свежых сіл прыйшоўся на аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У Валожынскай ДШМ будзе працаваць Дар’я Эдуардаўна Жук, у Ракаўскай – Валянціна Вячаславаўна Мамонька, у Дорах – Сяргей Андрэевіч Пупко. Адразу два новыя выкладчыкі з’явіліся ў Вішнеўскай школе мастацтваў: Дзіяна Аляксандраўна Букель будзе вучыць мясцовых дзяцей ігры на цымбалах, а Глеб Андрэевіч Красоўскі – на акардэоне.

 

Паўнапраўным партнёрам міжнароднага праекта “Птушка ў аб’ектыве” стала аддзяленне дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Тут створана экастудыя, распрацаваны план работы да канца года. Пажылыя людзі з задавальненнем уцягваюцца ў актыўную прыродаахоўную і творчую дзейнасць. Выезды на прыроду для назірання за птушкамі яны вырашылі сумясціць з захапленнем фатаграфіяй, чаму дапаможа добрая оптыка, пастаўленая ў рамках праекта. А вынікам такіх паездак-назіранняў павінна стаць фотавыстава птушкі горада і раёна ў розныя поры года.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars