У музея – юбілей!

Общество

11 верасня Івянецкі музей традыцыйнай культуры святкаваў шасцідзесяцігадовы юбілей.

Былы дом мясніка, пабудаваны ў 30-х гадах ХХ ст. у цэнтры мястэчка, з 1957 года з’яўляецца музеем. Спачатку насіў імя Ф. Э. Дзяржынскага, а 23 студзеня 2006 года ён быў перайменаваны ў Івянецкі музей традыцыйнай культуры.

Да ўстановы адносяцца некалькі аб’ектаў. Побач працуе Цэнтр рамёстваў з майстэрнямі “Ганчарня” і “Ткацтва”, экспазіцыяй “Традыцыйны посуд”, этнаграфічнай выставай ткацтва і прылад працы “Ад прадзедаў…”. Тут захоўваюцца і працягваюцца традыцыі. Майстры ў народных уборах дэманструюць сваё рамяство. У наведвальнікаў ёсць магчымасць не толькі паглядзець, але і паўдзельнічаць у рабоце.

На тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу, што вядомы мясцовым жыхарам як “панскі маёнтак”, адкрыты майстэрні “Мастацкая апрацоўка драўніны”, “Кузня”, можна наведаць карчму. У планах работнікаў музея – стварыць выставу, прысвечаную вайне, у старым доме Дзяржынскіх.

Сённяшняя экспазіцыя аформлена мінскімі мастакамі В. Кандрацьевым і В. Квасковым. Першая зала – “Гісторыка-этнаграфічная”, дзе можна паглядзець на рэдкія дакументы, кнігі, прадметы XIX – пач. XX ст. На паліцах знайшлі адпаведнае месца фотаздымкі і рэчы антыфашыстаў Казіміра і Люцыі Дзяржынскіх. Старэйшыя экспанаты – драўляныя чэрці і рымскія ваяры – датуюцца канцом XIX ст. і зроблены невядомым майстрам.

Наступная зала – “Кераміка. Традыцыі і сучаснасць”. У яе цэнтры – вітрына з фляндроўкай – візітнай карткай івянецкай керамікі. Распрацаваў прыём ганчар Вітольд Кулікоўскі ў другой палове XX ст. Дзякуючы яго настойлівасці і ініцыятыве, фляндроўка дасягнула такой выразнасці, што стала вядомай далека за межамі Беларусі. Зараз у мястэчку ёсць толькі адзін майстар, які працягвае традыцыю, – Алег Капуста.

У ХХ ст. у Івянцы працавалі дзве фабрыкі-мануфактуры па вытворчасці кафлі. Іх вырабы захаваліся ў музеі.

Наступная зала – выстава работ разьбяра Апалінара Пупко. Карыстаецца поспехам з 1993 года. Тут можна паглядзець на скульптуры, рэльефныя пано, жывапісныя творы. Экспазіцыя дапоўнена культавай пластыкай майстроў XVIII ст. Усё гэта – гонар музейнай калекцыі.

Мікалай Сямёнавіч КАРНЕЕЎ скончыў гістарычны факультэт у 1958 годзе. На размеркаванні яму прапанавалі выбраць месца працы. У спісе былі абласныя музеі, сярод іх – музей Ф. Э. Дзяржынскага. Ён і зацікавіў маладога спецыяліста. Тады ён яшчэ не ведаў, што Івянец – гэта не горад, а пасёлак. Прыехаў у мястэчка на грузавым таксі, бо аўтобусы паміж Мінскам і Івянцом не хадзілі. У той час музей уяўляў сабой невялікую фотавыставу – каля сотні здымкаў сям’і Дзяржынскіх.

Новаспечаны дырэктар музея прыступіў да працы. Спачатку адшукаў сяброўку Люцыі Дзяржынскай. Яна распавяла, як загінулі Казімір і Люцыя: іх арыштавалі за сувязь з партызанамі, пасадзілі ў падвал касцёла і праз пару дзён расстралялі ў лесе. Мікалай Сямёнавіч знайшоў месца пахавання і ўсталяваў там помнік. Стаў збіраць экспанаты: выкупіў у новых гаспадароў стол Казіміра, арганізаваў раскопкі на пажарышчы на хутары Дзержынова. Шмат працаваў у архівах, бібліятэках. Так ён абнавіў выставу, а ў 1962 годзе і зусім перарабіў музей – паклікаў мастакоў, якія аформілі залы. У Дзержынове стварылі філіял – пабудавалі драўляны дом, дзе размясцілі выставу.

Папулярнасць Івянецкага музея вырасла: у іншыя дні яго наведвалі да 16 экскурсій, прыязджалі людзі з усяго Савецкага Саюза.

Карнееў усё сваё жыццё прысвяціў музею і добраўпарадкаванню Івянца. Ён паклапаціўся аб тым, каб з нагоды стагадовага юбілею Дзяржынскага ў мястэчку абнавілі пошту і бальніцу, заасфальтавалі дарогі.

19

20

21

Настасся ЛЯВІНСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий