Дзень бібліятэк

Общество

Штогод 15 верасня ўсе бібліятэкары Беларусі адзначаюць прафесійнае свята. Дата абрана не выпадкова: гэта дзень заснавання галоўнага кнігасховішча краіны.

З такой нагоды ў Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшло святочнае мерапрыемства.

Увогуле 2017 год  атрымліваецца багатым на юбілеі. На ўрачыстасці ўзгадалі пра многія важныя для Беларусі гадавіны. Роўна 500 гадоў таму Францыск Скарына выдаў “Псалтыр” на беларускай мове. Ганна Афоніна, загадчыца Дорскай бібліятэкі, зрабіла экскурс у гісторыю кнігадрукавання, агляд літаратуры для самых маленькіх – Алена Трасцянка, загадчыца Валожынскай дзіцячай бібліятэкі. Была арганізавана выстава “З кнігай – праз стагоддзі”, прысвечаная першадрукару. Не забыліся пра 135-гадовы юбілей Янкі Купалы і Якуба Коласа: прагучала песня “Спадчына”, якую выканала Вера Лявіцкая.

Сяргей Букштыновіч і Крысціна Тышкевіч (на фота) сыгралі фарс-вадэвіль “Залёты” па матывах Дуніна-Марцінкевіча, тым самым яшчэ больш узнялі настрой прысутных. Вольга Дзедуль кранальна прачытала ўрывак з кнігі Святланы Алексіевіч “У вайны не жаночы твар”.

Напрыканцы супрацоўнікі бібліятэкі ўзнагародзілі карыстальнікаў у намінацыях “Самы шматгранны чытач”, “Самы адданы чытач”, “Самы актыўны чытач”, “Чытаем усёй сям’ей”, падарылі ім кнігі.

Настасся ЛЯВІНСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий