Парадак патрабуе сістэмнага падыходу…

Общество

     На мінулым тыдні па даручэнні старшыні райвыканкама супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, райінспецыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з рэдакцыяй раённай газеты выехалі ў рэйд па сельгаспрадпрыемствах Валожыншчыны. Аб’ектам агульнай увагі стала праверка выканання патрабаванняў па навядзенні парадку на тэрыторыях мехдвароў, рамонтных майстэрняў, жывёлагадоўчых комплексаў і малочнатаварных ферм гаспадарак. Па выніках праверак па лініі санітарнай службы складзены 3 адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненні да службовых асоб вытворчых участкаў «Пугачы» і «Доры» ТАА «Тарасава» і КСУП «Падбярэззе», а таксама выдадзены 10 рэкамендацый на тэрміновае ўхіленне выяўленых недахопаў. Яшчэ 3 рэкамендацыі з жорсткім патрбаваннем выправіць сітуацыю ў падведамных гаспадарках да 18 верасня атрымалі кіраўнікі КСУП «Пяршаі-2014», КСУП «Сівіца» і ААТ «Суднікаўскі.

 

Найперш рэйдавая група завітала на вытворчыя ўчасткі ТАА “Тарасава”, пачаўшы з ракаўскіх, а дакладней, выганіцкіх мясцін. Зазірнуўшы на мясцовы мехдвор, убачылі амаль запоўнены вадой адстойнік і некалькі “лішніх” дошак. Гэтыя недахопы і сталі падставай для рэкамендацыі іх ухіліць. Шмат часу і сродкаў на такую работу не спатрэбіцца.

Наступным пунктам прыпынку стаў жывёлагадоўчы комплекс “Паморшчына”. Пакуль хадзілі па дастаткова вялікай тэрыторыі сельгасаб’екта, даведаліся і пра надзённыя праблемы, і пра перспектывы дзейнасці. У прыватнасці, тут пакуль не хапае “домікаў”, каб размясціць у іх 193 цяляці. Але заказ на сотню штук ужо зроблены і, трэба спадзявацца, будзе выкананы ў бліжэйшым будучым. Затое склады ўжо запоўнены высакаякасным кормам, што дазваляе рабіць смелыя разлікі і, галоўнае, спраўляцца з намечанымі планамі. У лік бліжэйшых, праўда, варта было б унесці яшчэ адну задачу: завяршыць пракладку цвёрдага пакрыцця.

На аб’ектах цэнтральнай сядзібы вытворчага ўчастка “Пугачы”, куды рэйдавая група заехала ўслед, таксама выяўлены шэраг недахопаў. На мехдвары трэба заасфальтаваць тэрыторыю і такім чынам пазбавіцца   ад лужынаў. Ёсць і іншыя справы, якія трэба вырашаць неадкладна. На МТФ “Залессе” пры нядаўнім моцным ветры раскрыла дах надворнага туалета, не ўпарадкавана да канца там і месца складзіравання арганікі. Але найбольш пытанняў да гаспадарчай дзейнасці, якая вядзецца ля пабудоў, размешчаных у вёсцы Гіневічы. Не аднойчы ў санітарную службу паступалі скаргі ад мясцовага насельніцтва, што арганіка складзіруецца з парушэннямі патрабаванняў захавання мінімальнай адлегласці ад домаўладанняў. А вось адміністрацыя абяцанні выправіць сітуацыю выконваць не спяшаецца…

Малочнатаварная ферма “Дварэц” уваходзіць у склад падведамных аб’ектаў вытворчага ўчастка “Доры” ТАА “Тарасава”. Пры яе наведванні заўвага ад правяраючых службаў паступіла толькі адна: неабходна падкасіць участак ля выхаду з прагону для жывёлы. Усё астатняе не выклікала нараканняў.

А вось на яшчэ адным дорскім “уладанні” – жывёлагадоўчым комплексе “Сярэдняе Сяло” – карціна адваротная. Тэрыторыя і пад’язная дарога патрабуе тэрміновага абкошвання, рулоны саломы раскіданы абы-як, каля аднаго з падсобных памяшканняў – тоны металічнага ламачча… Не менш праблем і на мехдвары вытворчага ўчастка. Сама пляцоўка на момант візіту была ачышчана і прыбрана, аднак шок падсцерагаў у памяшканні майстэрні. З першых дзён эксплуатацыі аб’екта работнікі сутыкнуліся з вялікай непрыемнасцю – незапланаваным паступленнем у аглядныя ямы грунтовых водаў. Сёння разбуральная сіла лішняй вільгаці праявіла сябе на ўсю моц. Перакошаныя адмосткі, аслюзлыя сходы, сценкі, бетон якіх вось-вось рухне, бруд і разбурэнне ў бытавым памяшканні – усё гэта стала прадметам абгрунтаванага рашэння санітарнай службы распачаць у адносінах да ВУ “Доры” адміністрацыйны працэс, які, відавочна, абернецца істотнымі штрафнымі санкцыямі.

Заўважылі недахопы і на аб’ектах ААТ “Сакаўшчына-агра”. У прыватнасці, неабходна прывесці ў парадак знешні выгляд некаторых вытворчых будынкаў малочнатаварных комплексаў “Макараўка” і “Сакаўшчына”, у кароткі тэрмін вырашыць праблему маштабнага падтаплення каля ўваходу ў малочны блок (Макараўка), знішчыць расліннасць, якая “акупіравала” дахі некаторых гаспадарчых пабудоў (Сакаўшчына). Кіраўнік сельгаспрадпрыемства аператыўна зрэагаваў на рэкамендацыю абкасіць зямельны ўчастак вакол склада ў вёсцы Стайкі: работы былі завершаны ў той жа дзень. Хочацца спадзявацца, не зацягнуць тут і з выкананнем іншых прадпісанняў, якіх «назбіралася» дастаткова шмат.

…Напярэдадні супрацоўнікі санітарнай службы наведалі з аналагічнай праверкай адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Агра-Дубінское” і “Лоск”, а таксама КСУП “Падбярэззе”. Да першай названай гаспадаркі асаблівых прэтэнзій не ўзнікла, пра парадак тут дбаюць. Найбольшую праблему – абкошванне замацаваных тэрыторый – паспяхова вырашаюць і лоскія работнікі. А вось у адносінах да адказных асоб з Подберазі распачаты адміністрацыйны працэс. Адзін з прадстаўнікоў адміністрацыі гэтага сельгаспрадпрыемства аштрафаваны. Прадпрыемству вынесена патрабаванне ўпарадкаваць месца складзіравання металалому на мехдвары, ачысціць перапоўненыя смеццевыя кантэйнеры, вырашыць шэраг іншых задач, звязаных з утрыманнем тэрыторый жывёлагадоўчых сельгасаб’ектаў. У цэлым, з пачатку года спецыялісты РЦГіЭ склалі 76 пратаколаў на сельгасарганізацыі за непарадкі на зямлі, паводле якіх вінаватым неабходна было выплаціць штрафы.

 

 

ДАЛОЎ РЭТРАСТЫЛЬ!

Давялося работнікам рэдакцыі пабываць і яшчэ ў двух гаспадарках раёна: КСУП “Сугвазды-агра” і “ААТ “Адамова-агра”. Сказаць, што карціна ўразіла непрывабнасцю, нельга. Мехдвары, асабліва іх частка, што размяшчаецца бліжэй да ўваходу, былі падмецены, тэхніка не параскідана абы-як, трава каля агароджы скошана…

Але чым далей углыб, тым часцей вочы натыкаліся на непрыбраныя кучы сметніку, акуркі, пластыкавыя бутэлькі. Праблема не такая ўжо і невырашальная, з ёй справіцца можна і за гадзіну. А вось рамонт асфальтавага пакрыцця “пацягне” грошы! Ямы, выбоіны псуюць не толькі агульны выгляд. Яны і для тэхнікі небяспечныя.

Непрыемнае ўражанне засталося і пасля наведання бытавых памяшканняў для механізатараў. Вядома, сантэхніка ў рэтрастылі сёння ў трэндзе, але ў Адамове пайшлі далей гэтага моднага кірунку і прычапілі краны і лейку, якімі, па выглядзе, яшчэ ў вайну карысталіся. Ці функцыянуюць душавыя, сказаць складана. Хутчэй за ўсё – не: у паветры не адчувалася паху мыла, не было вільгаці, сцены “дыхалі” толькі мазутам і металам…

Тэрыторыі вакол малочнатаварных ферм у Няровах і Запур’і, што належаць ААТ “Адамова-агра”, былі падмецены, агароджы вакол іх пабелены. Уражанне аднак псавалі топкія ад лішкаў арганікі пляцоўкі каля кароўнікаў. Каб паляжаць у сухім месцы, рагулям даводзіцца за яго пазмагацца.

Неяк у складзе каманды валожынскіх камунальнікаў аўтару гэтых радкоў давялося пабываць у Баварыі. Маляўнічыя краявіды тады здзівілі экскурсантаў менш, чым фермерскія статкі: каровы пасвіліся такія чыстыя, быццам намаляваныя. Гід растлумачыла, што ў краіне строга сочаць за тым, каб жывёлу мылі з шампунем двойчы на дзень…

Змены да лепшага адбываюцца і ў нас, але жывёлагадоўля ўсё яшчэ застаецца цяжкай, працаёмкай справай. У КСУП “Сугвазды-агра” сумны рэтрастыль савецкіх часоў таксама дзе-нідзе дае аб сабе знаць. Пад’езды да кароўнікаў і ў Ласокіна, і ў Лесніках незаасфальтаваны. Мехдвор гаспадаркі дагледжаны, тэхніка пасля напружанага сезона “адпачывае”. А вось людзі, якія на ёй працуюць, адпачываць будуць дома. Бо ўтульнага кутка для іх у майстэрні няма…

Як бачым, праблем шмат. І каб паспець выправіць сітуацыю, усім без выключэння за справу навядзення парадку на зямлі трэба брацца без узаемных папрокаў і неадкладна.

Сяргей САДОЎСКІ, Алена ЗБІРЭНКА

Фота аўтараў і службаў, якія ўдзельнічалі ў рэйдзе

 

СА службовых запісАЎ

     Крысціна Васільеўна КОСІК, выконваючы абавязкі начальніка райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

    У мэтах ажыццяўлення кантролю за навядзеннем парадку на зямлі, паляпшэння санітарнага стану і добраўпарадкавання тэрыторый сельскагаспадарчых аб’ектаў Валожынскай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў перыяд з 11 па 12 верасня праведзены маніторынг сельскагаспадарчых арганізацый – КСУП «Пяршаі-2014», КУП «Сівіца», ААТ «Суднікаўскі» – па пытаннях захавання прыродаахоўнага заканадаўства. Парушэнні праявіліся ў адсутнасці месцаў часовага захоўвання адходаў вытворчасці (зношаныя шыны, адпрацаваныя змазачныя матэрыялы, металалом) на РММ КСУП «Пяршаі-2014», размешчаныя ў Пяршаях і Манькаўшчыне. На прылеглай тэрыторыі да РММ “Манькаўшчына” ўстаноўлены факт захламлення зямель дошкамі ад распілоўкі бярвёнаў, драўлянай тарай, паддонамі, металічнымі бочкамі з-пад сыравіны. Тэрыторыі, зарослыя пустазеллем, выяўлены на МТФ «Канюшаўшчына», «Зарэчча», «Бурбаўшчына» КСУП «Пяршаі-2104»; МТФ «Вуглы», «Далідавічы» і «Цэнтр» КУП «Сівіца».

    Таксама праведзены кантрольныя мерапрыемствы ў частцы выканання гаспадаркамі патрабаванняў адсутнасці сцёкаў рэшткаў дзейнасці жывёлагадоўчых ферм і комплексаў за межы месцаў іх часовага захоўвання (назапашвання). Выяўлены выпадкі несвоечасовага вывазу арганікі з МТФ «Канюшаўшчына» і «Зарэчча» КСУП «Пяршаі-2014»; МТФ «Сівіца», «Далідавічы» і «Цэнтр» КУП «Сівіца», а таксама МТФ «Суднікі» ААТ «Суднікаўскі».

    На момант правядзення маніторынгу ўсе сельскагаспадарчыя аб’екты мелі цэласную агароджу, выпадкаў несанкцыянаванага размяшчэння адходаў не выяўлена.

 

    З боку экалагічнай службы выдадзены рэкамендацыі на ўхіленне недахопаў з канкрэтным тэрмінам – да 18 верасня. Пры наступнай праверцы да тых, хто не правядзе патрэбныя работы, будуць прыменены меры адміністрацыйнага ўздзеяння.

 

 

 

 

СА службовых запісАЎ

    

Ірына Юр’еўна ГРЫКА, выконваючы абавязкі галоўнага санітарнага ўрача раёна:

ААТ «Агра-Вішнеўскае». На катлапункце ў Вішневе не выкананы рэкамендацыі аб ліквідацыі парушэнняў, выдадзеныя раней: не забяспечана ўтрыманне тэрыторыі ў чысціні, не праведзены пакос травы на прылеглай зямлі. Абапал кантэйнернай пляцоўкі не абкошана, расце пустазелле, не праводзіцца ачыстка па меры неабходнасці ёмістасці для збору цвёрдых адходаў.

МТФ “Букатова”. Тэрыторыя фермы агароджана, пляцоўка пры ўездзе мае цвёрдае пакрыццё. Аднак не пакошана пустазелле каля агароджы выгульнай пляцоўкі, надворны туалет не ўтрымліваецца ў чысціні. Не абсталявана ў адпаведнасці з патрабаваннямі сістэма водаадвядзення ад малочнага блока, сцёкавыя воды расцякаюцца па тэрыторыі. Не абсталявана кантэйнерная пляцоўка для збору цвёрдых адходаў. Па выніках планавай праверкі было падрыхтавана прадпісанне аб устараненні парушэнняў.

ААТ «Багданаўскае», МТФ “Вайганы”. Пад’язныя дарогі і пляцоўкі на тэрыторыі маюць цвёрдае пакрыццё. Праведзены пакос травы. Але адсутнічае смеццевы кантэйнер. Па выніках планавай праверкі было падрыхтавана прадпісанне аб устараненні парушэнняў.

МТФ “Селішча”. Санітарны стан тэрыторыі на момант агляду здавальняючы, абкошана.

ААТ «Агра-Дубінское», МТФ “Дубіна-Вяршыцкая”. Тэрыторыя агароджана па перыметры, абкошана, пляцоўкі заасфальтаваныя. Абсталявана месца для курэння.

МТФ “Брылькі”. Тэрыторыя агароджана, пад’язныя дарогі і прылеглая тэрыторыя абкошаны.

Тэрыторыя сталовай у в. Дубіна ўтрымліваецца належным чынам, пры ўваходзе маецца прыстасаванне для ачысткі абутку, смеццевая урна.

КСУП «Сакаўшчына-агра». Аўтатранспарт для перавозкі ежы для механізатараў на палі не ўтрымліваўся ў чысціні, не прыняты меры па прадухіленні забруджвання харчовай прадукцыі. Частка хлебабулачных вырабаў захоўвалася ў кардоннай скрынцы, раздатчыца працавала без галаўнога ўбору.

На МТФ “Макараўка” тэрыторыя не ўтрымлівалася ў чысціні: адстойнік перапоўнены, сцёкавыя воды расцякаюцца па тэрыторыі каля малочнага блока; каля гноесховішча не пакошана, несвоечасова праводзіцца ўборка падлогі ў калідоры малочнага блока.

На МТК “Сакаўшчына” несвоечасова праводзіцца ўборка памяшкання даільнай залы. У невыкарыстоўваемых будынках выяўлены звалкі смецця, не арганізавана работа па ачыстцы даху жывёлагадоўчых памяшканняў ад пустазельнай расліннасці.

    ВУ «Пугачы» ТАА «Тарасава». На МТФ “Залессе” тэрыторыя агароджана і выкашана. Пляцоўкі маюць цвёрдае пакрыццё. Усталяваны смеццевы кантэйнер, заключаны дагавор на вываз смецця. Але не забяспечана правядзенне рамонту і ўтрыманне ў чысціні надворнага туалета; тэрыторыя не цалкам ачышчана ад гною.

Не арганізавана своечасовая ачыстка гноесховішча і вываз гною з тэрыторыі МТФ “Пугачы”. Санітарны стан тэрыторыі МТФ “Дварэц” на момант агляду здавальняючы, пляцоўка каля малочнага блока мае цвёрдае пакрыццё, ачышчана, устаноўлены смеццевы кантэйнер, заключаны дагавор на вываз смецця. Тэрыторыя агароджана. Не абкошана тэрыторыя прагону статка.

ВУ «Ракаў» ТАА «Тарасава», МТК в. Паморшчына. Пад’язныя дарогі і тэрыторыя абкошаны. Абсталявана кантэйнерная пляцоўка, устаноўлены смеццевыя металічныя кантэйнеры, заключаны дагавор на вываз цвёрдых адходаў. Санітарна-бытавыя памяшканні ўтрымліваюцца здавальняюча. Выяўлены парушэнні: тэрыторыя МТК не цалкам добраўпарадкавана, цвёрдым пакрыццём тэрыторыя ахоплена часткова.

парадак-патрабуе

парадак-патрабуе2

парадак-патрабуе3

парадак-патрабуе4

парадак-патрабуе5

парадак-патрабуе6

парадак-патрабуе7



Добавить комментарий