У Валожынскім раёне прайшоў другі этап акцыі “У цэнтры ўвагі – дзеці!”. Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях наведалі ўстановы адукацыі, каб правесці ўрокі бяспекі і адпрацаваць планы эвакуацыі.
Дзецям распавялі аб працы ратавальнікаў-пажарных, нагадалі аб правілах бяспечных паводзін дома, на вуліцы і ў школе. Вучні разгадвалі загадкі, адказвалі на пытанні віктарыны. Асаблівую цікавасць выклікалі мультфільмы з серыі “Чароўная кніга МНС”, якія ім былі прадэманстраваны. Самыя актыўныя хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі падарункі, што будуць выдатным напамінам пра неабходнасць прытрымлівацца правіл пажарнай бяспекі. Хочацца адзначыць: дзеці з задавальненнем выконвалі заданні, а таксама задавалі свае пытанні. Яны дзяліліся рознымі сітуацыямі, якія адбыліся з імі летам, і дружна абмяркоўвалі, чаму так адбылося, як можна было гэтага пазбегнуць. Урокі бяспекі прайшлі цікава і пазнавальна. Хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі ўспомніць усё, што ведалі, аб правілах бяспекі і атрымалі шмат новай інфармацыі.
Прайшлі ў навучальных установах і бацькоўскія сходы, дзе ратавальнікі звярнулі ўвагу бацькоў на неабходнасць размаўляць са сваімі дзецьмі аб правілах бяспекі, тлумачыць ім, якая небяспека можа чакаць, калі яны не будуць іх выконваць.
Алеся РАДВІЛОВІЧ