Уразіў Ракаў!

10

У мінулую нядзелю адшумеў Ракаўскі фэст… Ролю арганізатараў узялі на сябе аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, мясцовы сельвыканкам, пасольства Ізраіля ў Беларусі, Польскі інстытут у Мінску.

Пастараліся яны на славу. Мерапрыемства стала ўзорным па ўсіх параметрах: прадуманы сцэнарый, высокамастацкая культурная праграма, маштабны кірмаш і, галоўнае, незабыўная атмасфера гасціннасці і свята. Тут не было сумных твараў, нарасхват ішлі сучасныя і традыцыйныя прысмакі, бойка ладзіўся гандаль сувенірамі і антыкварыятам, завязваліся новыя знаёмствы, людзі весяліліся ад душы, жартавалі, пускаліся ў скокі.

За некалькі гадзін да асноўнага дзейства вуліцу Чырвонаармейскую “абляпілі” гандлёвыя палаткі. На “элітных” месцах кірмашу па перыметры плошчы Свабоды прадаваліся антыкварыят, эксклюзіўныя рэчы, прапаноўваліся стравы польскай, беларускай і яўрэйскай кухні.

Каля касцёла праходзіў пленэр мастакоў, размяшчаліся выставы плакатаў, фотаздымкаў, карцін. Яшчэ далей стракацеў і гудзеў дзіцячы забаўляльны цэнтр з каруселямі і атракцыёнамі. Недзе па вёсцы блукалі маладзёжныя каманды ў пошуках скарбаў кантрабандыстаў…

Далікатна падышлі арганізатары свята да вернікаў: канцэрт пачаўся толькі пасля таго, як прайшлі нядзельныя службы ў царкве і касцёле. Дарэчы, каталіцкі храм таксама стаў фестывальным аб’ектам – на імшы і пасля яе тут выступаў хор “Маёвая  кветка”. Варта зазначыць, што запрошаныя на фэст калектывы ўсе як адзін былі цікавыя, самабытныя, з рэгаліямі. Публіку не затрымаеш, калі выступленне не кранае душу. У Ракаве артысты літаральна купаліся ў прызнанні і апладысментах. Ансамбль акардэаністаў з Літвы, яўрэйскія музыканты, спевакі і танцоры, аркестр з Польшчы ўразілі, парадавалі і вока, і слых. Даказаць, што і мы не лыкам шытыя, выпала мясцовым славутасцям – “Гасцінцу” і “Арс Лонга”. У фестывальным карагодзе яны ззялі зоркамі першай велічыні.

Майстры прыкладнога мастацтва і народных промыслаў нашага раёна на фэсце таксама былі надзвычай запатрабаванымі. “Скарбніца”, аграсядзібы “Раўнавага”, “Дайноўскі двор” не толькі сябе паказалі і на людзей паглядзелі, але і грошы ад рэалізаваных тавараў у кішэні паклалі.

І ўсё ж пальму першынства за самы паспяховы бізнес-праект смела можна аддаць тым палячкам, палатка якіх размяшчалася па суседству з валожынскай “Скарбніцай”. Жанчыны ў нацыянальных строях намазвалі лустачкі хлеба “смальцам”, зверху клалі два скрылькі салёнага агурка і прадавалі па 50 капеек. Танны пачастунак разыходзіўся на ўра – палячкі толькі і паспявалі бегаць за хлебам ва ўніверсам “Ракаўскі”. Смалец той хутчэй нагадваў скварачкі, якія застаюцца пры тапленні здору. Яны спажыўныя, смачныя, але як ежа на продаж да гэтага часу не фігуравалі. Палячкі ўмудраліся намазваць іх вельмі арыстакратычна, не ў палец таўшчынёй, як гэта робіцца ў беларусаў. Відаць, выручка кожнага трохлітровага глінянага кубельца раўнялася дзесяцілітроваму вядру…

Чым гусцей станавіўся змрок, тым больш людзей віравала на плошчы, бо чакалася выступленне Лявона Вольскага, а пасля – святочны феерверк. Прыглядзеўшыся да натоўпу, можна было пабачыць артыстаў, тэлевядучых, літаратараў. Але яны мерклі на фоне ракаўскай публікі, прыбранай у нацыянальныя строі, эксклюзіўныя і экзатычныя касцюмы. Ад колькасці яркіх і прыгожых персанажаў разбягаліся вочы.

Неяк падчас гутаркі ракаўчанін, мастак Фелікс Янушкевіч сказаў: “Нам утульна жыць у нашай супервёсцы…” Сапраўды, Ракаў “супер” ва ўсім! І, што асабліва прыемна, тут жыве беларускі каларыт.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

9

Ракаўчанкі: майстар вышыўкі і ткацтва, знаток народнага касцюма Хрысціна ЛЯМБОВІЧ, юная скрыпачка Каміла ПЯТРОЎСКАЯ і кіраўнік “Гасцінца” Лізавета ПЯТРОЎСКАЯ.

10

Палякі паказалі сябе і ў танцах, і ў песнях. Цікавіліся івянецкай керамікай, беларускімі старадаўнімі строямі, хвалілі Ракаў, яго жыхароў і знаходзіліся ў вельмі добрым настроі.

11

Каваль з Івянца Вадзім БУГЛАК працаваў у кузні прама на фэсце. Дапамагаў яму ў гэтым сучасны міні-горан з электрапрывадам. Пакупнік мог заказаць яму выкаваць падкову ці адчаканіць манету і паназіраць за ўсім працэсам.

12

Гарбатай з лекавых раслін, варэннем з лясных ягад, мёдам частавалі Зміцер МУРАШКА і  Юлія ЛІТВІНАВА з Дайнавы Вялікай. Каб завабіць пакупнікоў – у іх арсенале цэлы “букет” эксклюзіўных рэчаў: самавар, які распальваецца яловымі шышкамі, сапраўдная старалітоўская гусарская шабля XVI стагоддзя. А яшчэ Зміцер выдатна іграе на старадаўнім беларускім інструменце, вельмі падобным выглядам і гукам да шатландскай валынкі, – дудзе.     

13

Ад сцэны не адарваць вачэй!

14

Мар’ян ЯНУШКЕВІЧ з Мішычаў прывёз на кірмаш столькі рэчаў, што любы музей народнага побыту пазайздросціў бы! Ён прапаноўваў знатакам даўнейшыя ялавыя і хромавыя боты, кажухі, кухонныя рэчы з медзі і чыгуну, а таксама цэлую калекцыю тканых посцілак і сувоі лёну.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars