Дзецям у “Налібоцкай пушчы” добра і весела

Официально

У васьмі кіламетрах ад Валожына ў маляўнічым хваёвым бары размясціўся дзіцячы санаторый “Налібоцкая пушча”. Ён адзіны ў рэспубліцы, дзе лечаць захворванні скуры і падскурнай клятчаткі. Не пакідаюць тут па-за ўвагай і захворванні сістэм кровазвароту, стрававання, мочапалавой, касцёва-мышачнай, злучальнай тканкі, органаў дыхання.

Пабудаваны ён быў у 1981 годзе работнікамі большасці арганізацый Валожыншчыны. Я добра памятаю, як гэта адбывалася, бо мае бацькі прымалі ўдзел у работах, часам бралі з сабой і мяне малую. Пасля здачы аб’екта ён функцыянаваў як летні лагер для дзяцей з нашага раёна. Мне таксама не раз давялося там адпачываць. Прырода мясцовасці адмысловая, паветра проста прасякнута хваёвым водарам, што спрыяльна дзейнічае на агульны стан арганізма.

Пазней тут быў санаторый для дарослых. Затым зноў сталі адпачываць дзеці. Быў час, калі ўтрымліваць такі аб’ект стала нерэнтабельна, таму яго хацелі наогул закрыць і прадаць.

З 2012 года кіраваць установай пачаў Л. І. Аўдзей. Ён – галоўны ўрач філіяла “Дзіцячы санаторый “Налібоцкая пушча” ТАА “Белаграздраўніца” першай катэгорыі. Дзякуючы намаганням гэтага чалавека і ўсёй яго дружнай каманды пры актыўнай дапамозе былога генеральнага дырэктара, а з 2017 года старшыні Назіральнага савета аграпрамысловага саюза І. Ф. Аверчанкі, лячэбніца атрымала другое жыццё. Цяпер сюды з задавальненнем прыязджаюць дзеці ад шасці да пятнаццаці гадоў з усёй Беларусі. У школе санаторыя забяспечваецца вучэбна-выхаваўчы працэс для юных адпачывальнікаў.

За пяць гадоў, што ўстанову ўзначальвае Леанард Іосіфавіч, тут адбыліся значныя змены. Быў праведзены капітальны рамонт у шасці з васьмі спальных карпусоў, а таксама ў школе, бібліятэцы, зусім другім стаў лячэбны корпус. Акрамя кабінетаў масажу, святло- і электралячэння, інгаляторыя, абсталявалі памяшканне для ароматэрапіі. У ім вялізныя вокны на ўсю вышыню: гэта зроблена спецыяльна дзеля таго, каб падчас працэдуры можна было яшчэ і любавацца выглядам хваёвага лесу. На сценах добра абсталяванай залы ЛФК і механатэрапіі намаляваны вясёлыя звяркі, якія нібы заахвочваюць рабят да заняткаў на трэнажорах. Пабудавана ўнікальная спелеакліматычная камера. У перспектыве плануецца, што ў санаторыі з’явяцца хамам і басейн з мінеральнай вадой, дарожка Кнейпа.

Пасля мадэрнізацыі, з чэрвеня 2017 года, аднавіла работу водагразелячэбніца. Пра лекавую сілу гразі нашы продкі ведалі здаўна і выкарыстоўвалі яе пры розных захворваннях. У “Налібоцкую пушчу” завозяцца сапрапелевыя гразі возера Дзікае Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці і сульфідныя ілавыя гразі возера Сакі Крымскага паўвострава. На тэрыторыі санаторыя знаходзяцца дзве крыніцы з мінеральнай вадой, якую выкарыстоўваюць для піцця, інгаляцый, арашэнняў, ваннаў. Адметнай асаблівасцю з’яўляецца ўкараненне новага метаду яе выкарыстання. Ваду змешваюць з сапрапелевай граззю і прапаноўваюць у выглядзе гразеразведзеных ваннаў. Працэдуры тут праводзіць медсястра Ю. К. Кавальчык, яна ўмела ўпраўляецца з любым навамодным абсталяваннем. А тут яго даволі многа: лячэбныя ванны з падводам мінеральнай вады, гідрамасажныя ванны з хроматэрапіяй, гідранапорная ўстаноўка для падводнага душу-масажу, душавая ўстаноўка з наборам душаў (Шарко, цыркулярны, дажджавы, узыходны).

Правялі рамонт у саўне, цяпер падчас гэтай працэдуры можна атрымаць і аромалячэнне. Не абмінулі змены ў лепшы бок і басейн. Тут з’явілася падсвечванне вады. Закупілі хларатарную станцыю, дзякуючы якой узровень ph і Сl рэгулюецца аўтаматычна, акрамя таго адбываецца ультрафіялетавае абеззаражванне. Гаспадарыць у гэтым водным царстве Н. У. Вянсковіч. Адначасова яна працуе і інструктарам па лячэбнай фізкультуры.

Усе медсёстры маюць вялікі вопыт работы, першую і вышэйшую кваліфікацыйныя катэгорыі. Пацыентам прапаноўваюцца разнастайныя працэдуры, якія праводзяцца сапраўднымі спецыялістамі сваёй справы. У сувязі з гэтым кіраўніцтва санаторыя не аднойчы атрымлівала падзякі ад бацькоў выхаванцаў. Дзеці з задавальненнем ходзяць на ручны і вібрамасаж да А. М. Іода і В. С. Бітэль. Заўсёды з усмешкай сустракае наведвальнікаў у кабінеце электра- і святлолячэння Г. М. Рудовіч. Часта адпачывальнікам прыходзіцца мець стасункі з палатнымі медыцынскімі сёстрамі Е. В. Чараповіч, А. М. Александровіч, Л. Л. Загорскай, А. С. Кавэцкай, І. І. Зайчук. Яны ведаюць, што да гэтых жанчын у белых халатах можна звярнуцца ў любы час, і тыя заўсёды прыйдуць на дапамогу. А ўзначальвае калектыў сярэдніх і малодшых медыцынскіх супрацоўнікаў галоўная медыцынская сястра ўстановы з вышэйшай катэгорыяй А. С. Нехвядовіч: чалавек нястомнай працаздольнасці, добразычлівая, з вялікай колькасцю ідэй па добраўпарадкаванні тэрыторыі і развіцці санаторна-аздараўленчых паслуг.

У лячэбніцы працуюць чатыры ўрачы-педыятры I кваліфікацыйнай катэгорыі. А. С. Пусянкова акрамя гэтага яшчэ мае кваліфікацыю дэрматолага. Атрымаць кансультацыю ў такога спецыяліста – унікальная магчымасць, ва ўсёй Беларусі іх набярэцца чалавек 20. У складаных выпадках пацыентаў «Налібоцкай пушчы» прымае прафесар А. В. Панкратаў з кафедры дэрматавенералогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Дзве спецыяльнасці і ў Г. Ф. Малінінай. Яна адначасова оталарынголаг і педыятр.

Асаблівым гонарам для адміністрацыі і персаналу санаторыя з’яўляецца сталовая. Абсталяванню, што тут выкарыстоўваецца, многія могуць пазайздросціць. Такога халадзільніка, што складаецца з мноства вялікіх камер, тэмпературны рэжым якіх адлюстроўваецца і задаецца на спецыяльных датчыках каля ўваходных у іх дзвярэй, няма больш нідзе ў раёне. Уражвае і склад сухіх прадуктаў. У харчаблок закуплены стол з ахаладжэннем. Працуе дэгустацыйная зала. Загадвае вытворчасцю Л. А. Смолік. Повары маюць не ніжэй за 5-ы разрад. Не першы год гаспадараць на кухні А. І. Ланько і Т. С. Ясьманчык. У гэтых жанчын 6-ы разрад. Яны згатуюць любую страву і пададуць так, што і на конкурс не сорамна прадставіць.

Адпачывальнікам прапаноўваецца збалансаванае 6-разовае лячэбнае харчаванне. Дыетсястра Г. І. Барадака ўважліва сочыць, каб выконваліся патрабаванні розных відаў дыет. У меню часта выкарыстоўваюцца стравы нацыянальнай кухні. Дзеці з задавальненнем ядуць дранікі, мачанку з блінамі.

Ужо некалькі гадоў у «Налібоцкай пушчы» не закупляюць бутыляваную ваду, бо набылі і ўстанавілі сістэму водападрыхтоўкі. Наладжана таксама і біяачыстка вады, якая ідзе ў каналізацыю. Цяпер няма дрэнных сцёкаў, а значыць, не забруджваецца наваколле.

Дзякуючы працы пакаёвак С. П. Шукала, В. Л. Ільіной, І. А. Чараповіч, Т. У. Бяловай, у дзіцячых пакоях заўсёды чыста і ўтульна. Жанчыны бездакорна ведаюць свае абавязкі.

Пад кіраўніцтвам культарганізатара З. М. Унучак для рабят праводзіцца многа цікавых мерапрыемстваў, арганізоўваюцца экскурсіі ў Валожын, Мінск, Палачаны, Маладзечна. З асаблівым задавальненнем дзеці наведваюць дэльфінарый. У санаторый па запрашэнні прыязджаюць цырк, тэатр, планетарый. Выхавацелі А. А. Кунцэвіч і Е. К. Кананюк заўсёды ведаюць, чым цікавяцца іх падапечныя, і стараюцца з улікам гэтага арганізаваць сваю работу.

На жаль, не так лёгка набыць пуцёўку ў “Налібоцкую пушчу” жыхарам Валожынскага раёна. Мой сын, напрыклад, адпачываў тут некалькі разоў і з радасцю скарыстаўся б такой магчымасцю і сёлета, але ў гэтым годзе санаторый выйграў тэндар на аздараўленне па Чарнобыльскай лініі. Таму з нашага раёна можна было сустрэць толькі вучняў Пяршайскага ДССШ. Але ў валожынцаў ёсць унікальная магчымасць скарыстацца паслугамі, якія прапануюць у санаторыі, на платнай аснове. Прычым кошт на іх вельмі прымальны.

Не так даўно ва ўстанове адкрыўся стаматалагічны кабінет. Працуе ў ім вопытны спецыяліст В. У. Пратасевіч. Для кабінета набыта сучаснае абсталяванне, закупляюцца лепшыя пламбіравальныя матэрыялы, нядаўна з’явілася ультрагукавая ўстаноўка для зняцця зубных адкладанняў.

Сонца, паветра, насычанае фітанцыдамі, мінеральная вада, лячэнне гразямі знайшлі шырокае прымяненне ў аздараўленні, прафілактыцы і лячэнні маленькіх пацыентаў санаторыя «Налібоцкая пушча». Ім добра і весела. Амаль кожны, хто тут адпачываў, жадае наведацца сюды яшчэ.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

5

Кіраўнік філіяла “Дзіцячы санаторый “Налібоцкая пушча” ТАА “Белаграздраўніца Л. І. Аўдзей.

6

Медсястра Ю. К. Кавальчык абслугоўвае пацыентаў у водагразелячэбніцы.

7

Прыгожа і ўтульна ў памяшканні сталовай.

8

Прывабны выгляд мае басейн санаторыя.



Добавить комментарий