Вобразы ў этнастылі

Общество

Калекцыя ўбораў з ільну, створаная кіраўнікамі і ўдзельніцамі гуртка “Чарадзейка” (зараз – заняткі па інтарэсах) Валожынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, прымала ўдзел у выставах на розных узроўнях. Не аднойчы станавілася ўпрыгожаннем раённых, абласных і рэспубліканскіх свят, фестываляў, конкурсаў.

Над стварэннем цэлага шэрагу твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пачынала працаваць Валянціна Уладзіміраўна Галоўчыц, пазней да яе далучылася Вольга Вікенцьеўна Жылевіч. Сёння менавіта яна (майстар вытворчага навучання) – кіраўнік крэатыўнай творчай майстэрні. Першыя ўзоры з’явіліся на свет яшчэ ў 2011 годзе, калі калектыў быў запрошаны да ўдзелу ў абласной выставе.

Ідэя працаваць з ільном узнікла адразу – спецыялісты кіраваліся тым, што менавіта гэту тканіну можна спалучыць з іншымі відамі рукадзелля. Складаны матэрыял, шыць з якога няпроста, дае прастору фантазіі. Да таго ж адразу было прынята рашэнне ісці этнічным кірункам. Вышыўка, карункі, кутасы – усё добра пасуе льняным сукенкам, касцюмам, спадніцам, блузкам. Дзяўчаты любяць выкарыстоўваць стужкі ў розных варыянтах (штучныя кветкі, аплікацыі, вышыўка).

Быў момант, калі майстрыхі са сваімі гадаванкамі зрабілі спробу “пасябраваць” з шоўкам. Але пазней вырашылі зноў вярнуцца да лёну. Тэхніка яго апрацоўкі з вопытам стала больш складанай. Пошук ідэй наконт аздаблення ажыццяўляе ўся каманда. Каб на свет з’явілася штосьці арыгінальнае, даводзіцца вывучаць інтэрнэт, модныя часопісы, літаратуру па гісторыі моды. Дзяўчынкі-навучэнкі, што падключыліся да стварэння рукатворнай прыгажосці, ацанілі вынік сваёй работы, калі ў якасці мадэляў выйшлі на першае дэфіле, пастаноўку якога памагла ажыццявіць педагог-арганізатар Данута Іванаўна Аляксандрава. Канчатковае стварэнне вобразаў (макіяж, прычоска) узяла на сябе Валянціна Валянцінаўна Рафаловіч. І зараз Вольга Вікенцьеўна часта звяртаецца да іх за парадамі, калі ідзе падрыхтоўка да новага выхаду.

У 2012 годзе калекцыя “Заранка” ўпершыню атрымала дыплом Упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. Ацанілі работу валожынскіх мастачак і на абласным фестывалі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Беларускі вянок” (яна была прадстаўлена падчас конкурсу “Планета мод”, дзе атрымала дыплом II ступені). Выніковым аказаўся ўдзел у мінскім настаўніцкім форуме ў 2015 годзе (дыплом II ступені). Калекцыя выстаўлялася на Кастрычніцкай плошчы ля Палаца Рэспублікі. Падчас выставы жыхары сталіцы гатовы былі раскупіць усю экспазіцыю, настолькі прыгожым і практычным падалося ім эксклюзіўнае адзенне.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий