Паказалі добрыя веды

Спорт

Нядаўна прайшоў раённы тур алімпіяды сярод вучняў 5-7 класаў па веданню Правілаў дарожнага руху.

Удзельнікаў мерапрыемства гасцінна запрасіла СШ № 1 райцэнтра. А дэлегацыю давялося прыняць даволі прадстаўнічую: вучні з дзевятнаццаці школ раёна, настаўнікі, прадстаўнікі аддзела адукацыі і супрацоўнікі аддзялення ДАІ Валожынскага РАУС. За ходам конкурсу сачыла журы на чале з ветэранам спорту М. І. Шыянам.

Кожнаму канкурсанту было прапанавана дзесяць хвілін для адказу на восем нялёгкіх пытанняў. У агульнакамандным заліку першынство па праву дасталося юным знатакам Правілаў з сярэдняй школы № 1. Крыху ўступілі ім вучні Яршэвіцкай СШ, трэцяе месца занялі прадстаўнікі СШ з Подберазі.

Як зазначыў галоўны суддзя спаборніцтваў, сёлета дзеці паказалі выдатныя веды. У кожнай узроставай групе было па некалькі канкурсантаў, якія беспамылкова выканалі ўсе заданні, што вельмі ўскладніла выбар лепшага. Кіраваліся тым, хто першы справіўся, а лік часам ішоў на секунды.

З пераможцаў па асабістых выніках будзе сфарміравана раённая каманда, якая выступіць на абласных спаборніцтвах, якія, дарэчы, сёлета адбудуцца ў нашым горадзе.

Алена ЗБІРЭНКА.



Добавить комментарий