12 верасня ў ДУА “Сакаўшчынскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа імя В. А. Каваленкі” адбыўся семінар “Птушкі нашага краю: прыёмы і тэхніка фатаграфавання”. Мерапрыемства прайшло ў рамках праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які рэалізуецца ПРААН і фінансуецца Еўрапейскім Саюзам. Ён знаходзіцца ў стадыі завяршэння.
Раман Каліноўскі – прафесійны фатограф з дзесяцігадовым стажам. Менавіта яго запрасілі ў Сакаўшчыну, каб правесці майстар-клас і навучыць жадаючых фотасправе. Ён распавёў аб прынцыпах работы камеры, кампазіцыі, відах і характарыстыках аб’ектываў, навучыў наладжваць параметры для здымкі птушак. За тэарэтычнай часткай ішла практычная: вучні спрабавалі фатаграфаваць на вуліцы пад наглядам спецыяліста. Сам Раман падтрымлівае ініцыятыву Валожынскага сельвыканкама і знаходзіць праект цікавым.
Вучэбна-педагагічнаму комплексу і ДУ “Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” спонсары падарылі фотаапараты з неабходным абсталяваннем, каб усе жадаючыя маглі заняцца фотапаляваннем на птушак на беразе Сакаўшчынскага вадасховішча, дзе абсталявана база для бёрдвотчынга.
Здымкі птушак можна размясціць на сайце florafauna.by. Гэта – нацыянальная база даных дзікай прыроды Беларусі. Інфармацыю для яе збіраюць не толькі навукоўцы, але і аматары.
Настасся ЛЯВІНСКАЯ,
фота аўтара