Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Общество

У мэтах падрыхтоўкі арганізацый раёна да работы ў асенне-зімовы перыяд праведзена штабная трэніроўка па аператыўным ухіленні магчымых надзвычайных сітуацый у сістэмах цепла-, вода-, энерга- і газазабеспячэння. Арганізатарам такіх вучэнняў стаў райаддзел па надзвычайных сітуацыях.

Былі раздадзены практычныя і ўмоўныя заданні, з якімі адпаведныя службы павінны былі справіцца ў вызначаныя тэрміны. Адна з умоўных сітуацый, напрыклад, была наступнай: выпала вялікая норма снегу, моцныя маразы, што справакавала абрыў ліній сувязі і электраперадач. У выніку выйшла са строю трансфарматарная падстанцыя РЭС, парушылася электразабеспячэнне населеных пунктаў Пяршайскага і Валожынскага сельсаветаў. Былі і іншыя заданні, якія патрабавалі сумесных зладжаных дзеянняў некаторых службаў, выезду на месца здарэння. Зроблены вывады, што ў сітуацыйнага штаба высокая гатоўнасць у выпрацоўцы кіраўніцкіх рашэнняў, а ў адпаведных службаў цеснае ўзаемадзеянне і аператыўнасць.

 

    Валожынскі РКБА запускае ў вытворчасць новую калекцыю. Упершыню гэта будзе верхняе жаночае адзенне ў рознай каляровай гаме. У продажы з’явіліся таксама падшываныя коўдры ўласнай вытворчасці з сучаснай тканіны і падушкі, напоўненыя “файбертэкам”. Яны ўпакаваны ў прыгожыя і зручныя сумкі і стануць добрым падарункам на любую ўрачыстасць.

Раней бытавікі больш спецыялізаваліся на рабочым адзенні і мужчынскіх куртках. Цяпер жа, якраз да сезона, распрацавалі мадэлі жаночых уцепленых куртак. Для гэтага набылі адпаведную тканіну 11 колераў. Адначасова распрацавалі і модныя падлеткавыя курткі для дзяўчынак – бомберы. У мінулую пятніцу новыя мадэлі з’явіліся ў продажы ў фірменным магазіне, што знаходзіцца на першым паверсе Дома быту.

 

     На працягу верасня ў кінатэатры “Юнацтва” райцэнтра распачаліся кіналекторыі для вучняў школ горада. З тэматыкай дадзеных кіналекторыяў пазнаёмяцца таксама вучні Івянецкай СШ і ўсіх сельскіх школ.

Кіналекторый для вучняў пачатковых класаў называецца “Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання”, і для яго падабраны адпаведныя дакументальныя стужкі. Для вучняў сярэдніх класаў – “Асновы бяспекі на вадзе”, таксама падмацаваны праграмай дакументальных фільмаў. Старшакласнікі наведваюць лекторый “Дзеянні насельніцтва ў надзвычайных сітуацыях (пажар, грамадзянская абарона і г. д.)”. На кінасеансе дэманструюць не толькі дакументальнае кіно, але і ролікі, прадастаўленыя райаддзелам па надзвычайных сітуацыях.

 

     Мінская абласная арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа перадала ў раён 612 штук ёгуртаў “Актывія” па 130 грамаў кожны на суму 305 рублёў 64 капейкі.

Карысны прадукт атрымалі 28 ліцэістаў з ліку сірот і навучэнцаў, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, пяць сем’яў перасяленцаў з Украіны, 15 інвалідаў, дзеці з 16 мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў.

 

    9 верасня ў Жодзіне адбыўся чэмпіянат Мінскай вобласці па самба сярод вучняў 2000-2001 гадоў нараджэння.

Выхаванец нашай ДЮСШ Фёдар Міхеткін у вагавой катэгорыі 70 кілаграмаў заняў другое месца. Яго трэнер – Аляксей Садоўскі.

 

    На гарадскім стадыёне ў мікрараёне Сельгастэхнікі прайшоў дзіцячы футбольны турнір на кубак А. С. Латышава.

Першае месца заняла зборная Валожына 2005 года нараджэня, другое і трэцяе месцы – юныя футбалісты СШ № 2 і СШ № 1.

 

     11 верасня ў 6.56 у цэнтр аператыўнага кіравання РАНС паступіла павемленне пра пажар у райцэнтры па вуліцы Калініна.

На месца здарэння выехалі два аддзяленні ПАВЧ-1. Было ўстаноўлена, што з-пад даху жылога дома ідзе дым. Пажар ліквідавалі ў лічаныя хвіліны. У 7.10 на кухні быў выяўлены труп гаспадара. Пры далейшым аглядзе памяшканняў устаноўлена, што гарэнне адбывалася толькі ў спальным пакоі, дзе выгараў ложак. У нябожчыка ў крыві выяўлена 2,1 праміле алкаголю. Мужчына 1963 года нараджэння працаваў у жылкамунгасе, пражываў адзін, злоўжываў спіртным, курыў. Мяркуемая прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. Астатняе пакажуць праверкі.



Добавить комментарий