Тэлефон міліцыі – 102

42511_image

НАШТО ШУКАЦЬ АБ’ЕКТ ДАЛЁКА…

Судзімы жыхар Валожына 1972 года нараджэння на працягу месяца ўчыніў два крадзяжы і быў, як кажуць, злоўлены за руку.

Спачатку ў РАУС звярнулася пажылая жанчына, якая паскардзілася, што ў яе з дому зніклі грошы ў суме 1950 рублёў. На месца здарэння выехала следчая група і ўстанавіла, што злодзеям з’яўляецца сын пацярпелай. Пенсіянерка, відавочна, такога павароту падзей не чакала і забрала напісаную раней заяву. Аднак пракуратура ўсё ж узбудзіла крымінальную справу па факце крадзяжу.

Не прайшло і тыдня, як у дзяжурную часць паступіла паведамленне ад другога сына пацярпелай жанчыны аб тым, што ў яго з двара прапаў бензагенератар. Сляды пацвердзілі: злачынства супраць маёмасці брата ўчыніў той жа мужчына, які абакраў і маці.

 

ДАЛІКАТЭСНАЕ МЯСА

У лясным масіве непадалёку вёскі Лінкі работнікамі лясгаса была заўважана туша дзіка-аднагодка з прыкметамі агнястрэльнага ранення. Па факце браканьерства ўзбуджана крымінальная справа. Спецыялісты ацанілі ўрон, нанесены прыродзе, у 120 базавых велічынь, а гэта 2760 рублёў.

 

У АДЗІН ДЗЕНЬ

НА АДНЫМ МЕСЦЫ

10 верасня на аўтадарозе Мінск-Гродна ў гродзенскім напрамку адбыліся два ДТЗ: адно на 42-м кіламетры, другое – на 50-м.

У першым выпадку прычынай аварыі стала тое, што вадзіцель 1983 года нараджэння на некаторы час увагу пераключыў на нешта іншае, перастаў сачыць за дарогай. Як вынік – з’ехаў у кювет па ходзе руху і перакуліўся. Са шматлікімі траўмамі ён дастаўлены ў бальніцу.

Другое здарэнне скончылася больш трагічна: загінуў пешаход 1982 года нараджэння. У цёмны час сутак ён пераходзіў шашу па абазначаным пераходзе. Аднак асвятленне на тым участку дарогі адсутнічала, прычапіць святлоадбівальныя элементы на вопратку мужчына не паклапаціўся. Вадзіцель, які наехаў на пешахода, таксама не вызначаўся законапаслухмянасцю: не так даўно ён быў пазбаўлены вадзіцельскіх правоў.

 

КАПАЕМ БУЛЬБУ,

А ВЫКОПВАЕМ…

За кароткі адрэзак часу ў раён чатыры разы выклікаліся сапёры піратэхнічнай групы. Спачатку артылерыйскі 152-міліметровы снарад з выбуховым устройствам быў выяўлены ў вёсцы Поці. Потым такая ж знаходка трапілася мясцоваму жыхару ў Адамове. У ваколіцах Яцкава боепрыпасы часоў Вялікай Айчыннай вайны выкопваліся падчас земляных работ двойчы. Усе яны ўяўлялі небяспеку і маглі нарабіць бяды.

 

МАТРАЦ НА РАСПАЛКУ

Неспакойным выдаўся верасень у Дзямідавічах: тут зафіксавана некалькі крадзяжоў асабістай маёмасці. Сярод іх – адзін буйны, урон ад якога пацярпелым ацэнены ў суму больш чым 5200 рублёў.

Выклікаліся супрацоўнікі міліцыі сюды і для таго, каб утаймаваць хатняга дэбашыра. Будучы ў стане алкагольнага ап’янення, мужчына стаў пагражаць жонцы забойствам. А ў доказ таго, што ён слоў на вецер не кідае, чалавек падпаліў прама ў спальным пакоі матрац. Жонку запёр “грэцца” каля кастра, а сам пакінуў дом. За такія антыграмадскія і антыгуманныя паводзіны мужчыну цяпер давядзецца адказаць па ўсёй строгасці закона.

 

НАБЕГ НА ДАЧНІКАЎ

Дачныя домікі асабліва прывабліваюць нячыстых на руку грамадзян. Карыстаючыся адсутнасцю, а часта і неабачлівасцю гаспадароў, зладзеі крадуць усё, што толькі ім пад сілу.

У Порычах са двара дачніцы невядомыя асобы выкацілі гужавую павозку, у Забрэззі ачысцілі ў пацярпелага памяшканне, дзе ляжалі закупленыя будаўнічыя матэрыялы. А ў Жураўцах хтосьці не размінуўся з залатымі ўпрыгажэннямі, якія гараджанін пакінуў на падаконніку пры адчыненым акне.

Двое аматараў да дачнай маёмасці ўжо затрыманы і знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання пры РАУС. Гэтыя трыццацігадовыя мужчыны з Гомельшчыны, аказаўшыся ў Гіравічах, паквапіліся на чужы зварачны апарат і пілу-балгарку.

 

ХМЕЛЬ ЦЯГНЕ Ў ДАРОГУ

У Судніках затрыманы двое мужчын, якія ў стане алкагольнага ап’янення кіравалі транспартнымі сродкамі. І адзін, і другі ўжо былі пакараны за такія паводзіны і пазбаўлены вадзіцельскіх правоў. Аўтамабіль “ГАЗ” і трактар “Беларус” могуць быць канфіскаваны, нягледзячы на тое, што не з’яўляюцца ўласнасцю правапарушальнікаў.

Матэрыял па міліцэйскіх зводках

падрыхтавала Алена ЗБІРЭНКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars