Оперативная служба милиции сообщает

Закон и порядок

НА САМАГОН – “СУХІ” ЗАКОН

    У поле зроку рэйдавай групы супрацоўнікаў міліцыі, што працавалі ў вёсцы Подберазь, трапілі ажно 2 самагонныя апараты, у якіх было 800 і 900 літраў брагі. Далейшы іх лёс вядомы: апараты знішчылі, брагу вылілі на зямлю.

    Падобны самаробны “міні-завод” міліцыянеры знайшлі і ў вёсцы Аўгустова, у дачным доме пенсіянера з райцэнтра. “Дадаткам” сталі 40 літраў самагону, якія мужчына схаваў непадалёк.

    Гарачы след прывёў праваахоўнікаў і да пенсіянеркі з Альшанкі, якая прадала бутэльку самагонкі жыхару Відэйкаўшчыны. У доме жанчыны “знайшліся” яшчэ самагонны апарат, 25 літраў брагі і 4 літры гарэлкі ўласнай вытворчасці. Па ўсіх выпадках складзены адміністрацыйныя пратаколы.

ЗАМАХНУЎСЯ НА ЧУЖОЕ

    Пенсіянер з Валожына звярнуўся да супрацоўнікаў РАУС з заявай: мужчына паскардзіўся на невядомага злодзея, які ўзламаў замок на дзвярах і пранік у дом. Нажывай ліхадзея сталі 320 тысяч рублёў і два заручальныя пярсцёнкі. Агульная сума страт, нанесеных пенсіянеру, склала звыш 1 мільёна 925 тысяч рублёў.

    А вось справа, узбуджаная па факту крадзяжу маёмасці ў адным з дамоў вёскі Гардынава, закрыта. Як выявілася, на чужое дабро замахнуўся жыхар гэтай жа вёскі. Пра свой учынак ён цяпер разважае ў ізалятары часовага ўтрымання.

ВІНАВАТАГА ЗНАЙШЛІ

    Па тэлефоннаму званку жыхаркі Івянца аб незаконным пранікненні ў яе дом міліцыянеры неадкладна выехалі на месца здарэння. Яны адразу заўважылі, што злодзей дзейнічаў акуратна, замок не ламаў, а падабраў да яго ключ. У выніку няпрошанага “наведвання” гаспадыня пазбавілася мабільнага тэлефона, кашалька з 25 тысячамі рублёў і 200 долараў. Вінаватага доўга шукаць не прыйшлося: аказалася, што абакраў дом івянчанкі раней неаднаразова судзімы ўраджэнец Мінска, які цяпер пражывае ў Баравікоўшчыне.

НАПАТКАЛА НЯЎДАЧА

    Няўдача ў выглядзе злодзея напаткала жыхара вёскі Бакшты і мінчаніна, які мае дачу ў садовым таварыстве “Вясна”, што пад Кіяўцом. У першым выпадку невядомы ліхадзей пранік у гаспадарчую пабудову бакштанца, вынес адтуль самаробныя дрэваапрацоўчы і тачыльны станкі, 4 пілы, 2 сякеры і іншую маёмасць. Мінчанін таксама пасля нечаканай “рэвізіі” недалічыўся дрэваапрацоўчага станка і зварачнага апарата на суму 1 мільён 200 тысяч рублёў.

БУТЭЛЬКА З НАРКОТЫКАМ

    У РАУС паступіла інфармацыя пра тое, што адзін з жыхароў Паморшчыны захоўвае дома наркатычныя рэчывы. Праверка пацвердзіла праўдзівасць гэтых звестак: у літровай пластыкавай бутэльцы знаходзіўся экстракцыйны опіум.

СМЯРОТНАЯ АВАРЫЯ

    На 66 кіламетры шашы Мінск-Гродна адбылося яшчэ адно трагічнае дарожна-транспартнае здарэнне. Вадзіцель іншамаркі падчас абгону выехаў за раздзяляльную паласу і ўрэзаўся ў мікрааўтобус, які ехаў насустрач. Пацярпелі пасажыры абодвух аўтамабіляў. Адзін памёр на месцы, астатнія шпіталізаваны ў цэнтральную раённую бальніцу.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтаваў

Сяргей САДОЎСКІ.



Добавить комментарий