Творчыя прыпынкі дапамаглі з выбарам

Официально

Нясумнай выдалася мінулая субота ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. У рамках Тыдня дадатковай адукацыі, які праходзіў з 4 па 9 верасня, праводзіўся набор у аб’яднанні па інтарэсах.

Супрацоўнікі ўстановы сумесна са школамі на працягу 6-і дзён актыўна рэкламавалі сваю дзейнасць: праводзіліся майстар-класы, гульнёвыя праграмы. Аднадумцаў шукалі больш за 30 аб’яднанняў па розных кірунках. Сярод іх – творчыя, спартыўныя, інтэлектуальныя, тэхнічныя.

Выніковым мерапрыемствам стаў квэст “Цэнтр рыхтуе сюрпрыз”. Педагогі дадатковай адукацыі разам з выхаванцамі, што даўно займаюцца любімай справай, арганізавалі для навічкоў вандроўку па творчым маршруце. Удзельнікі перамяшчаліся ад “прыпынку да прыпынку”, дзе атрымлівалі неабходную інфармацыю. Яны маглі ацаніць свае здольнасці і прыняць рашэнне, чым будуць займацца.

Кіраўнікі аб’яднанняў шчодра дзяліліся вопытам з юнымі аматарамі актыўнага ладу жыцця, расказвалі аб дзейнасці крэатыўных майстэрняў, магчымых перспектывах для іх удзельнікаў. На прыпынку “Лінгва-знайка” дзяжурыла Ала Вячаславаўна Грынкевіч, у “Пластылінавую краіну” запрашаў Павел Аляксандравіч Ляшчынскі, да “Азбукі бяспекі” клікала Людміла Дзмітрыеўна Лысенка – усяго працавалі 11 творчых пунктаў.

Акрамя таго для хлопчыкаў і дзяўчынак у гэты дзень прапаноўвалася шмат забаўляльных момантаў – вабіў батут, спецыяльныя фотапляцоўкі з тантамарэскамі (стэнды для фатаграфавання). Працавала імправізаваная пошта, была наладжана выстава работ гурткоўцаў, на якой прадстаўляліся экспанаты ў самых модных тэхніках – айрыс-фолдынг, скрапбукінг і інш.

Дырэктар цэнтра Марыя Валянцінаўна Кушнір адзначыла, што многія хлопчыкі і дзяўчынкі наведваюць адразу некалькі аб’яднанняў. Цікава, што ў тых, хто акрамя вучобы мае яшчэ і значную творчую нагрузку, адзнакі, як правіла, лепшыя.

3

4

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий