Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Общество

У мінулую нядзелю прафесіянальнае свята адзначылі работнікі лесу. Дэлегацыя ў складзе 15 чалавек на чале з дырэктарам лясгаса Уладзімірам Валер’евічам Грыневічам прысутнічала на сходзе з гэтай нагоды ў вытворчым лесагаспадарчым аб’яднанні ў Мінску.

На ўрачыстасці Ганаровая грамата Міністэрства лясной гаспадаркі рэпублікі была ўручана вадзіцелю Сяргею Мікалаевічу Ігнатовічу, падзяка Міністэрства – аператару харвестара Ігару Аляксандравічу Іоду. Граматай вытворчага аб’яднання ўзнагароджаны памочнік ляснічага Румскага лясніцтва Артур Зіяутдзінавіч Нуры, падзякай – памочнік ляснічага Вішнеўскага лясніцтва Леанід Антонавіч Багуцкі. Вышэйшы першы клас прысвоены ляснічым Івянецкага і Пяршайскага лясніцтваў Андрэю Уладзіміравічу Дубаўцу і Івану Пятровічу Лебядзевічу, другі клас – ляснічаму Румскага лясніцтва Мікалаю Юр’евічу Рудовічу. Ганаровая грамата Мінскага аблвыканкама была ўручана аператару харвестара Анатолію Феліксавічу Найдзёну. Нагрудныя знакі “20 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове” ўручаны лесніку Вішнеўскага лясніцтва Івану Мікалаевічу Маленкавічу, “10 гадоў бездакорнай службы” – інжынеру-лесапатолагу Людміле Аляксандраўне Чэрнік, леснікам Каменскага і Івянецкага лясніцтваў Генрыху Альфонсавічу Калоску і Валерыю Францавічу Сержану. 55 работнікаў лясгаса адзначаны за актыўны ўдзел у распрацоўцы ветравальна-бураломных лесасек у Смалявіцкім лясгасе.

 

     Ні для каго не сакрэт, што наш Валожын застаўся ледзь не адзіным раённым цэнтрам у Беларусі, дзе адсутнічае гарачая вада. Упраўленне капітальнага будаўніцтва райвыканкама заказала праект на мадэрнізацыю гарачага водазабеспячэння горада.

Прадстаўнікі жылкамунгаса сумесна з праекціроўшчыкамі за жнівень-верасень абследавалі ўвесь жыллёвы фонд райцэнтра і адміністрацыйныя будынкі. Гарачае водазабеспячэнне плануецца здзяйсняць з дапамогай абсталявання цеплаабменнікаў. Праектаванне здзяйсняецца па трох этапах. Пачалі з абследавання панэльных шматпавярховак, якіх налічваецца 12 па вуліцах Гагарына, Міру і Партызанскай. Другі этап – абследаванне цаглянага жылога фонду, трэці – адміністрацыйных будынкаў, дзе ёсць цэнтральнае ацяпленне (школы, бальніца, установы культуры і гэтак далей). Да канца бягучага года праектна-каштарысная дакументацыя павінна прайсці экспертызу.

 

З пачатку года 69 тысяч рублёў асвоена гаспадарчым спосабам на рамонт аб’ектаў культуры раёна. Асабліва значныя работы былі праведзены падчас летніх канікулаў у дзіцячых школах мастацтваў.

Пераклеены шпалеры, пакладзены лінолеум ва ўсіх класах-кабінетах Валожынскай ДШМ. У Дорскай школе мастацтваў праведзены рамонт ацяпляльнай сістэмы, прыгожы абноўлены выгляд набыла танцавальная зала. А вакол будынка ўстаноўлена сучасная агароджа. Паравое ацяпленне ўдасканалена ў Ракаўскім цэнтры фальклору, нарошчаны батарэі, і хочацца думаць, што цяпер і самім культработнікам, і наведвальнікам тут будзе камфортна. Бягучы рамонт даху праведзены ў Івянецкай школе мастацтваў, а таксама адрамантаваны фундамент і зроблена адмостка. Новая агароджа ўстаноўлена вакол Івянецкага музея традыцыйнай культуры, у гарпасялковай бібліятэцы зроблена адмостка і ўстаноўлены балконныя рамы. Сучаснай агароджай цяпер абнесены Бабровіцкі культурна-спартыўны цэнтр. Усе работы выконвалі рабочыя гаспадарчай групы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама пад кіраўніцтвам Паўла Пульскага.

 

     У суботу 16 верасня ў Верхнім горадзе, ля сталічнай Ратушы праходзіў Дзень польскай культуры. У канцэртнай праграме прымалі ўдзел і прадстаўнікі Івянецкага аддзела грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”.

Шчырымі апладысментамі мінчане і госці горада віталі івянецкіх салістаў Ірыну Урбан і Марыну Дзярнейка, ансамбль польскай песні “Івянчанка”. За высокі прафесіяналізм і актыўны ўдзел у святкаванні Дня польскай культуры нашым землякам уручана падзяка Мінскага гарвыканкама і абласнога аддзела ГА “Саюз палякаў на Беларусі”.

 

Раённы Цэнтр культуры актывізаваў работу з дзецьмі і падлеткамі ў вольны час.

Па суботах з 17 да 20 гадзін арганізуюцца танцавальна-забаўляльныя праграмы, якія набываюць усё большую папулярнасць у школьнікаў. Апошняя праграма называлася “Угадай мелодыю”. Падлеткі з карысцю правялі суботні вечар і атрымалі прызы за добрае веданне сучасных мелодый. Праграмы вечароў распрацоўваюць маладыя спецялісты РЦК.

 

      Прайшло першынство раёна па міні-футболе, у якім прынялі ўдзел 5 каманд.

Першае месца занялі аматары скуранога мяча з Валожына, другое – каманда Івянца і трэцяе – воінскай часці № 30695. Галоўны суддзя спаборніцтваў – Дзмітрый Булакевіч. Прызёры ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і грашовымі прызамі.

 



Добавить комментарий