Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Общество

У новым навучальным годзе ў Валожынскі сельскагаспадарчы прафесіянальны ліцэй прыняты на навучанне 73 першакурснікі. 47 з іх, альбо 65% ад агульнай колькасці, складаюць выпускнікі дзявятых класаў школ нашага раёна, астатнія прыбылі на вучобу з Мінска, Мінскага і Іўеўскага раёнаў. Да новага года праведзена значнае абнаўленне матэрыяльнай базы: зроблены рамонт сталовай і хола пры ўваходзе, трох вучэбных кабінетаў і слясарнай майстэрні.

Сёлета ў ліцэі набрана адна група з 25 чалавек, дзе будзе весціся навучанне дзвюм новым рабочым прафесіям: электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання і электразваршчык ручной зваркі. Калі першай прафесіі ў ліцэі некалі навучалі, то другая абсалютна новая для мясцовай прафесіянальнай установы. Дарэчы, прыём на навучанне на 88 працэнтаў забяспечаны заяўкамі і дагаворамі аб узаемадзеянні з арганізацыямі нашага раёна. Іншагароднім навучэнцам прадастаўлены месцы ў інтэрнаце. Бясплатныя абеды гарантаваны ўсім без выключэння, а навучэнцы з малазабяспечаных, нават валожынскіх сем’яў, і дзеці-сіроты забяспечваюцца трохразовым бясплатным гарачым харчаваннем.

 

28 жніўня было прынята чарговае рашэнне райвыканкама аб прызначэнні сямейнага капіталу.

Толькі за бягучы год яго атрымалі ўжо 52 сям’і, дзе нарадзілася трэцяе і наступнае дзіця. На гэтым прызначэнне гарантаванага дзяржавай капіталу ў памеры 10 тысяч долараў ЗША не спыняецца, рыхтуюцца дакументы на новых жанчын-маці. Сямейны капітал атрымалі жыхаркі Валожына Ірына Уладзіміраўна Рэут і Марына Вацлаваўна Кадырка, якія нарадзілі па трэцім дзіцяці. Таксама трэцяе дзіця з’явілася ў сям’і Алены Рамуальдаўны Алдыравай з аграгарадка Доры.

 

14 верасня ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры прайшло цікавае мерапрыемства – “Выстава аднаго экспаната”. Для азнаямлення выстаўлены арыгінальны альбом з фатаграфіямі сям’і Дзяржынскіх. На фотаздымках можна ўбачыць не толькі юнага будучага Жалезнага рыцара рэвалюцыі, але і яго бацькоў, іншых членаў сям’і.

Некалі сямейны альбом быў прывезены з радавога гнязда ў Івянец і захоўваўся ў сям’і Казіміра Дзяржынскага. Пасля таго, як фашысты расстралялі сям’ю Дзяржынскіх, альбом застаўся кватарантам. Пабываў ён нават у Расіі, быў перададзены біёграфу Ф. Дзяржынскага гісторыку і пісьменніку А. Ф. Хацкевічу, які ў сваю чаргу перадаў сямейную рэліквію ў тагачасны музей Ф. Э. Дзяржынскага. На мерапрыемства запрасілі вучняў Івянецкай СШ, сярод якіх былі і члены гістарычнага гуртка. Пагартаўшы старонкі альбома і пазнаёміўшыся з асобамі на старадаўніх фатаграфіях, падлеткі з цікаўнасцю паглядзелі фільм з дакументальнага цыкла “Обратный отсчет” – “Народжаны рэвалюцыяй”.

 

У дзіцячым садку № 6 “Вясёлы вулей” райцэнтра завершана поўная замена ацяпляльных батарэй у трох групах.

Новыя батарэі з’явіліся ў тых памяшканнях, дзе ў асенне-зімовы перыяд тэмпература была ніжэй за норму. Работы праведзены за кошт раённага бюджэту. За летнія месяцы ў групах з’явіліся таксама 4 новыя ванны для мыцця посуду. Набыты яны за сродкі райаграпрамтэхнікі, якая шмат гадоў з’яўляецца арганізацыяй-шэфам.

 

У адной з залаў Польскага дома ў Івянцы ў гэтыя дні дэманструюцца каля 30 работ фотамастака з Польшчы Анджэя Тважыдлы.

Выстава называецца “Над Нёманам”. Пазнаёміцца з ёй могуць усе жадаючыя.

 

З 7 па 9 верасня ў Брэсце праходзілі рэспубліканскія спаборніцтвы па стрытболе ў рамках спартакіяды па месцы жыхарства сярод дзяцей і падлеткаў. У іх прынялі ўдзел па 7 каманд.

Каманда юнакоў Мінскай вобласці заняла другое месца, дзяўчат – трэцяе. Гонар Міншчыны абаранялі прадстаўнікі нашага раёна. Абедзве каманды займаюцца на базе фізкультурна-аздараўленчага цэнтра ў Валожыне. Каманду сярэбраных прызёраў у складзе гімназістаў Уладзіслава Навіцкага, Мікіты Жука, Яўгена Пукалы, Аляксея Сучкевіча і Антона Віршыча рыхтаваў да спаборніцтваў Леанід Уладзіміравіч Хвядчэня. Каманду дзяўчат, дзе выступалі Ксенія Сіношына, Вольга Лысенка, Вераніка Рыцікава, Паліна Старасценка і Марына Більдзюк, – Іван Іванавіч Філістовіч.



Добавить комментарий