Парушэнне правіл пажарнай бяспекі

Общество

Штогод з надыходам асенне-зімовага перыяду істотна ўзрастае колькасць пажараў, якія адбываюцца па прычыне парушэння правіл пажарнай бяспекі з-за пячнога ацяплення. Праблема стаіць вельмі востра, бо нярэдка на такіх пажарах гінуць або атрымліваюць траўмы людзі.

Для таго, каб дамашні ачаг не ператварыўся ў папялішча, перад топачнымі дзверцамі павінен быць прыбіты да падлогі металічны ліст памерам не менш за 50х70 см. Рэкамендуецца паліць печ 2-3 разы на дзень і спыняць гэты працэс не менш чым за 2 гадзіны да адыходу да сну. Нельга паліць печ з адчыненымі дзверцамі, ужываць для распальвання гаручыя вадкасці, а таксама выкарыстоўваць дровы, даўжыня якіх перавышае памеры топкі. Забараняецца таксама сушыць і складзіраваць непасрэдна на печах і на адлегласці менш за 1,25 м ад топачных адтулін паліва, адзенне і іншыя гаручыя рэчывы і матэрыялы. Нельга пакідаць печ без нагляду. Не дапускайце таго, каб дзеці самастойна яе палілі. Не спяшайцеся закрываць засланку. Памятайце: ад чаднага газу можна атрымаць смяротнае атручэнне і не прачнуцца.

Калі вашы бацькі пражываюць у прыватным жылым сектары, паклапаціцеся пра іх бяспеку: дапамажыце прывесці ў парадак печ, электраправодку, усталюйце ў жылых пакоях аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Не праходзьце міма пажылых адзінокіх суседзяў, акажыце ім дапамогу.

У зводках ратавальнікаў нямала паведамленняў аб выбухах ацяпляльных катлоў. Таму варта памятаць пра меры засцярогі. Нельга дапусціць, каб якая-небудзь з труб сістэмы замерзла. У гэтым выпадку ціск у сістэме ацяплення можа падняцца да такой ступені, што адбудзецца выбух. Часта здараюцца выбухі, калі ў сістэме адсутнічае вада.

Беражыце сябе і сваіх блізкіх!



Добавить комментарий