І мы вяртаемся ў вёску, дзе б мы ні былі…

Официально

     На мінулым тыдні адбылася прэм’ера кліпа “Вёска” вядомага беларускага музыкальнага ансамбля “Дразды”, дзеянне якога разгортваецца на Валожыншчыне. Лідар гурта – наш зямляк Віталь Карпанаў – падзяліўся сваімі эмоцыямі наконт працэсу яго здымак.

Нагадаем, што гэта ўжо не першая работа “Драздоў” у рэгіёне. Месцам працы над рускамоўным кліпам “Увезу в деревню”, які выйшаў два гады таму, таксама стаў Валожынскі раён.

Здымалі “Вёску” ў Сівіцы – менавіта тут жывуць бацькі Віталя, якіх ён перыядычна наведвае. Падчас стварэння кліпа карысталіся не зусім звычайнымі метадамі: гледачы змогуць убачыць ваколіцы Валожыншчыны з вышыні птушынага палёту. Спецыяльна для гэтых мэтаў выкарыстоўваўся квадракоптар – беспілотны вераталёт з дыстанцыйным кіраваннем. З яго дапамогай камера палятала над вёскай, мясцовай школай і, канешне ж, над родным дваром спевака. Аўтары імкнуліся паказаць усе завулачкі Сівіцы, не абмінулі ўвагай і навакольныя палі. Паколькі праца над ролікам вялася ў самы разгар жніва, даволі часта сустракаюцца кадры з камбайнамі. Акрамя таго, у відэа мы не раз бачым матацыклы, якія, дарэчы, з’яўляюцца ўласнасцю самаго Карпанава. Некаторыя эпізоды былі зняты на возеры каля вёскі Пагарэлка.

У кліпе задзейнічаны не толькі члены ансамбля “Дразды”, але і дзеці: мясцовыя, а таксама тыя, хто ў гэты час завітаў у госці да сваіх бабуль і дзядуляў. Хлопчыкам і дзяўчынкам ідэя “засвяціцца” ў роліку вельмі спадабалася: яны з ахвотай выконвалі ўсе даручэнні дарослых. Асаблівым удзельнікам кліпа стаў чатырохгадовы сын Віталя. Трэба адзначыць, што дзеці адыгрываюць вельмі важную ролю ў сюжэце. Сэнс “Вёскі” заключаецца ў наступным: чым больш дарослым становіцца чалавек, тым больш яго цягне ў родныя мясціны. “Лёс можа закінуць нас куды заўгодна, але ў выніку мы ўсё роўна вяртаемся ў вёску, да бацькоў”, – лічыць Віталь.

Мясцовыя жыхары добра паставіліся да працэсу здымак, стараліся дапамагаць, чым маглі. З вялікай удзячнасцю гурт успамінае імя сівіцкага жыхара Мацвея, які пазычыў ансамблю свайго каня. Праца праходзіла даволі лёгка і, самае галоўнае, весела. Аднак не абышлося і без кур’ёзных выпадкаў. Наш зямляк са смехам успамінае момант, калі падчас развароту на возе пасярод вузкай вуліцы ледзь не знеслі плот. “Гэта ўсё таму, што я даўно не ездзіў на кані”.

«Дразды» вельмі задаволены вынікам сваёй працы. Па-хатняму ўтульнымі атрымаліся сцэны каля кастра, на якім гурт у поўным саставе разам з дзецьмі смажыць сала. Усё гэта акунае ў непаўторную атмасферу беларускай вёскі. Кліп прасякнуты цеплынёй, пяшчотай, дабрынёй і душэўнасцю. Зрэшты, як і большасць творчых работ беларускага гурта “Дразды”.

і-мы-вяртаемся

і-мы-вяртаемся2

Марта СЕМЯНОВІЧ



Добавить комментарий