Здаецца, яшчэ зусім нядаўна адгучаў развітальны вальс для выпускнікоў 2017 года, а ўжо падведзены вынікі ўступнай кампаніі. Сёлета ў раёне былі 24 залатыя і сярэбраныя медалісты, 11 з іх закончылі гімназію № 1 горада Валожына. Якасць ведаў пацвердзілася амаль стапрацэнтным паступленнем у ВНУ.
Стала студэнткай галоўнай прэстыжнай установы краіны – Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – выпускніца СШ № 1 Настасся Загорская.
Гонар СШ № 2 – стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў – Настасся Стэльмах паступіла ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Вучыцца тут пашчасціла і былым гімназістам Яне Бразінскай, Мікалаю Кавязу, Міры Шут.
Выпускніца Івянецкай школы, пераможца заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”, якая сёлета стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў, Ірына Багдановіч паступіла ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Студэнткай гэтай вышэйшай навучальнай установы стала і Вераніка Сівая, якая закончыла гімназію № 1, а Надзея Точка з Івянца скарысталася магчымасцю прайсці падрыхтоўку для паступлення ў наступным годзе на спецыяльным факультэце гэтай установы.
Кацярына Мучынская пасля заканчэння педкласа СШ № 1 была залічана ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка. Тут жа стала вучыцца і выпускніца СШ № 2 Наталля Гарнашкевіч.
Споўнілася мара Максіма Забары, які закончыў СШ № 1. Ён стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. У гэтай вышэйшай навучальнай установе працягнуць сваё навучанне выпускнікі гімназіі Дар’я Лугіна, Міхаіл Маслоўскі, Ларыса Побаль і івянчанін Ягор Дзядзейка.
Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт выбралі Аляксей Ламака з Пяршаяў і Ірына Купрыенка з Ракава.
Аліна Залатар з Івянецкай школы і тры выпускніцы гімназіі Ксенія Віршыч, Настасся Навіцкая і Вераніка Родзевіч сталі студэнтамі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Гімназістка Кацярына Навіцкая паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў.
Крысціна Вярбіцкая, што закончыла Пугачоўскую школу, цяпер вучыцца ў Беларускім інстытуце правазнаўства.
У Лізаветы Спосаб з СШ № 2 атрымалася паступіць у Мінскі фінансава-эканамічны каледж.
Хочацца павіншаваць усіх рабят. У іх жыцці пачаўся новы этап. Наперадзе чакаюць гады вучобы, будзе расці творчы і інтэлектуальны патэнцыял кожнага. Час пройдзе вельмі хутка, маладыя людзі стануць адукаванымі спецыялістамі і прафесіяналамі сваёй справы. Яны павінны ведаць, што іх заўсёды чакаюць на малой радзіме.
Далейшых вам поспехаў і ўдачы, выпускнікі-2017!
Анжэла РАДЫНА