У Рачаняты прыйшло свята!

Культура

    Ёсць на Валожыншчыне вёскі, назвы якіх гучаць сапраўднай мелодыяй. Рачаняты – адна з такіх. Невялікая, надзвычай утульная, яна дыхае спакоем. А рэчка, лес, палі, што прасціраюцца навокал, нібы просяцца на палотны мастакоў. Вядома, што ў добрых мясцінах жывуць добрыя людзі. У дачыненні да рачанятцаў – гэта факт.

Нядаўна адзін з падворкаў сабраў вяскоўцаў – карэнных жыхароў і тых, хто набыў тут дачы, –  на свята вёскі.

Вядучая Марына Чабай напачатку ўрачыстасці нагадала гісторыю населенага пункта, расказала пра яго жыхароў, звярнула ўвагу на тое, што з далёкіх часоў мясцовыя жыхары лічацца адмысловымі гаспадарамі. З гэтым пагадзіўся і дырэктар ААТ “Агра-Дубінское” Генадзій Вацлававіч Каспяровіч. Былі названы прозвішчы калгаснікаў, што ўнеслі значны ўклад у развіццё гаспадаркі, якая раней называлася калгасам “Зара”. За выдатнае ўтрыманне падворкаў падзякаваў старшыня Валожынскага сельскага савета Дзмітрый Казіміравіч Карачун. Ён адзначыў, што з такімі вяскоўцамі можна “горы звярнуць”.

Жнівеньскі выхадны дзень стаў добрай нагодай, каб разам павіншаваць юбіляраў. Нядаўна свае 85-гадовыя юбілеі адзначылі Алена Герасімаўна Фурс і Ганна Канстанцінаўна Рынкевіч, 80-ы дзень нараджэння сустрэла Галіна Уладзіміраўна Рудовіч. 55-годдзе адсвяткавала Святлана Уладзіміраўна Палянская. Не забыла дружная каманда ў гэты дзень і пра зусім маладога юбіляра – 25-гадовага Дзмітрыя Сіліна. Дарэчы, самай юнай жыхарцы Рачанятаў – Алісе Сілінай – нядаўна споўнілася 5 месяцаў. Самадзейныя артысты, як заўсёды, з агеньчыкам выступалі перад вяскоўцамі. Ларыса Шарко, Васіль Марзак, Ларыса Тур, Юлія Крамянецкая, Вольга Дзедуль, Дзмітрый Завацкі – вядомыя на Валожыншчыне работнікі культуры, з іх удзелам адбываецца большасць мерапрыемстваў раённага ўзроўню. Аднак самі артысты прызнаюцца, што менавіта ў такія моманты хочацца паказаць усе нюансы свайго таленту, як кажуць, выступіць з душой.

Адметнасцю гэтага свята стаў удзел у ім прадстаўнікоў і валанцёраў РАНС. Яны далучыліся да віншаванняў і скарысталі магчымасць, каб нагадаць жыхарам пра пажарную бяспеку. Выратавальнікі надаюць вялікую ўвагу падрыхтоўцы пячнога ацяплення да зімы, таму папрасілі вяскоўцаў заставацца пільнымі. Сюрпрызным момантам мерапрыемства стаў удзел у ім спецыяльнага пажарнага аўтамабіля. Дзетвара, якой сабралася даволі шмат, была ў захапленні. Тым больш, што спецыялісты аддзела правялі цікавыя конкурсы і віктарыны, разыгралі прызы. Хлопчыкам і дзяўчынкам дазволілі адчуць некаторыя асаблівасці жыцця выратавальнікаў – яны прымяралі форму, вучыліся карыстацца прыстасаваннямі для тушэння пажараў.

Святочныя эпізоды павольна змянялі адзін аднаго. Тут былі і ўспаміны пра былыя гады, і планы на будучыню. Па наваколлі разносіліся гукі музыкі і дзіцячы смех. Кожны ўдзельнік атрымаў памятны сувенір. Свята вёскі адбылося. Але яе жыхары спадзяюцца, што наступнае лета зноў збярэ іх і жаданых гасцей на вясёлае гулянне.

16

17

18

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий