Пераможны кубак дастаўся валожынцам

Спорт

Каманда фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Валожынскага раёна прыняла ўдзел у першынстве Мінскай вобласці па міні-баскетболе сярод юнакоў 2005-2006 гадоў нараджэння.

За перамогу ў спаборніцтвах змагаліся 12 каманд. Спачатку былі праведзены адборачныя гульні ў групах А, Б, В. Валожынцам у якасці сапернікаў дасталіся каманды з Маладзечна, Пухавічаў і Мядзеля. У паўфінале нашы баскетбалісты сустрэліся з прадстаўнікамі Лагойска. Вынік: 77:4. У фінале гулялі чатыры каманды: Валожын, Маладзечна, Лагойск і Дзяржынск. За 3-е і 4-е месцы давялося змагацца Дзяржынску і Лагойску. Лёс 1-га і 2-га месцаў вырашыўся падчас паядынка хлопцаў з Валожына і Маладзечна. У выніку з лікам 67:42 перамаглі прадстаўнікі нашага раёна.

Вучняў СШ № 1 Данілу Лужынскага, Максіма Занямонца і гімназістаў Аляксея Яблонскага, Данілу Калугіна, Аляксандра Філіпеню, Уладзіслава Бруя, Аляксандра Менцюка, Сямёна Гарнашкевіча, Усевалада Маляўкіна, Аляксея Яблонскага, Аляксея Бычкоўскага, Уладзіслава Баранава і Івана Жукоўскага прывёў да перамогі трэнер цэнтра Леанід Уладзіміравіч Хвядчэня. У якасці ўзнагароды каманда атрымала пераможны кубак і дыплом. Кожнаму з юнакоў дасталіся грашовыя прэміі.

Наперадзе ў спартсменаў першынство рэспублікі сярод юнакоў 2005 года нараджэння, якое адбудзецца 21-24 верасня ў Віцебску.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий