Пра адпачынак клапоцяцца прафесіяналы

Общество

   “Гарачая пара” ўборкі ўраджаю падыходзіць да завяршэння, і многія працаўнікі сельскай гаспадаркі, а таксама актыўныя дачнікі пачынаюць планаваць адпачынак. У гэтай справе ім дапамогуць прафсаюзы.

Адна з першачарговых нашых задач – стаяць на варце працоўных правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў сваіх членаў, клапаціцца пра іх здароўе, правядзенне вольнага часу, адпачынак. Практычна ва ўсіх калектыўных дагаворах ёсць пункты, якія прадугледжваюць матэрыяльныя выплаты да водпуску, на аздараўленне. Адзін раз у год чалавек можа гэтым скарыстацца.

Дык дзе ж лепш правесці адпачынак? Раю звярнуць увагу на прафсаюзныя санаторыі. У нашых здраўніцах не толькі камфортныя ўмовы для пражывання, але і аказваецца цэлы спектр медыцынскіх і касметычных працэдур. Усе прафсаюзныя аб’екты для адпачынку прадастаўляюць сваім членам і іх дзецям скідку ў 25 працэнтаў. Пагадзіцеся, гэта выдатная эканомія!

Немалаважным застаецца і тое, што не трэба далёка ехаць. 13 прафсаюзных санаторыяў размешчаны ва ўсіх абласцях рэспублікі. Ёсць магчымасць выбраць неабходны профіль лячэння: захворванні дыхальнай, сардэчна-сасудзістай сістэм, апорна-рухальнага апарату і іншыя. Там працуюць высокакваліфікаваныя прафесіяналы, практычна ўсюды ёсць мінеральныя воды і лячэбная гліна. У дадатак – свежае паветра, маляўнічая прырода. Можна прыязджаць аднаму ці з сям’ёй.

Набірае папулярнасць актыўны адпачынак на кароткі тэрмін, напрыклад, на выхадныя. Прафсаюзы арганізуюць экскурсіі, спартыўныя і забаўляльныя мерапрыемствы. Такія сумесныя паездкі не толькі дораць добры настрой, яны яшчэ і робяць працоўны калектыў больш дружным, маналітным.

Так, пра экскурсійныя паездкі прафсаюзнай пярвічкі РУП “Валожынскі жылкамунгас” добра ведаюць у нашым раёне. За апошні час камунальнікі пабывалі ў Германіі і Скандынавіі, адпачывалі на ўзбярэжжы Міжземнамор’я, наведалі хрысціянскія святыні ў Літве, Польшчы, Украіне, Расіі.

Для таго, каб ваш адпачынак стаў карысным і запамінальным, прафсаюз заўсёды пастараецца.

Вераніка ЗАГОРСКАЯ,

старшыня Валожынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў



Добавить комментарий